Такую міжвольную рэакцыю выклікала ў мяне размешчаная на прапагандысцкім рэсурсе навіна пра тое, што Доналд Трамп з 2 красавіка збіраецца тарыфнымі захадамі закрыць імпарт харчовых прадуктаў у ЗША.
Навіна, натуральна, падавалася ў аптымістычным рэчышчы. Маўляў, амерыканскія фермеры адкрываюць шампанскае («Крышталь», не менш), злыдні з міжнародных карпарацыяў ірвуць валасы на розных частках цела, а яшчэ, маўляў, чакаецца перадзел рынку ў сусветным маштабе, у якім Беларусь як імпарцёр харчовых прадуктаў можа адкусіць свой кавалачак.
«Галоўнае – кусаць, а не лузгаць». Гэта, калі што, цытата. Які стыль? Пушкіны, не менш!
Да перспектываў беларускай прадуктовай экспансіі мы вернемся крыху пазней, а пакуль давайце прыгледзімся да «вар'яцкага чаявання», што адбываецца за акіянам. Абяцанне абрэзаць імпарт харчавання ў ЗША ($ 200 млрд і крыху менш за 20 % унутранага рынку) ледзь саступіла ў часе ўжо ўведзеным пошлінам памерам 25 % на амаль увесь імпарт з Канады і Мексікі, а імпартны падатак на кітайскія тавары ўзняты ўдвая, да 20 %.
Ну малайцы ж, хлопцы! Трамп, Маск, Вэнс! (Дзіўна, ува ўсіх траіх такія кароткія прозвішчы, як імёны герояў коміксаў – супадзенне?) Змагаюцца яны за развіццё айчыннай вытворчасці? Займаюцца такім зразумелым для беларусаў імпартазамяшчэннем? Паказваюць «кузькину мать» усім гэтым, якія... ну, супраць Амерыкі!
Нібы і так, але тут ёсць некаторыя (цалкам чаканыя) негатыўныя эфекты. Самы просты і хуткі – і Кітай, і Канада не засталіся ў даўгу і ўжо адказалі амаль сіметрычнымі павелічэннямі мытаў. Мексіка прытарможвае, але абяцае. Трэба адзначыць, што хоць у ЗША з гэтымі краінамі складаўся адмоўны гандлёвы баланс, але аб'ём экспарту амерыканскіх тавараў у гэтых кірунках таксама вылічаўся сотнямі мільярдаў долараў. Дык што, як бы «тое на тое» і выходзіць? Асабліва, калі ўспомніць, што нешматслоўныя кітайскія таварышы ўжо пачалі расследаванні ў дачыненні асобных амерыканскіх кампаніяў.
,,Але далей – больш. Хто заплаціць за гандлёвыя бар'еры, што ўзводзяцца?
Было б вялікай ілюзіяй паказваць сітуацыю так, як быццам задушаныя імпартам амерыканскія вытворцы (прамыслоўцы, фермеры) пакутавалі, але захоўвалі пустыя вытворчыя магутнасці, плацілі за прастой персаналу, неслі ўсе спадарожныя выдаткі ў чаканні прыходу (вяртання) Трампа ў Белы дом. Вельмі і вельмі наўрад. Тым больш, што і перанос вытворчасці за мяжу, і развіццё імпарту на шкоду айчынным (амерыканскім) кампаніям былі выкліканыя цалкам празаічнымі прычынамі – там было танней, аб'ектыўна.
Цяпер жа імпартазамяшчэнне, айчыннае, будзе даражэць – а куды яно дзенецца? Там жа рэгулявання цэнаў (пакуль) няма. Праўда, падаражэе яно тады, калі тое айчыннае будзе вырабленае, бо, каб замясціць імпарт на сотні мільярдаў долараў, трэба аналагічныя сотні мільярдаў укласці ў вытворчасць, у найманне і навучанне працаўнікоў, «закапаць у зямлю» (у выпадку сельскай гаспадаркі). І тут як з дзевяццю жанчынамі – яны за адзін месяц нікога не народзяць, нават такога генія, як Трамп, нават калі будуць моцна тужыцца. Трэба некаторы час, які вымяраецца ў гадах. Можа, да заканчэння прэзідэнцтва Доналда і паспеюць, а можа і не.
Таму пакуль будзе толькі прадказальны, гарантаваны ўсплёск інфляцыі. Яна будзе вымаць 1500-2000 долараў з сямейных бюджэтаў шараговых амерыканцаў, не разбіраючы, дэмакраты яны, рэспубліканцы ці якія-небудзь анархісты з зялёнымі. Ува ўсіх.
,,Ад гэтых «простых рэцэптаў» Доналда і ягонай каманды моцна пахне адкрытай «шарыкаўшчынай», з якой жыхары Беларусі вельмі добра знаёмыя.
Мы перажылі і вылучэнне тэрыторыяў пад бахчавыя, і спробу цалкам забараніць пасярэдніцтва, і загад «цэны, стаяць!», якому цэны чамусьці не падпарадкаваліся... А ўжо імпартазамяшчэнне – гэта наогул нашае ўсё! Мы тут шмат чаму можам навучыць «вашынгтонскі абкам», толькі паклічце!
Трамп, са сваімі бальшавіцкімі замашкамі, паводзіць сябе так, што якраз уводзіць у абарачэнне парафразу «як Трамп у пасуднай краме». І калі ён працягне рух у зададзеным кірунку, дык мы цалкам можам убачыць трагічныя наступствы ізаляцыі ЗША і... так, менавіта яго – даўно абяцанае аслабленне ўплыву долара ў свеце. Ён, долар, трымаецца на даверы, а які ўжо тут давер, адкуль яму ўзяцца?
Ах так, што ж тычыцца планаў «прадуктовай экспансіі» беларускіх прапагандыстаў. Логіка такая: закрыццё імпарту тавараў у ЗША выкліча некаторы лішак гэтых тавараў у свеце, а гэта значыць зніжэнне цэнаў, а заадно і прыбыткаў прадпрыемстваў. Так што злавіць у гэтай каламутнай вадзе можна было б толькі якое-небудзь непрыемнае эканамічнае захворванне, што «кусай», што «лузгай». Але беларускаму харчпраму гэта не пагражае, яго няма на сусветным рынку. Адзіны кірунак экспарту харчовых прадуктаў – Расея (і ледзь-ледзь, нязначна, Кітай), усё астатняе – слёзы. Таму тое, што адбываецца ў ЗША, Канадзе або Бразіліі, нас у гэтым выпадку тычыцца ў вельмі нязначнай ступені. Хіба што цэны на калійныя ўгнаенні зноў упадуць. Проста праз празмернасць харчовых прадуктаў у свеце. А так дык так, зробім Амерыку зноў вялікай! Ура, таварышы! За моцныя і квітнеючыя Злучаныя Штаты!
P. S. Чакаецца адмоўны рост ВУП ЗША, то бок зніжэнне на 2,8 % за першы квартал, што ёсць найгоршым паказнікам з часоў COVID-19.
belsat.eu / ЮК