Аналітыка

Беларусы прагнуць правасуддзя над вінаватымі ў рэпрэсіях, а не помсты

Затрыманні 9 жніўня 2020 года ў Менску. Фота: Celestino Arce/NurPhoto via Getty Images
Затрыманні 9 жніўня 2020 года ў Менску. Фота: Celestino Arce/NurPhoto via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прэзентавалі даследаванне «Як успрымаюць справядлівасць людзі, якія перажылі катаванні і/ці жорсткае абыходжанне». Праваабаронцы распавялі, каго беларусы найперш вінавацяць у рэпрэсіях і ці вераць, што тыя панясуць адказнасць.

Супрацоўнік ДАІ выходзіць з кабіны для галасавання падчас датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі на выбарчым участку ў Глыбокім, Беларусь. 4 жніўня 2020 года. Фота: Sergei Gapon / AFP / East News

Як будуць збіраць подпісы прэтэндэнты на прэзідэнцтва, калі за мінулыя дагэтуль рэпрэсуюць

Аналітыка

З гвалтам з 2020 года маглі судакрануцца мільёны беларусаў


Даследванне стаўлення беларусаў да справядлівасці праводзілася ў траўні – ліпені 2024 года. Былі праведзеныя глыбінныя інтэрв’ю з 12 пацярпелымі ад рэпрэсіяў з 2020 па 2023 гады. Таксама 580 чалавек былі апытаныя праз інтэрнэт ці тэлефон.

Падчас даследавання былі пастаўленыя тры асноўныя задачы: усталяваць пералік вінаватых у несправядлівасці, вызначыць, чым ёсць справядлівасць адносна асноўных суб’ектаў, а таксама вывучыць досвед, матывацыю і перашкоды для дасягнення справядлівасці, як тое бачаць людзі, якія прайшлі праз катаванні і жорсткае абыходжанне. Дадатковай задачай было выяўленне праблемаў, з якімі сутыкаюцца асобы, што перажылі катаванне і жорсткае абыходжанне, і спосабы вырашэння гэтых праблемаў.

Падчас прэзентацыі даследавання адзін з яго аўтараў – сацыёлаг, старэйшы даследчык «Цэнтру новых ідэяў» Генадзь Коршунаў – зазначыў, што вынікі адлюстроўваюць карціну стаўлення беларусаў да пытання справядлівасці, хоць ацаніць дакладныя маштабы гвалту, які цяпер адбывапецца ў Беларусі, цяжка.

«З гвалтам з 2020 года судакрануліся сотні тысяч чалавек – непасрэдна ці праз блізкіх. Калі дадаць іншыя, больш далёкія формы кантакту, то будуць ужо мільёны. І рэпрэсіі працягваюцца», – сказаў эксперт.

Аднім з пытанняў у даследаванні было – хто вінаваты ў тым, што адбываецца? На яго беларусы адказвалі амбівалентна, кажа сацыёлаг:

«З аднаго боку, дэперсаналізавана – гэта сацыяльныя інстытуты, дзяржаўныя інстытуту беларускага рэжыму. З іншага боку, даволі персаналізавана, бо рэжым выбудаваны такім чынам, што ёсць адна галоўная персона – Лукашэнка, які прызнаецца галоўным вінаватым у тым, што адбылося. Што для мяне было адкрыццём, гэта высокае месца судоў – трэцяе ў іерархіі вінаватых, і гэта паказвае важнасць судовай сістэмы для беларускага менталітэту».


Хто вінаваты?


Лукашэнку ў гвалце ў краіне вінавацяць 82% апытаных, 77% лічаць, што ён мусіць панесці адказнасць.

80% кажуць, што вінаваты ўвесь цяперашні ўрад і выбудаваная сістэма, але ўжо 88% перакананыя, што чыноўнікі мусяць адказваць за існае становішча.

73% лічаць, што вінаватыя суды, 64% - што ўсе, хто фальсіфікаваў вынікі выбараў. 11% рэспандэнтаў вінавацяць тых, хто галасаваў за Лукашэнку, а 6% - увогуле ўсіх беларусаў за некаторым выключэннем. 22% апытаных сказалі, што ўсе беларусы мусяць адказваць за тое, што адбываецца.

