навіны

Дапамог затрымаць Верамейчыка і пайшоў на павышэнне? У МЗС Беларусі новы прэс-сакратар

Узнагароджанне генеральнага консула Беларусі ў Хашыміне Руслана Варанкова памятным знакам гораду за значны ўклад ва ўмацаванне сяброўскіх і партнёрскіх стасункаў. 12 сакавіка 2025 г. Фота: hcmc.mfa.gov.by
Узнагароджанне генеральнага консула Беларусі ў Хашыміне Руслана Варанкова памятным знакам гораду за значны ўклад ва ўмацаванне сяброўскіх і партнёрскіх стасункаў. 12 сакавіка 2025 г. Фота: hcmc.mfa.gov.by
podpis źródła zdjęcia

У беларускага Міністэрства замежных справаў новы прэс-сакратар. Ім зрабіўся былы генеральны консул у в’етнамскім Хашыміне, які з вялікай доляй імавернасці меў дачыненне да затрымання добраахвотніка Васіля Верамейчыка. На сваёй новай пасадзе ён заменіць Анатоля Глаза, які запомніўся зусім не дыпламатычнымі паводзінамі і заявамі.

Міністэрства замежных справаў Беларусі 2 красавіка паведаміла пра прызначэнне новага прэс-сакратара – «дыпламата з вялікім досведам і ўражальным паслужбовым спісам» Руслана Варанкова.

,,

«Малады, энергічны, сучасны! Шанцуе ж МЗС з прэс-сакратарамі», – адзначае тэлеграм-канал «Глас МИДа», называючы Варанкова «новай інфармацыйнай мятлою».


Варанкоў у 2001–2006 гадах вывучаў міжнароднае права ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, валодае англійскай і французскай мовамі. У 2007–2008 гадах працаваў у Міністэрстве юстыцыі Беларусі, адказваў за прававую экспертызу міжнародных дамоваў. Затым паступіў на службу ў МЗС.

Ён працаваў на розных пасадах у галоўным дамоўна-прававым упраўленні, галоўным консульскім упраўленні МЗС Беларусі і ў амбасадзе Беларусі ў ЗША. Ён таксама працаваў дарадцам і юрысконсультам у Пастаянным прадстаўніцтве Беларусі пры ААН у Нью-Ёрку, адказваючы за юрыдычныя і бюджэтныя пытанні, а таксама за барацьбу з тэрарызмам і актывізацыю Генеральнай Асамблеі ААН. Кіраваў некалькімі кірункамі перамоваў у шостым камітэце ГА ААН і ў самой ГА. У 2017 годзе быў абраны старшынём Адмысловага камітэту ў пытаннях статуту Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і ўзмацнення ролі Арганізацыі.

Затым Варанкоў займаў пасаду намесніка начальніка ўпраўлення Азіі, Аўстраліі і Акіяніі Міністэрства замежных справаў, каардынуючы комплекс стасункаў з гэтымі рэгіёнамі. 29 ліпеня 2021 года Аляксандр Лукашэнка прызначыў яго генеральным консулам у Нью-Ёрку (ЗША). Але гэтага факту з афіцыйнай біяграфіі дыпламата на БелТА вы не знойдзеце, бо ягоную кандыдатуру, відаць, не зацвердзіў амерыканскі бок. У выніку Варанкоў працягнуў працаваць адказным за Азію, Аўстралію і Акіянію, пакуль 21 сакавіка 2022 года не быў скіраваны ў В’етнам. Замест Нью-Ёрку ён стаўся генеральным консулам у Хашыміне. На гэтай пасадзе і працаваў да апошняга часу. Дарэчы, біяграфія Варанкова з сайту Генеральнага кансулату ў Хашыміне ўжо выдаленая , але захавалася на сайце амбасады ў В’етнаме.

«Ён павінен быў быць часткаю гэтай аперацыі»

Не згадваецца ў афіцыйнай біяграфіі генеральнага консула і самая гучная справа апошняга часу, звязаная з беларусамі ў В’етнаме, – затрыманне 13 лістапада 2024 года менавіта ў Хашыміне беларускага добраахвотніка вайны ва Украіне і дэлегата Каардынацыйнай рады Васіля Верамейчыка, якога пасля тэрмінова дэпартавалі ў Менск.

Дэпартацыя ў Менск затрыманага ў Хашыміне беларускага добраахвотніка Васіля Верамейчыка 14 лістапада 2024 г. Скрыншот відэа ОНТ
Дэпартацыя ў Менск затрыманага ў Хашыміне беларускага добраахвотніка Васіля Верамейчыка 14 лістапада 2024 г. Скрыншот відэа ОНТ

У каментары «Белсату» Валер Кавалеўскі з Агенцтва еўраатлантычнай супрацы падкрэсліў, што прызначэнне на пасаду прэс-сакратара – гэта вельмі сур’ёзнае павышэнне для Варанкова, бо гэта адна з ключавых пазіцыяў у сістэме МЗС, асабліва ў наш інфармацыйны час.

Каментуючы ж магчымую датычнасць дыпламата да затрымання Верамейчыка, суразмоўца адзначыў, што консулы заўсёды працуюць з установамі ўнутраных справаў як сваёй краіны, гэтак і краіны, дзе яны працуюць. Нормаю ёсць і іхная супраца з спецслужбамі ў сваёй краіне, каб у тым ліку адсочваць людзей з тэрарыстычных ці экстрэмісцкіх спісаў.

