У інтэрв'ю блогеру Мар'ё Наўфалу Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ён гатовы «перагарнуць старонку» і дараваць тым, хто ў 2020 годзе выступіў супраць улады, а праз пару дзён на нарадзе з чыноўнікамі распарадзіўся не дараваць прадстаўнікам культуры іх «здрады». Дык хто ў краіне кіруе рэпрэсіямі?
«У гэтым мая задача і мы гэта робім. Той, хто памыліўся, хто быў адурманены – павінны жыць на сваёй зямлі, ствараць сем’і і расціць дзяцей. Гэта адна з маіх задачаў», – сказаў Лукашэнка ў інтэрв’ю амерыканскаму блогеру.
Забаўна назіраць, як для замежнай аўдыторыі, якая не вельмі разбіраецца ў беларускіх рэаліях, Лукашэнка захацеў паўстаць у вобразе такога лагоднага і ўсёдаравальнага кіраўніка.
Беларусы, аднак, жывуць у іншай рэальнасці – палітычных рэпрэсіяў і тэрору, небяспекі пры выказванні любой альтэрнатыўнай думкі – і часам услых задаюцца пытаннем, хто ж і чаму настойвае на працягу рэпрэсіяў пры тым, што ва ўмовах татальнай зачысткі ўсяго палітычнага, актыўнага ў гэтым няма ніякай заўважнай неабходнасці.
,,Што ж, калі ў каго і заставаліся на гэты конт сумневы, то іх развеяў сам Лукашэнка. Трэцяга сакавіка падчас кадравых прызначэнняў у сацыяльны блок ураду ён заявіў, што нельга дараваць удзелу ў пратэстах.
«Я лічу, што яны вельмі таленавітыя», – я цытую некаторых міністраў. «Таму яны павінны працаваць». Нягледзячы на тое, што яны ворагі фактычна нашай дзяржавы і сядзяць да пары пад венікам. У вашай структуры такіх дастаткова. Больш, чым дзе-небудзь. Гэтага быць не павінна.. Трэба ўмець прабачаць, калі гэта магчыма, але калі нехта парушыў, пераступіў закон, свядома гэта зрабіў, якое тут можа быць дараванне», – выказаўся ён адносна дзеячаў культуры.
,,«Якое тут можа быць дараванне?» Гэта не развага ўслых, гэта інструкцыя да дзеяння, загад. Загад не толькі звальняць людзей, якія хоць неяк выявілі нелаяльнасць да ўлады, але і загад заводзіць супраць іх крымінальныя справы, пазбаўляць волі, выціскаць за мяжу.
Тое, што ў мностве сфераў не хапае прафесійных працаўнікоў, што дэфіцыт кадраў вымяраецца сотнямі тысяч, што ў многіх раёнах амаль немагчыма трапіць на прыём да лекара, Лукашэнку не вельмі турбуе. Бо ёсць прыярытэтная задача – захаванне ўлады, дзеля чаго трэба трымаць грамадства ў страху, працягваць рэпрэсіі.
Таму варта разумець, што гэта не нейкія загадкавыя актыўныя сілавікі ініцыююць гэты працэс – яны здольныя толькі выконваць загады. Гэта выключна сам Лукашэнка дае такі загад, такую палітычную ўстаноўку, што ён яшчэ раз адкрыта засведчыў перад тэлекамерамі.