Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі нагадаў кіраўніку МЗС Беларусі Максіму Рыжанкову пра ўмовы вяртання да дыялогу. Заява зробленая ў «Х» як адказ на хамства Рыжанкова ў бок Сікорскага пасля выбараў у Беларусі.
Радослаў Сікорскі адрэагаваў у сацсетцы «Х» на тэкст, што быў апублікаваны ў выданні «Wprost», дзе апісваліся рэзкія заявы міністра замежных справаў Беларусі, якія ён зрабіў пасля асуджэння польскім МЗС выбараў у Беларусі.
,,«Беларусь ведае ўмовы вяртання да дыялогу», – напісаў Радослаў Сікорскі.
Раней Максім Рыжанкоў сказаў Сікорскаму праз дзяржаўныя СМІ:
«Не сунь нос туды, куды табе не варта».
Такая ж заява з’явілася ў «Х» МЗС Беларусі. Пры гэтым Рыжанкоў адзначыў, што Беларусь адкрытая да дыялогу з Польшчай.
«У нас шмат пытанняў, якія патрабуюць абмеркавання, патрабуюць развязання. Польскае Міністэрства замежных справаў гэта ведае. У нас ёсць кантакты, мы ў папярэднім парадку пра гэта гаворым», – сказаў Рыжанкоў.
Ён дадаў, што Польшча нібыта «страціла рэшткі сімпатыяў у краіне», паставіўшы на беларускую апазіцыю.
Сікорскі ўжо працяглы час не мяняе сваёй пазіцыі, ён крытыкуе рэжым у Менску і нагадвае пра патрабаванні Польшчы.
Улетку 2024 года намеснік міністра замежных справаў Польшчы Анджэй Шэйна казаў аб трох умовах Польшчы для паляпшэння стасункаў. Гэта ліквідацыя гібрыдных нападаў на мяжы, вызваленне Анджэя Пачобута і выдача мігранта, якога падазраюць у забойстве польскага салдата.
Арсен Рудэнка belsat.eu