Сумныя навіны прынесла стужка ў панядзелак, 9 сакавіка. Скончылася дзесяцігадовая вахта Паўла Калавура на пасадзе старшыні Нацыянальнага банку Беларусі. На вакантнае месца заступіў «аптымістычны прэм'ер» Раман Галоўчанка.
Павел Калавур – аўтар і сімвал цалкам адэкватнай, паслядоўнай, прафесійнай палітыкі кіравання грашоваю сістэмаю Рэспублікі Беларусь. Калавура, прафесійнага банкіра, прызначылі кіраваць Нацыянальным банкам 27 снежня 2014 года, а за тыдзень да таго гэты ўласна Нацбанк увёў камісію 30 % на набыццё валюты.
Гэта была зусім ідыёцкая (прабачце, але па-іншаму не скажаш) захада, спроба ўтрымаць намінальны курс беларускага рубля, які кінуўся тады ў пагоню за расейскім. Парадаксальны фінал «крымскай вясны» 2014 года, якая выклікала абвал расейскага рубля амаль на 100 % і пацягнула за сабою беларускі.
Павел прыйшоў да кіраўніцтва ў настолькі неспрыяльных умовах і зрабіў менавіта тое, што і належала зрабіць. Ён увёў цалкам рынкавае курсаўтварэнне, адмяніў (паступова) продаж валютнай выручкі, абмежаваў дырэктыўнае крэдытаванне дзяржаўных прадпрыемстваў. У выніку грашовая сістэма досыць хутка прыйшла ў здаровы стан.
,,Так, менавіта ягоным (і ягонага ведамства) намаганням беларусы маюць падзякаваць за... захаванне сваіх прыбыткаў ад бясконцых дэвальвацыяў і абвальнай інфляцыі. Менавіта так. Менавіта яму.
Павелічэнне курсу долара за 10 гадоў з фактычных 1,5 рубля да сённяшніх 3,2 – таксама такое сабе дасягненне, рост больш як на 100 %, за што ў эканамічна стабільных краінах, вядома ж, не пахвалілі б, але! Што, калі паглядзець на папярэднія 10 гадоў? Там жа падзенне было ў 7 разоў. І інфляцыя таксама прыняла ў гэтыя гады не тое каб ідэальныя, але цалкам прымальныя формы, памеры, часам апускаючыся ніжэй за 10 %.
Былі ў Нацбанку, пад ягоным, Паўлавым, кіраўніцтвам і цёмныя старонкі, як «уваходжанне» ў «Белгазпрамбанк», але ўсё ж такі, здаецца, што такія пастановы прымаліся на іншых узроўнях. Таму за гэтыя 10 гадоў Калавуру варта паставіць сапраўдныя 5+ у дзённік, выдаць грамату і шчыра падзякаваць.
Дык а што Раман наш Аляксандравіч Галоўчанка? Гэты «спецыяліст» апошнія пяць гадоў прэзентаваў супрацьлеглы бок. Супрацьстаянне няяўнае і невідавочнае было натуральным. Прэм'ер, адказваючы за паказнікі росту ВУП, экспарту, быў шчыра зацікаўлены ў вялікіх і бясплатных грошах для дзяржаўных прадпрыемстваў. І кіраўнік Нацбанку, які дазволіў сабе гады два таму заявіць публічна, што «магчымасці для крэдытавання дзяржаўных прадпрыемстваў скончыліся» праз нездавальняльныя паказнікі іх балансаў, не мог не выклікаць раздражнення.
Вынікі ж дзейнасці Галоўчанкі на пасадзе прэмʼера відавочныя. Ён сеў у гэтае крэсла ўлетку 2020-га, перад самымі выбарамі, і ступень выканання ім жа складзенай Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021–2025 гады складае каля 30 %: у прыватнасці, рост ВУП павінен быў скласці за мінулыя чатыры гады больш за 15 %, атрымалася ж крыху вышэй за 5 %…
Дык а калі згадаць пра тое, як ён жа, Раман Аляксандравіч, шчыра пераконваў Лукашэнку ўлетку 2024-га ў тым, што з замежным гандлем у нас усё добра, што нахіл, які намаляваўся ў мінус, будзе выпраўлены ў трэцім квартале... у выніку за год спрацавалі ў мінус 1,3 млрд (пры плане + 0,7–0,8).
,,Яго б гнаць сцанай анучаю за такія дасягненні, але... лава запасных у Лукашэнкі кароткая, дый да пасады кіраўніка Нацбанку праяўляецца стаўленне як да нейкай пенсійнай сінекуры, а не месца, дзе трэба кожны дзень упарта працаваць.
Таму вось так, змена варты. І ўсё б нічога. Кіраўнік сышоў, але ўвесь калектыў спецыялістаў застаўся (спадзяюся), дасць Бог, не «заваляць пасяўной», калі б не адно вялікае «але».
Ужо занадта відавочна ў прамовах Лукашэнкі дзьмула пажаданнем, каб цяпер (!) кіраўніцтва Нацбанку працавала з кіраўніцтвам ураду як «адзіны кулак». Як бы за гэтым пажаданнем не хаваўся дазвол уключыць друкарскі станок і вярнуцца да практык эпохі Пятра Пракаповіча, да «каналізаваных эмісіяў», якія прыводзілі да цалкам венесуэльскіх, а то і зімбабвійскіх дысбалансаў у эканоміцы.
Пакуль гэта толькі перасцярогі, але Раман Галоўчанка банкірам не ёсць, і ўсё ягонае папярэдняе «служэнне», хутчэй, кажа пра тое, што пры атрыманні адпаведных указанняў ён не будзе спрачацца, не будзе клапаціцца пра кішэні беларусаў і ўласную рэпутацыю, а проста возьме да выканання. Пакуль гэта проста чаканне будучыні. Але на душы цьмяна.
belsat.eu / MB