Афіцыйная частка візіту Лукашэнкі ў Маскву скончылася, а ніякіх гучных вынікаў не чуваць. Сустрэча з Пуціным выглядала, ужо як звычайна, кепска для ўзурпатара ўлады ў Беларусі, а на паседжанні расейскага Савету Федэрацыі Лукашэнка спрабаваў вылучыцца сярод кіраўнікоў расейскіх рэгіёнаў яркай рыторыкай: распавядаў ім, як загадаў сваім падначаленым «хадзіць па гаўне». Мы ўсе ўжо паспелі прызвычаіцца да гэтакіх сітуацыяў, і можна было б толькі пасмяяцца з гэтага стэндапу на гастролях, калі б не той расклад для Беларусі, што абмяркоўваўся за зачыненымі дзвярыма крамлёўскіх кабінетаў.
У першую чаргу варта адзначыць заўважную змену ў рыторыцы Лукашэнкі пасля гэтай сустрэчы. Напрыклад, 13 сакавіка, перад размоваю з Пуціным, Лукашэнка распавядаў расейскім журналістам, што «мы ведаем, што нам трэба», маючы на ўвазе сябе і крамлёўскага калегу. Маўляў, яны разам вызначалі нейкія прымальныя для сябе ўмовы мірнага пагаднення. Таксама яшчэ тыдзень таму Лукашэнка публічна заяўляў пра жаданне праводзіць перамовы аб замірэнні паміж Расеяй і Украінай у Менску, а вось ужо кажа, што «асабліва нікуды не рвецца». Цяпер ужо, маўляў, «Расейская Федэрацыя ведае нашыя інтарэсы і ні ў якім выпадку нікому не саступіць і не адступіць ад нашых інтарэсаў».
,,Падобна, што камусь чарговы раз даходліва растлумачылі ягоную ролю ў раскладзе, запланаваным Масквой. І адбывалася тлумачэнне не ў самых прыемных для шклоўскага дыктатара тонах. Бо чым яшчэ абгрунтаваць выказванні Лукашэнкі ў публічнай частцы размовы, калі ён некалькі хвілінаў пераконваў Пуціна ў тым, што беларускі народ на «прэзідэнцкіх выбарах» паказаў сваю геапалітычную арыентацыю ў бок Расеі, падтрымаўшы ўзурпатара ўлады ў Менску?
Гэта ягоная даўняя песня: Лукашэнка стварае імідж галоўнага прарасейскага палітыка ў Беларусі, і ніхто не можа быць больш прарасейскім за яго. Эльвіра Мірсалімава не дасць схлусіць. Для Крамля ж гэта мусіць выглядаць так, што без Лукашэнкі ў Беларусі тут жа «падымуць галаву нацыяналісты», пра што ён таксама ў сваёй прамове ўзгадаў. Гэта ўсё выглядала як нейкае даказванне ўласнай патрэбнасці для «старэйшага брата», каб той раптам не ўздумаў абмяняць свайго баскака ў Беларусі на нейкія саступкі супрацьлеглага боку падчас вялікай угоды з Захадам наконт замірэння ва Усходняй Еўропе.
Выглядае, што часткай гэтай гульні ёсць і заявы Лукашэнкі пра не толькі магчымасць размяшчэння расейскіх ракетаў «Арэшнік» у Беларусі, але і ўдзел беларускага вайскова-прамысловага комплексу ў вырабе пускавых сістэмаў для гэтай зброі.
,,Бо з дакументу пра ўмовы замірэння, які быў распрацаваны расейскімі адмыслоўцамі і апынуўся ў руках журналістаў Washington Post», вынікае, што Крэмль прапаноўвае абмяняць неперакідванне ў Беларусь новых расейскіх ракетаў на адмову ЗША ад размяшчэння сваіх ракетных комплексаў сярэдняй дальнасці ў Еўропе. То бок Масква хоча спрабаваць выгандляваць штосьці сапраўды вартае за звычайныя размовы Лукашэнкі.
У гэтым усім кантэксце важна звярнуць увагу і на апошнія дзеянні лукашэнкавай дыпламатыі. У прыватнасці, працу на лівійскім кірунку. То спецназ мяцежнага генерала Хафтара трэнуецца ў Беларусі, а то цэлая дэлегацыя на чале з кіраўніком КДБ Церцелем ляціць у Бэнгазі абмяркоўваць «двухбаковую супрацу».
Магчыма, Пуцін даваў Лукашэнку ўказанні і наконт працы на гэтай геапалітычнай дзялянцы. Бо пасля вымушанага сыходу з Сірыі Крэмль перакінуў войскі адтуль менавіта ва Усходнюю Лівію, якую кантралюе не міжнародна прызнаны ўрад, а хунта на чале з вышэйзгаданым Хафтарам. Якога, здаецца, Масква падбухторвае пачаць новы наступ на сталіцу – Трыпалі – з мэтай поўнага захопу краіны.
Такі канфлікт на поўдні ад Еўропы стварыў бы дадатковыя праблемы для краінаў ЕЗ: новую хвалю нелегальных мігрантаў, наркотыкаў і зброі. Паводле планаў Крамля, гэта павінна як адцягнуць увагу Старога Свету ад Украіны, гэтак і стварыць дадатковы козыр на меркаваных мірных перамовах. Мусіць, Лукашэнка атрымаў інструктаж і ў гэтай галіне сваёй дзейнасці.
Таму ўсе спробы афіцыйнага Менску прадэманстраваць наяўнасць уласнай палітычнай суб’ектнасці разбіваюцца аб суровую рэчаіснасць: неабходнасць крочыць у нагу з інтарэсамі свайго «старэйшага брата» ды аглядвацца, каб зямля раптоўна з-пад ног не вылецела.
belsat.eu