У цэнтры Валожына ўсталявалі 8-метровы арт-аб'ект, што выклікаў незадаволеную рэакцыю мясцовых жыхароў. Адно з пытанняў, якія задаюць у сацсетках, – колькі гэта каштавала і чаму ўлады выдаткоўваюць грошы на такія скульптуры. У райвыканкаме заявілі, што з бюджэту не далі ні капейкі.
«Калі ўжо нашыя дзеці дачакаюцца ў Валожыне хаця б ланцужковых каруселяў у парку замест гэтых арт-аб'ектаў, што растуць з кожным днём?» – абураюцца ў сацсетках з нагоды ўпрыгожвання цэнтру гораду новаю скульптураю. І яшчэ пішуць, што насупраць яе – дзіцячы садок.
«Будуць дзяцей пужаць жалезнаю пачвараю», – асцерагаюцца жыхары.
Мясцовыя гадаюць, колькі грошай выдаткавалі на такое мастацтва і хто наагул гэта такі – ці то волат, ці то рыцар.
У Валожынскім райвыканкаме, куды карэспандэнт «Белсату» пазваніў як прыватная асоба, адмовіліся казаць, колькі каштавала скульптура:
,,«Гэта не бюджэтныя сродкі. Гэта сродкі мецэната, які ёсць спонсарам. Гэта з ягоных асабістых грошай».
Асобу шчодрага спонсара чыноўнікі не раскрылі, як і тое, каго стварылі аўтары арт-аб'екту:
«Да нейкага персанажа аб'ект не прывязаны».
Адна з версіяў у сацсетках – «нейкі князь, можа, нават Міндоўг».
Навіна пра скульптуру дала нагоду мясцовым жыхарам паказаць чыноўнікам на праблемы, што варта было б развязаць у Валожыне замест культывавання «злавеснай прыгажосці». У сацсетках згадваюць пра рамонт дарог, брак сметнікаў, парковак.
Надоечы падобная гісторыя адбылася ў Жлобіне, дзе на грошы тамтэйшага мясакамбінату паставілі жудасную сасіску. На прадпрыемстве тады прызнаваліся, што скульптура ім не падабаецца, і не выключалі, што яе заменяць або неяк выправяць.
«Гэта было заданне райвыканкаму, а мясакамбінат ужо выконваў. Не менавіта такую кампазіцыю паставіць, гаворка была, каб ад мясакамбінату нешта было. Мясакамбінат за яе і заплаціў», – апавялі ў кампаніі.
Дар'я Форман, Сцяпан Кубік belsat.eu