Таму, Кавалеўскі мяркуе, што Варанкоў меў дачыненне да сітуацыі з затрыманнем Верамейчыка і адпраўкаю яго ў Беларусь – «гэта проста лагічная выснова», бо на затрыманага добраахвотніка як на беларускага грамадзяніна распаўсюджвалася юрысдыкцыя беларускай дзяржавы. А таму генконсул «адназначна павінен быў быць праінфармаваны пра гэтую сітуацыю, быць часткаю гэтае аперацыі».

,,

«Усе беларусы, якія зʼехалі пасля 2020 года і надалей карыстаюцца беларускім пашпартам, хочам мы гэтага ці не, але мы заўсёды пад абаронаю беларускай дзяржавы, якая насамрэч уяўляе для нас пагрозу. Гэта няправільна, але тым не менш», – сказаў Кавалеўскі.


У Паўла Латушкі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, таксама няма сумневаў у тым, што Варанкоў як генеральны консул прыцягваўся да затрымання Верамейчыка.

«Паводле пасады консул, пагатоў Генеральны консул, быў апавешчаны, дасведчаны і, безумоўна, аказваў консульскую падтрыманне ў рэалізацыі гэтай спецаперацыі», – сказаў палітык.

Адзначым, што пра свой перавод у Менск Варанкоў ведаў яшчэ фактычна месяц таму: 12 сакавіка ён праводзіў развітальныя сустрэчы ў Хашыміне. Адбылося гэта праз чатыры месяцы пасля затрымання і дэпартацыі Верамейчыка.

Недыпламатычная дыпламатыя

На сваёй новай пасадзе Варанкоў заменіць Анатоля Глаза, які быў прэс-сакратаром МЗС з 11 чэрвеня 2018 года. Сёлета яго прызначылі амбасадарам у Турцыі і Іраку паводле сумяшчальніцтва.

У былога і новага прэс-сакратароў ёсць супольнае ў біяграфіі – адмова ў прызначэнні ў 2021 годзе на працу ў заходнія краіны. Глаз тады меўся стаць амбасадарам у Італіі, але Рым ягоную кандыдатуру не зацвердзіў, і праз тры з паловаю гады прэс-сакратар паехаў працаваць у Турцыю. Як і Варанкова замест Нью-Ёрку прызначылі ў Хашымін. З снежня 2021 года Глаз у санкцыйных спісах краінаў Еўразвязу, а таксама Швейцарыі, Ліхтэнштэйну, Ісландыі, Нарвегіі, Албаніі, Паўночнай Македоніі, Сербіі і Чарнагорыі.

Генеральны консул Беларусі ў Хашыміне Руслан Варанкоў падчас В'етнамскага саміту інавацыяў 15 лістапада 2024 г. Фота: hcmc.mfa.gov.by
Генеральны консул Беларусі ў Хашыміне Руслан Варанкоў падчас В'етнамскага саміту інавацыяў 15 лістапада 2024 г. Фота: hcmc.mfa.gov.by

Кавалеўскі адзначыў, што прэс-сакратар МЗС Глаз запомніўся сваім «варожым, вельмі абразлівым стылем» – як да замежных партнёраў, гэтак і да беларусаў.

«Прэсавы сакратар МЗС Беларусі – гэта той чалавек, які павінен паводле вызначэння праводзіць інфармацыйную палітыку, што адлюстроўвае палітыку і дзеянні дзяржавы. Але можна гэтую працу рабіць па-рознаму, абіраць стыль, які будзе больш прафесійным ці больш стрыманым. У гэтым сэнсе Глаз пайшоў вельмі далёка і не ў той бок», – заявіў Кавалеўскі.

Паводле яго, шмат для каго Глаз «перакрочыў Рубікон, зрабіўся вельмі таксічнай асобаю і з асобаснага гледзішча, і з гледзішча прафесіяналізму». Кавалеўскі адзначыў, што і Глаз, і агулам беларускі МЗС карыстаюцца «вельмі кандовымі, драўлянымі камунікацыямі», якія выглядаюць вельмі абразлівымі і пыхлівымі.

,,

«Часам здаецца, што ў іх няма адэкватнага разумення таго, што адбываецца ў свеце. Як успрымаюцца светам дзеянні Лукашэнкі, ягоная палітыка. Адчуваецца, што бракуе гнуткасці, прадбачлівасці», – сказаў Кавалеўскі.


Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Крыніца: @sikorskiradek / Х

Кіраўнік МЗС Польшчы адказаў на хамства Рыжанкова

навіны

На ягоную думку, Глаз стаўся «кульмінацыяй таксічнага, непрафесійнага падыходу». Але суразмоўца не ўпэўнены, што новы прэс-сакратар здолее змяніць гэтую тэндэнцыю, бо такога стылю паводзінаў прытрымліваецца і сам міністр замежных справаў Максім Рыжанкоў:

«Маўляў, мы заўсёды маем рацыю, і ўсё, што вам застаецца – проста пагадзіцца з намі, здацца. Але гэта не працуе. У любы момант любы партнёр, які ніякім чынам не залежыць ад Беларусі, можа проста развярнуцца і сысці».

Як з такім падыходам МЗС Беларусі спрабуе аднаўляць стасункі з Захадам, пра што неаднаразова казаў сам Лукашэнка, незразумела, адзначыў Кавалеўскі. Паводле яго, каб зрабіць гэта, ведамства мае «пераглядзець вельмі сурʼёзна працу».

У сваю чаргу Латушка дадаў, што дзядзька новага прэс-сакратара МЗС Беларусі Уладзімір Варанкоў – расейскі дыпламат, які быў намеснікам генеральнага сакратара ААН. Хоць іхныя прозвішчы па-расейску пішуцца па-рознаму. Гэта, на думку палітыка, можа казаць пра «ўзмацненне расейскага ўплыву ў МЗС Беларусі».

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10