Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зацвердзіў склад дэлегацыі, што будзе браць удзел у мірных перамовах. Прозвішчы чальцоў групы прапісаныя ў адпаведнай пастанове, апублікаванай на афіцыйным сайце прэзідэнта.
Ва ўкраінскую перамоўную групу ўвойдуць: кіраўнік Офісу прэзідэнта Андрэй Ярмак, кіраўнік МЗС Андрэй Сыбіга, кіраўнік Мінабароны Рустэм Умераў, намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Павел Паліса.
Ярмак узначаліць дэлегацыю. Ён будзе мець права ўносіць пасля ўзгаднення з Міністрам замежных справаў Украіны змяненні ў склад дэлегацыі, а таксама прыцягваць да яе працы работнікаў дзяржорганаў, прадпрыемстваў, арганізацыяў, навуковых дарадцаў і экспертаў.
Уладзімір Зяленскі даручыў стварыць дэлегацыю ад Украіны для ўзаемадзеяння з міжнароднымі партнёрамі з мэтаю забеспячэння перамоўнага працэсу ў дасягненні справядлівага міру.
Падчас перамоваў паміж ЗША і Украінаю 11 сакавіка ў Саудаўскай Аравіі амерыканскі бок прапанаваў спыніць агонь на 30 дзён. Украінская дэлегацыя пагадзілася і заявіла, што гатовая да працягу міру ў выпадку, калі гэтыя ўмовы адначасова прыме і будзе выконваць Расейская Федэрацыя.
Уладзімір Пуцін падчас супольнай прэс-канферэнцыі з Аляксандрам Лукашэнкам у Маскве 13 сакавіка заявіў, што згодны спыніць баявыя дзеянні, але «гэтае спыненне мусіць быць такім, што прывяло б да доўгатэрміновага міру і зліквідавала б першапачатковыя прычыны гэтага крызісу».
Марыя Міхалевіч belsat.eu