Датычна таго, як мусіць выглядаць справядлівасць, большасць беларусаў кажуць, што рэжым мусіць быць пакараны агулам, але патрэбная ўвага да канкрэтных асобаў, якія былі непасрэдна вінаватыя ў гвалце.

«Тут мы бачым у фокусе ўвагі законнасць, то бок працуем не «вока за вока, зуб за зуб», мусіць быць выкананы закон. Большасць апытаных кажа, што агульнага абвінавачвання не мусіць быць, што яны за правасуддзе, а не за помсту. Ступень віны кожнага мусіць вызначыць суд у строга індывідуальным парадку. Дадатковая тэма – люстрацыя. Людзі патрабуюць, каб была як мінімум забарона займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнымі відамі дзейнасці», – распавядае Генадзь Коршунаў.

Пратэсты 9 жніўня 2020 года ў Менску. Фота: Misha Friedman/Getty Images
Пратэсты 9 жніўня 2020 года ў Менску. Фота: Misha Friedman/Getty Images

Прыцягваць вінаватых да адказнасці мусіць ці беларускі суд пасля змянення ўлады, ці міжнародны суд ці трыбунал для Беларусі ўжо цяпер, лічаць рэспандэнты.

Паводле спадара Коршунава, у беларусаў выклікала цяжкасці пытанне аб тым, у дачыненні да каго мусіць быць адноўленая справядлівасць і як.

,,

«Гучаў вельмі беларускі адказ: мне не трэба ўжо непасрэдна, таму што я з большага даў рады, неяк спраўляюся, але трэба, каб рэжым агулам быў зменены, а аба мне клапаціцца не трэба. Беларусы, якія прайшлі праз катаванні, ім сорамна адвакатаваць свае патрэбы. <…> Галоўнае жаданне беларусаў – зрынанне рэжыму. Людзі хочуць справядлівасці да краіны агулам», – кажа сацыёлаг.


Беларусы не вераць у аднаўленне справядлівасці?


У людзей усё менш застаецца надзеі, што штосьці можна цяпер зрабіць у самой Беларусі, каб аднавіць справядлівасць. Аднак калі браць у разлік міжнародныя інструменты і інстытуцыі, то фактычна больш за траціну кажуць, што надзея ёсць, паказвае даследаванне.

84% апытаных адказалі, што лічаць блізкімі да нулю шанцы на справядлівае правасуддзе над вінаватымі ў самой Беларусі ў бліжэйшай будучыні. Што датычыць міжнародных структураў і іншых краінаў, тут ужо 64%.

5% вераць, што справядлівасць будзе адноўленая ў бліжэйшым часе ў Беларусі, 11% – што ў міжнародным судзе.

57% сцвярджаюць, што іхнае жаданне справядлівасці не змянілася з цягам часу, 29% кажуць, што яны нават больш моцна сталі да гэтага імкнуцца, у 14% такое жаданне зменшылася.

Значная частка беларусаў, паводле даследавання, дагэтуль спрабуюць і самі рабіць, што могуць, каб наблізіць аднаўленне справядлівасці ў краіне. У той жа час, у апошнія паўтара года ёсць сур’ёзная перашкода для дзейнасці, у тым ліку тых, хто з’ехаў за мяжу – пераслед сваякоў у Беларусі. 85% апытаных адказалі, што страх за блізкіх на радзіме – галоўная прычына таго, чаму пацярпелыя больш не дамагаюцца аднаўлення справядлівасці. 47% адмаўляюцца ад дзейнасці ў гэтым кірунку, бо не вераць у зацікаўленасць іншых краінаў у правасасуддзі ў Беларусі, а 42% расчараваныя доўгай дарогай да справядлівасці.

Ілюстрацыйны здымак. Байцы АМАП у Менску, 10 жніўня 2020 года. Фота: Misha Friedman/Getty Images
Ілюстрацыйны здымак. Байцы АМАП у Менску, 10 жніўня 2020 года. Фота: Misha Friedman/Getty Images

«Людзі бачаць, што свет бяссільны ў пакаранні злачынцаў»


Алена Шынкарэвіч, прадстаўніца «Прававой ініцыятывы», кажа, што людзей цалкам можна зразумець:

«Нават мы, праваабаронцы і юрысты, часта не верым, што ў бліжэйшыя 10 гадоў вінаватыя панясуць адказнасць. Для людзей, мне падаецца, гэта яшчэ менш відавочна, іхная вера яшчэ меншая, таму што яны ведаюць яшчэ менш прыкладаў, калі гэта адбывалася. У 2022 годзе распачалася вайна, і ўвесь свет нічога не можа з гэтым зрабіць, і на гэтым фоне вельмі складана паверыць, што хтосьці штосьці зможа зрабіць з рэжымам Лукашэнкі. Людзі бачаць, што свет бяссільны ў пакаранні злачынцаў».

