Офіс Святланы Ціханоўскай прэзентаваў канцэпцыю люстрацыі для пераходнага перыяду ў Беларусі. У дакуменце прапісалі, каго закране працэдура, якім чынам і які орган будзе яе праводзіць.
Люстрацыя – гэта працэдура ачышчэння дзяржаўнага апарату ад службоўцаў, якія мелі сувязі з рэпрэсіўнымі структурамі папярэдняга рэжыму. Асобаў, у дачыненні якіх даказалі такую сувязь, звальняюць з пасадаў. Таксама ім могуць забараніць на пэўны час ці назаўжды працаваць у дзяржаўным апараце. Паводле Офісу Святланы Ціханоўскай, люстрацыя ў Беларусі неабходная, бо трэба будзе пераадолець спадчыну аўтарытарнага рэжыму і замацаваць дэмакратычныя інстытуты.
У распрацоўцы канцэпцыі Офіс вывучаў практыку люстрацыі ў Літве, Латвіі, Польшчы і Украіне, а таксама разглядаў досвед гэтых краінаў у практыцы Еўрапейскага суда правоў чалавека ў кантэксце люстрацыі.
У якасці магчымай мадэлі люстрацыі ў Беларусі прапануецца выкарыстоўваць падыход, заснаваны на самадэклараванні. Гэта значыць, што чалавек, які займае пэўную пасаду, ці кандыдат на яе абавязаны самастойна заявіць, ці датычыць яго крытэр нядобранадзейнасці. Тыя, хто запоўніў дэкларацыю, будуць працягваць займаць свае пасады. Тых, хто адмовіўся запаўняць дэкларацыю ці падаў хлуслівыя звесткі, звольняць на падставе патрабаванняў закону да займання пасады.
Для правярання сапраўднасці пададзеных звестак будуць створаныя незалежныя люстрацыйныя органы. Яны дэталёва правераць дэкларацыі, выкарыстоўваючы архіўныя дакументы і іншыя крыніцы інфармацыі.
Люстрацыю прапаноўваецца правесці за тры этапы. На першым, самым хуткім, адбудзецца самаачышчэнне: частка асобаў, якія не захочуць падаваць інфармацыі пра сваю дзейнасць у перыяд дзяржаўнага тэрору, добраахвотна пакінуць пасады. Такім чынам тыя, хто не гатовы да адкрытасці, адразу ж пакінуць сістэму.
На другім этапе звольняць тых, хто, насуперак патрабаванням закону, адмовіцца запаўняць дэкларацыю. Такі падыход дасць магчымасць мінімізаваць рызыкі кадравага дэфіцыту, бо гаворка пра мэтанакіраваныя звальненні тых, хто не хоча прытрымлівацца новых, дэмакратычных прынцыпаў.
Трэці этап люстрацыі будзе фінальным і больш паступовым: ён прадугледжвае ўважлівае правяранне дэкларацыяў незалежнымі люстрацыйнымі органамі. У выніку будуць устаноўлены асобы, якія далі непраўдзівыя звесткі пра сваё мінулае. Гэта дазволіць правесці завяршальны этап ачышчэння, захаваўшы кіравальнасць працэсамі ў дзяржаўных органах і абараніўшы грамадскі інтарэс.
Пад люстрацыю трапяць наступныя пасады:
• суддзі, у тым ліку Канстытуцыйнага Суда і Вярхоўнага Суда;
• службовыя асобы пенітэнцыярнай сістэмы;
• супрацоўнікі праваахоўных органаў і органаў дзяржаўная бяспекі;
• найвышэйшы і сярэдні камандны састаў Узброеных сілаў;
• службовыя асобы выканаўчай улады;
• рэктары, іхныя намеснікі і дэканы дзяржаўных вышэйшых навучальных установаў;
• кіраўнікі і намеснікі кіраўнікоў дзяржаўных тэлеканалаў, радыёстанцый, газетаў і інтэрнэт-парталаў, галоўныя рэдактары і рэдактары аддзелаў дзяржаўных СМІ;
• чальцы Цэнтральнай выбарчай камісіі, старшыні, іхныя намеснікі і сакратары тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісіяў;
• чальцы парламенту;
• прэзідэнт;
• службовыя асобы органаў, якія ажыццяўляюць працэдуры люстрацыі.
Праводзіць люстрацыю будзе Інстытут нацыянальнай памяці Беларусі (ІНПБ) – дзяржаўная навукова-даследчая арганізацыя, якая вывучае і дакументуе гісторыю Беларусі ў XX і XXI стагоддзях, асабліва ў перыяды, звязаныя з гвалтам і рэпрэсіямі. У межах ІНПБ ствараюць Люстрацыйнае бюро, якое адказвае за люстрацыйныя дэкларацыі ды іх верыфікацыю.
Да асобаў, якіх закранае люстрацыя, могуць ужывацца наступныя віды люстрацыйных абмежаванняў:
● звальненне з абароненых законам пасадаў: адсутнасць сертыфікату пра своечасовую падачу дэкларацыі, ёсць падставаю для звальнення з займанай абароненай законам пасады або адмовы ў прызначэнні на пасаду. Наяўнасць сертыфікату пра падачу дэкларацыі ёсць падставаю для працягу заняцця абароненай пасады;
● забарона на займанне абароненых законам пасадаў на тэрмін ад 5 да 10 гадоў – за ілжывыя звесткі ў дэкларацыі аб люстрацыі;
● праграмы рэабілітацыі і навучання: асобы, якія падпадаюць пад люстрацыйныя абмежаванні, могуць быць скіраваныя на абавязковыя праграмы рэабілітацыі і навучання з мэтаю пераасэнсавання ролі ў рэпрэсіўных дзеяннях і фармавання новых каштоўнасцяў. Удзел у такіх праграмах можа быць умоваю для змякчэння або зняцця некаторых абмежаванняў.
Выдаткі, звязаныя з правядзеннем люстрацыі, фінансуюцца са сродкаў дзяржаўнага бюджэту.
,,«Дасягнуць чаканых вынікаў люстрацыі магчыма толькі ў выпадку, калі гэты працэс будзе праведзены справядліва, аб’ектыўна і ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі абароны правоў чалавека. Люстрацыя не павінна быць інструментам палітычнай расправы, а мусіць стаць часткай комплекснага працэсу рэформаў, скіраваных на пабудову дэмакратычнага грамадства ў Беларусі», – зазначаецца ў канцэпцыі.
Паводле аўтараў канцэпцыі, працэс люстрацыі павінен ахопліваць усе перыяды беларускай гісторыі, у якіх адбываліся масавыя парушэнні правоў чалавека і дзяржаўны тэрор, у тым ліку сталінскія рэпрэсіі і пазнейшыя парушэнні правоў чалавека ў савецкі час, якія пакінулі глыбокі след у лёсе нацыі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu