«Белсат» працягвае адсочваць факты рэпрэсіяў у дачыненні беларусаў, нязгодных з палітыкай уладаў, з фальсіфікацыяй выбараў і вайной ва Украіне. Цяпер пад пераслед трапілі і праўладныя блогеры.
Праваабаронцам стала вядома пра ператрусы КДБ у прадстаўнікоў прафсаюзаў. Вядома, што ў прафсаюзнікаў сканфіскавалі тэхніку, але пасля допытаў адпусцілі. Паведамляецца, што сілавікоў цікавілі сувязі з «BySOL» і «ByHelp», а таксама ў людзей пыталіся пра «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці».
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паведаміў пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Паводле яго, сувязь з ёю адсутнічае з 25 сакавіка, калі яны была не на тэрыторыі Польшчы. Палітык не выключае датычнасці да знікнення «спецслужбаў рэжымаў у Беларусі і Расеі».
Пробашч закрытага з верасня 2022 года Чырвонага касцёлу ў Менску ксёндз Францішак Рудзь назваў меркаваны тэрмін «рэстаўрацыі» – паўтара-два гады. Паводле вернікаў, дзеянні ўладаў – гэта «здзек і знявага», «здарылася найгоршае». «Апошняя надзея, што хаця б вернуць неўзабаве касцёл, рухнулі», – заяўляюць парафіяне.
Па вяртанні з Польшчы затрымалі 64-гадовую Жанну Вайніловіч. Ёй інкрымінуюць «народны» арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») за нібыта ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Яна цяпер у СІЗА.
У Наваполацку трох асобаў – Канстанціна Панамарова, Рамана Прыходзьку і Наталлю Казлову – асудзілі паводле арт. 342 КК. Суд над імі пачаўся яшчэ ў лістападзе 2024 года. Прысуды невядомыя, але вядома, што грамадзянін Украіны Панамароў адбывае пакаранне, а Прыходзька і Казлова маглі быць засуджаныя на «хімію» або «хатнюю хімію».
Агулам у «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 15 прозвішчаў – цяпер у ім 5088 асобаў.
Славутая праўладная актывістка, даносчыца Вольга Бондарава была затрыманая 25 сакавіка і асуджаная на 13 содняў адміністратыўнага арышту. Таксама перасталі працаваць праўладныя тэлеграм-каналы «Посусекам», «Графач», «Для Служебного Пользования» і «Paganus».
Якуб Хруст belsat.eu