навіны

Новы ўрад, сігналы з-за акіяна і адгалоскі 8-га сакавіка. Падзеі тыдня ў малюнках

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат
Малюнак: Дэ Лёс / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Падзеі на акіянам бударажаць увесь свет, Беларусь таксама не адстае ад сусветнай павесткі – ходзяць чуткі, што ў нашу краіну можа прыехаць нават амерыканскі прэзідэнт. Але пакуль гэта не здарылася жыццё ідзе сваёй чарадой – «адгрымела» 8-га сакавіка, прайшла кніжная выстава і з’явіўся новы ўрад. За гэтымі і іншымі падзеямі разам з «Белсатам» сочыць мастак Дэ Лёс.

Урад новы, твары ўсё тыя ж 

Аляксандр Лукашэнка 10 сакавіка закончыў чарговае пасля выбарчае «ператрахіваніе» чыноўнікаў. Новых кіраўнікоў атрымалі два важнейшыя дзяржаўныя органы – урад узначаліў старшыня Менскага аблвыканкаму Аляксандр Турчын, а ў крэсла старшыні Нацбанку перасеў ужо былы прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка.

Твары гэта не новыя, ды і ўзровень самастойнасці не змяніўся. «У нармальных краінах з падзелам улады прызначаецца прэмʼер-міністр – і потым ён выносіць прапановы парламенту пра персанальны склад ураду. А ў Беларусі спачатку прызначылі ўсіх міністраў, а прэмʼер дэманстратыўна прызначаецца апошнім», – звяртае ўвагу палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў. На яго думку, гэта Лукашэнка зрабіў адмыслова, каб паказаць новаму прэмʼеру на ягонае месца, ягоную ролю, «каб ён занадта не задаваўся».

Яшчэ большую цікавасць выклікала назначэнне Галоўчанкі, які не мае ні досведу, ні адмысловай адукацыі, на пасаду кіраўніка Нацбанку. Эксперты мяркуюць, што фінансавы рынак Беларусі чакаюць не самыя лепшыя часы і ўзгадваюць будаўніка Пятра Пракаповіча.

«Спадзяюся, што Раман Галоўчанка змог вывучыць нейкія ўрокі з вынікаў кіравання Пракаповіча. У такім выпадку ён, напэўна, паспрабуе не руліць сам, а прыслухвацца да меркавання і парадаў, можа быць, часткі каманды, якая застанецца пасля адыходу Калавура», – разважае эканаміст Леў Львоўскі. Калі ж гісторыя нічому не навучыла Галоўчанку, то Львоўскі засцерагае: Беларусь могуць чакаць «даволі вясёлыя часы».

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат
Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Свет у пошуках рэдказямельных металаў

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп узняў на сусветны ўзровень тэму рэдказямельных металаў. Ён мае намер павялічыць іх вытворчасць на тэрыторыі Штатаў і пахіснуць кітайскі кантроль над галіной.

Тэму карысных выкапняў Трамп звязвае з ваеннай дапамогай Украіне. 28 лютага ЗША і Украіна мелі падпісаць угоду пра здабычу рэдказямельных металаў, але дамова сарвалася, калі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі стаў пытаць пра гарантыі бяспекі. Праз нейкі час краіны зноў вярнуліся да абмеркавання гэтай тэмы.

Шукаць на сваіх тэрыторыях рэдказямельныя металы пачалі многія краіны. Беларусь таксама не засталася за бартом гэтай дзейнасці. Пра тое, як і дзе па загаду Аляксандра Лукашэнкі ідуць пошукі ў нашай краіне расказаў у эфіры СТБ намеснік генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтру геалогіі Васіль Колб. Як вынікае з яго слоў, аптымізму мала –  досведу ў беларускіх спецыялістаў няма, таму нават для ацэнкі перспектываў радовішчаў – выявіць глыбіню залягання, падлічыць рэсурсы і запасы, а таксама вызначыцца з тэхналогіяй здабывання – давядзецца запрашаць расейскіх калег. На яго ж думку, эканоміка гэтай магчымай здабычы, «малаэфектыўная або пакуль немэтазгодная».

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат
Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Лаўры міратворцы і чаканне Трампа

Беларусь наведаў амерыканскі блогер Мар’ё Нофал і ўзяў інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі. Днямі яно было апублікаванае. Сярод іншага, беларускі кіраўнік у ім зноў прапанаваў свае пасрэдніцкія міратворчыя паслугі: «Прыязджайце. Вось тут сядзем спакойна, без гвалту, без крыкаў, дамовімся. Таму перадайце Трампу: я яго чакаю тут разам з Пуціным і Зяленскім. Сядзем і спакойна дамовімся, калі вы хочаце дамовіцца».

Прарэагавалі на прапанову пакуль толькі ў Маскве. «Канешне, для нас Менск – гэта найлепшае месца. Гэта наш галоўны саюзнік. Таму для нас гэта найлепшае месца для перамоваў», – сказаў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Адсутнасць рэакцыі з Вашынгтону не перашкодзіла некаторым прапагандыстам сур’ёзна абмяркоўваць магчымасць прыезду ў Беларусь прэзідэнта ЗША. 

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат
Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Беларускую кнігу – у чырвоную кнігу

З 12 па 16 сакавіка ў Беларусі праходзіць XXXII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Дзяржаўныя прапагандысты ўзахлёб распавядаюць пра яе маштабнасць. Удзел у ёй прымаюць каля 20 краін, сярод якіх - удзельнікі ЕАЭС, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Куба, Кітай, распавядаюць афіцыйныя крыніцы. Міністр інфармацыі Марат Маркаў распавёў, што на выставе шырока прадстаўлены кнігі, «якія раскрываюць подзвіг народа, які адстаяў сваю свабоду ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Але ці многа там тых кніг, што нясуць праўду?

Акурат напярэдадні адкsрыцця выставы, стала вядома, што «экстрэмісцкімі» прызналі некалькі кніг, што расказваюць пра гісторыю партызанаў падчас Вялікай Айчыннай вайны.

У лік «экстрэмісцкіх» трапілі такія выданні, як «Партизаны СССР: от мифов к реальности» Сяргея Захарэвіча, «Советские партизаны: Мифы и реальность» Міхася Пінчука, а таксама кніга «Кроў i попел Дражна: гiсторыі партызанскага злачынства», у якой расказваецца пра 25 мірных жыхароў вёскі Дражна Старадарожскага раёну, забітых у 1943 годзе атрадам савецкіх партызанаў.

Гэта не першы выпадак, калі кнігі прызнаюцца «экстрэмісцкімі». Напрыклад, да гэтага шэрагу ўлучылі некалькі кніг беларускага гісторыка Уладзіміра Арлова. У студзені адразу 30 кніг былі далучаны да ліку «экстрэмісцкіх». У тым сумным спісе кнігі Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай, Лідзіі Арабей, Уладзіміра Някляева, Вацлава Ластоўскага  Алеся Петрашкевіча. Забаронены ў Беларусі антыўтопія Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», «Беларуская нацыянальная ідэя» Змітра Лукашука і Максіма Гарунова і нават «Балада пра маленькі буксір» Іосіфа Бродскага.

Выціснутыя за мяжу беларускія выдаўцы і пісьменнікі ладзяць свае выставы за мяжой, выдаюць новыя кнігі, але іх, вядома ж, не будзе на выставе ў Менску. 

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат
Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

8-е сакавіка – гэта пра вясну ці пра палітыку?  

Міжнародны жаночы дзень у савецкія часы быў адным з найбольш любімых святаў. Зараз адносіны да яго самыя розныя. Якія менавіта, напярэдадні свята мы пацікавіліся ў вядомых беларусак і атрымалі многа цікавых адказаў.

Беларусы памятаюць пра палітычных зняволеных кожны дзень, але 8-га сакавіка стала нагодай, каб узгадаць пра тых, хто знаходзіцца за кратамі.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў агляд парушэнняў правоў жанчын у месцах няволі ў Беларусі. Справаздачы далі назву «Нас вырашылі зусім звесці са свету» – гэта цытата палітзняволенай Валерыі Касцюговай.

У Міжнародны жаночы дзень кіраўнік Беларусі і беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская павіншавалі беларусак са святам. Віншаванні адрозніваліся як зместам, гэтак і формаю. Святлана Ціханоўская выступіла з відэазваротам, у якім падзялілася асабістым досведам пра тое, як барацьба за правы жанчын сталася важнаю часткаю ейнага жыцця. Яна падкрэсліла: сёння жанчыны змагаюцца за роўныя магчымасці, справядлівасць і дэмакратыю. Лукашэнка распавядаў пра жанчын, як натшненне для мужчын.

Дэ Лёс belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10