Дэпутаты Еўрапарламенту 3 красавіка прынялі рэзалюцыю «Аб непасрэднай рызыцы далейшых рэпрэсіяў з боку рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі – пагрозах ад Следчага камітэту». З просьбай прыняцця такой пастановы выступіў Павел Латушка, паведамілі «Белсату» ў прэс-службе палітыка.
Прыняцце дакументу ініцыяваў еўрадэпутат Міхал Кабоска, намеснік старшыні дэлегацыі Еўрапарламенту ў сувязях з Беларуссю, пасля звароту Паўла Латушкі, намесніка кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінету і старшыні Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Беларускі палітык прасіў адрэагаваць на трансмежныя злачынствы рэжыму Лукашэнкі ў сувязі з палітычным пераследам беларусаў, якія жывуць за мяжой і ўдзельнічаюць у легальных маніфестацыях на тэрыторыі краінаў Еўразвязу.
Латушка адзначыў, што падчас маршу ў Варшаве 23 сакавіка і ў наступныя дні да яго звярнуліся беларусы, якія папрасілі звярнуць увагу еўрапейскіх палітыкаў на крымінальныя справы, завочныя прысуды, шантаж, пагрозы, пераслед родных і блізкіх у Беларусі, канфіскацыю маёмасці ў тых, хто жыве за межамі Беларусі.
Што ў рэзалюцыі?
У рэзалюцыі Еўрапарламент называе пераслед грамадзянаў Беларусі за іхную мірную дэмакратычную дзейнасць за мяжой «наўпроставым парушэннем тэрытарыяльнага суверэнітэту дзяржаваў – чальцоў ЕЗ». Еўрапарламент «заклікае да агульнаеўрапейскага прававога падтрымання і абароны беларусаў у выгнанні», у тым ліку тых, хто не мае магчымасці абнавіць дакументы, якія сведчаць асобу, і зазнае экстэрытарыяльны пераслед.
Еўрапарламент таксама заклікаў Міжнародны крымінальны суд «паскорыць разгляд злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі». Апроч таго, еўрадэпутаты прапанавалі ўвесці дадатковыя санкцыі супраць службовых асобаў, адказных за транснацыянальныя рэпрэсіі.
Акрамя таго, Еўрапейскі парламент заявіў пра неабходнасць узмацніць палітычнае, фінансавае і тэхнічнае падтрыманне незалежных медыяў, праваабаронцаў і грамадзянскіх ініцыятываў.
,,«Гэта пасланне дыктатару: злачынствы супраць беларусаў за мяжой не застануцца беспакаранымі. Неабходна ўзмацняць ціск, пашыраць санкцыі і дамагацца канкрэтных дзеянняў, каб спыніць тэрор супраць беларусаў як унутры Беларусі, так і за яе межамі», – заявіў Латушка.
Даўгія рукі беларускіх сілавікоў
Следчы камітэт 21 сакавіка адсправаздачыўся, што працягвае расследаванне крымінальнай справы, заведзенай пасля студзеньскіх акцыяў беларускіх дыяспараў з нагоды прэзідэнцкіх «выбараў». СК чамусьці называе гэтыя пратэсты антыбеларускімі, хаця ўдзельнікі выступалі не супраць Беларусі, а супраць Аляксандра Лукашэнкі і той падзеі, якую ўлады назвалі выбарамі прэзідэнта. СК сцвярджае, што ў гэтай справе 400 падазраваных.
«У месцах рэгістрацыі і на абʼектах рэальнай уласнасці дэананімізаванага экстрэмісцкага актыву праведзеныя ператрусы. Выяўляецца маёмасць і нерухомасць, на якія накладаецца арышт для забеспячэння пакрыцця нанесенай дзяржаве шкоды», – заявілі ў камітэце.
СК таксама паабяцаў пакараць удзельнікаў акцыяў у гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Пазней прапагандысты заявілі, што сілавікі нібыта ідэнтыфікавалі 260 удзельнікаў падзеяў з нагоды Дня Волі за мяжою.
Якуб Хруст belsat.eu