Юрыстка зазначачыла, што, на жаль, ёсць людзі, якіяяшчэ год таму хацелі падаць заяву ў рамках універсальнай юрысдыкцыі, а ўжо сёння не бачаць у гэтым сэнсу. Але пацярпелых ад рэпрэсіяў усё больш, таму колькасць тых, хто прагне справядлівасці, будзе толькі расці, перакананая Алена Шынкарэвіч.

Адзін з інструментаў, які можа дапамагчы ў аднаўленні справядлівасці ў Беларусі – Міжнародны крымінальны суд. 30 верасня ўрад Літвы пры падтрыманні беларускіх дэмакратычных сілаў
перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы пра «трансмежныя злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя Лукашэнкам і ягонымі саўдзельнікамі ў дачыненні беларусаў». Вільня патлумачыла свой крок тым, што больш не можа бяздзеяць. Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, што ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганні Літвы ў прыцягненні Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці ў МКС. Зварот Літвы падтрымалі Латвія і Польшча.

Цяпер офіс пракурору МКС праводзіць папярэдні разгляд адносна таго, ці ёсць падставы распачынаць працэс, ці знаходзіцца справа ў юрысдыкцыі суду.

Міжнародны крымінальны суд не можа разглядаць справы ў дачыненні да краінаў, на якія не распаўсюджіваецца яго юрысдыкцыя. Беларусь не з’яўляецца краінай-сябрам МКС. Аднак міжнародны суд можа разглядаць экстэрытарыяльныя злачынствы.

Аляксей Лявончык, сузаснавальнік By_Help Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Аляксей Лявончык: Нас папярэджвалі, што будуць затрыманні

навіны

Чаму Літва звярнулася ў Міжнародны крымінальны суд?


Рыкад Дзіковіч, юрыст дэпартаменту Міністэрства юстыцыі Літвы, адказны за ініцыятыву па звароце ў МКС наконт сітуацыі ў Беларусі, патлумачыў, што ёсць дастатковы падставаў лічыць, што ў Беларусі з траўня 2020 года адбываюцца злачынствы супраць чалавечнасці, і частка з іх, у прыватнасці – дэпартацыя і экстэрытарыяльны пераслед, былі здзейсненыя і працягваюць здзяйсняцца ў тым ліку на тэрыторыі Літвы, якая знаходзіцца пад юрысдыкцыяй МКС.

«У мяне пытаюцца, чаму Літву ўвогуле хвалюе гэтае пытанне, чаму мы звярнуліся ў МКС. Па-першае, Беларусь – суседская краіна, і калі пачынаецца гвалт літаральна праз мяжу, немагчыма зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца», – тлумачыць Дзіковіч.

Як яшчэ адну прычыну юрыст называе тое, што за апошнія гады Літва выдала беларусам больш за 70 тысяч дазволаў на жыхарства, некалькім тысячам – гуманітарныя візы ці статус уцекача.

«Колькасць беларускіх выгнаннікаў большая, чым чацвёрты па памерах горад Літвы. Так, мы даем бяспечнае месца для ахвяраў гвалту. Але ў той жа самы час гэта значыць, што на нашую дзяржаву гэтыя злачынствы таксама ўплываюць, і гэта методыка Лукашэнкі – адмыслова нагрузіць, прыціснуць суседнія дэмакратычныя краіны, а не толькі пераследаваць свой народ. Таму мы вырашылі дзейнічаць», – кажа Дзіковіч.

Літва заклікала іншыя краіны, а таксама міжнародныя і грамадскія арганізацыі, ініцыятывы падтрымаць зварот у МКС усімі магчымымі доказамі і дадзенымі, якія ёсць у іхным распараджэнні, каб працэс усё ж распачаўся і вінаватыя ў гвалце ў Беларусі былі прыцягнутыя да адказнасці, а справядлівасць у нашай краіне адноўленая.

Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10