навіны

«Такія выбары – тое, за што мы адвакатуем». Святлана Ціханоўская павіншавала новага прэзідэнта Польшчы

Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
podpis źródła zdjęcia

Святлана Ціханоўская павіншавала Караля Наўроцкага з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы і выказалася пра электаральную кампанію.

Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў распавяла, што ўважліва сачыла за тым, як праходзілі выбары ў Польшчы, і шчыра імі захаплялася. Ціханоўскай спадабалася празрыстасць палітычнага працэсу, «дзе кожны голас меў вагу, дзе ўлічваліся меркаванні кожнага чалавека, дзе медыі свабодна асвятлялі не толькі вырашальны дзень барацьбы паміж Каралем Наўроцкім і Рафалам Тшаскоўскім, але і ўвесь электаральны перыяд».

,,

«Менавіта такія выбары – гэта тое, за што мы адвакатуем. Тое, што мы бачым асновай для дэмакратычнай Беларусі. Польшча паказала прыклад, як павінна насамрэч працаваць выбарчая сістэма: разнастайныя кандыдаты ў першым туры, дзе кожная катэгорыя грамадзянаў мае свайго прадстаўніка і свой голас, які не перапыняюць, адкрытыя дэбаты, сумленная палітычная канкурэнцыя. Тут лічаць галасы да апошняй сотай працэнта і не баяцца змены ўлады, нават калі спаборнічаюць палітычныя апаненты з прынцыпова рознымі поглядамі», – зазначыла Ціханоўская.


Беларуская лідарка падкрэсліла, што польскія выбары паказалі рэкордную яўку для Польшчы (больш за 70 %), бо «людзі ведалі, што іх голас не скрадуць». Але Ціханоўская не сумняваецца, што на першых сапраўды дэмакратычных выбарах прэзідэнта ў Беларусі гэты адсотак будзе яшчэ вышэйшым.


Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету павіншавала Караля Наўроцкага з абраннем на пост прэзідэнта і выказала ўпэўненасць, «што разам з абраным прэзідэнтам Польшчы мы пабудуем такія ж моцныя і плённыя адносіны», бо «Польшча заўсёды разумела нас, падтрымлівала ў цяжкія часы».

,,

«Віншую Караля Наўроцкага з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах! Няхай Польшча заўсёды будзе моцнай, свабоднай і вернай сваім каштоўнасцям. Мы разлічваем на супрацу дзеля вольнай Беларусі і бяспечнай Польшчы», – напісала Святлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў Х.


Чытайце таксама:
Караль Наўроцкі. Фота: Sean Gallup / Getty Images

Польшча абрала новага прэзідэнта

1 чэрвеня ў Польшчы прайшоў другі тур прэзідэнцкіх выбараў. У ім перамог Караль Наўроцкі, якога падтрымлівала партыя «Закон і справядлівасць» (PiS): ён набраў 50,89 %. Ягоным супернікам быў мэр Варшавы, кандыдат ад кіроўнай Грамадзянскай кааліцыі Рафал Тшаскоўкі: ён атрымаў 49,11 % галасоў.


Вынікі галасавання паказваюць, што мэра Варшавы падтрымалі пераважна ў гарадах (найперш у буйных), у той час як за Караля Наўроцкага больш актыўна галасавалі ў рэгіёнах.


Нагадаем, што першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы адбыўся 18 траўня. На ім перамогу атрымаў Рафал Тшаскоўскі з кіроўнай Грамадзянскай кааліцыі (KO), ягоны вынік – 31,36 %. Караль Наўроцкі набраў 29,54 % і заняў другое месца.


Наўроцкі быў беспартыйным кандыдатам, які, аднак, заручыўся падтрыманнем правай кансерватыўнай партыі «Закон і справядлівасць», што кіравала ў Польшчы з лістапада 2015 года да снежня 2023-га.


Тшаскоўскі – мэр Варшавы, прадстаўнік Грамадзянскай кааліцыі, што прыйшла да ўлады пасля апошніх парламенцкіх выбараў.


Да другога туру ніводзін з кандыдатаў не сфармуляваў выразнай пазіцыі ў дачыненні Беларусі.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10