Лукашэнка сказаў «вывучыць досвед савецкага гандлю» і прыдумаць, як пазбягаць дэфіцыту пры рэгуляванні цэнаў. Прызначэнняў амбасадараў Лукашэнка нібы сам ад сябе не чакаў: здзівіўся тым, каго прызначае.
Аляксандр Лукашэнка 14 студзеня прызначыў шэраг чыноўнікаў на новыя пасады:
- міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю – Артур Карповіч, які быў намеснікам міністра ў 2013–2019 гадах, але апошнім часам кіраваў аддзяленнем амбасады Беларусі ў расейскай Уфе;
- міністр падаткаў і збораў – Дзмітрый Кійко, які да таго быў першым намеснікам міністра фінансаў;
- надзвычайны і паўнамоцны амбасадар у Турэччыне – Анатоль Глаз, які да таго быў прэс-сакратаром Міністэрства замежных справаў;
- надзвычайны і паўнамоцны амбасадар у Азербайджане – Дзмітрый Піневіч, які быў міністрам аховы здароўя ў 2020–2024 гадах;
- надзвычайны і паўнамоцны амбасадар у Казахстане – Аляксей Багданаў, які быў міністрам гандлю з канца 2021 года;
- надзвычайны і паўнамоцны амбасадар ва Узбекістане – Аляксандр Агароднікаў, які з 2013 года быў намеснікам міністра прамысловасці (з 2022-га – першым намеснікам);
- надзвычайны і паўнамоцны амбасадар у Кубе і па сумяшчальніцтве ў Дамінікане і Нікарагуа – Віталь Барчук, які раней быў памочнікам міністра прамысловасці і начальнікам галоўнага ўпраўлення вонкаваэканамічных сувязяў;
- надзвычайны і паўнамоцны амбасадар у Ізраілі – Юрый Ярашэвіч, які быў у МЗС начальнікам службы дзяржаўнага пратаколу.
Лукашэнка таксама «даў згоду» на прызначэнне экс-міністра прамысловасці Паўла Уцюпіна намеснікам міністра замежных справаў, намесніка старшыні «Белкаапсаюзу» Аляксандра Скруднеўскага – генеральным дырэктарам «Белрэсурсаў», а намесніка міністра замежных справаў Ігара Назарука – пастаянным прадстаўніком Беларусі пры органах Садружнасці незалежных дзяржаваў.
Галоўнае – стрымаць цэны: зрабіць, як у СССР, толькі без дэфіцыту
Мяркуючы паводле дзяржаўных медыяў, галоўная тэма для Лукашэнкі – рэгуляванне цэнаў. Пры назначэнні Карповіча Лукашэнка падкрэсліў, што распрацоўвае ўнікальную «формулу цэнаўтварэння» – «досведу ў сусветнай практыцы такога няма». Адказнасць за кантроль цэнаў ён усклаў не толькі на міністра, але і на ўрад, і на кіраўніка сваёй адміністрацыі.
І Лукашэнка здагадваецца, што ягоныя ідэі рэгулявання цэнаў пагражаюць дэфіцытам:
,,«Вашая задача – вывучыць досвед савецкага гандлю і зрабіць усё, каб на прылаўках быў асартыментны пералік тавараў», – сказаў Лукашэнка чыноўнікам.
Прызначаны міністрам гандлю Карповіч адзначыў, што «формула цэнаўтварэння» павінна ўлічваць інтарэсы ўсіх на рынку, быць «справядлівай для ўсіх», у тым ліку вытворцаў, якія не павінны працаваць у мінус. Разам з тым, Карповіч абяцаў надаваць больш увагі «абароне ўнутранага рынку» (мяркуючы паводле аб’ёмаў вонкавага гандлю, бараніцца трэба ад Расеі).
Да падаткаў у Лукашэнкі, падобна, няма асаблівых пытанняў: ён прасіў новага міністра «паглядзець свежым позіркам, што трэба зрабіць», а таксама «не хварэць і не пакутаваць на залішнія рынкавыя катэгорыі» (што гэта значыць, ён не растлумачыў). Дадаў, што трэба пазбавіць ільготаў прадпрыемствы і людзей, якія не мусяць іх мець.
Лукашэнка не чакаў, што будзе прызначаць амбасадараў?
Прапанаваныя прызначэнні амбасадараў Лукашэнка, магчыма, разгледзеў толькі на самой сустрэчы з прызначэнцамі: перапытаў, ці ўсё добра ў Міністэрстве прамысловасці, што «мы перспектыўных адпраўляем». Кіраўнік ягонай адміністрацыі Дзмітрый Крутой запэўніў, што ўсё добра, але ж трэба наладжваць гандаль не толькі з Расеяй і Кітаем.
Экс-міністр гандлю Багданаў, якога паслалі ў Казахстан, сказаў, што паставіць перад сабой задачу нарасціць экспарт беларускай прадукцыі ў Казахстан з 800–900 млн долараў на год да мільярда. Лукашэнка перапытаў: «А за кошт чаго?» Міністр паказаў на МАЗ, «Магілёўліфтмаш» і «Бабруйскаграмаш».
Піневіч паабяцаў шукаць пашырэння супрацы з Азербайджанам, але сказаў, што «пункты прыросту ляжаць у гуманітарнай сферы, як бы гэта ні здавалася парадаксальным». Наладжваць супрацу ён прапанаваў у фармацэўтыцы, біяпрамысловасці, IT і адукацыі.
Ярашэвіча Лукашэнка пашкадаваў: у Ізраілі «няпроста будзе», трэба шукаць «правільную дарогу» і тых, хто «паважае Беларусь». Ярашэвіч прапанаваў нагадаць Ізраілю пра гісторыю: з XIV стагоддзя габрэі жылі ў Беларусі «ўтульна, камфортна і бяспечна», «і нават гісторыя XX стагоддзя, і Галакост паказалі даволі чалавечнае, братняе стаўленне беларусаў да габрэйскага насельніцтва».
Глаз абяцаў канвертаваць стасункі з Турэччынай у «большую выніковасць» і сказаў, што ў Турэччыны таксама ёсць інтарэс да «добрых вынікаў». Раней Глаза хацелі зрабіць амбасадарам у Італіі, аднак Італія ад такога пасла адмовілася.
Лукашэнку ўва ўсім гэтым нешта не спадабалася:
«Наводзьце парадак у МЗС. Жалезнае патрабаванне, без усялякай дурноты. Людзі абазнаныя, разумныя, дыпламатаў неразумных няма. Павінны быць жорсткія патрабаванні там, дзе трэба, і выканальніцкая дысцыпліна з боку падначаленых. Гэта датычыць усіх. Ніякай размазні быць не павінна ні ў Адміністрацыі, ні ва ўрадзе, ні ў вас, – абураўся Лукашэнка. – Дысцыплінкі ў нас не хапае, асабліва выканальніцкай. Адпісацца, нейкую туфту даслаць прэзідэнту міма Крутога. Ён падмахне – давай, прэзідэнт, там разбірайся».
У прыклад ён прывёў распрацоўванне інвестыцыйнай праграмы: яму падалі праект, не паказаўшы «альтэрнатыўных пунктаў гледжання», дык ён вярнуў праект ураду. Што менавіта выклікала ў Лукашэнкі абурэнне цяпер, не паведамілі.
Алесь Наваборскі belsat.eu