навіны

Расследаванне: Беларусь прадае ў ЕЗ алей з рапсу з акупаваных тэрыторыяў Украіны

Рапс і рапсавы алей
Рапс і рапсавы алей. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: vitbichi.by
podpis źródła zdjęcia

Расея вывозіць з акупаваных украінскіх тэрыторыяў насенне рапсу і адпраўляе яго ў Беларусь. Беларускія прадпрыемствы робяць з яго алей і прадаюць у краіны Еўразвязу. Да гэткіх высноваў прыйшлі Беларускі расследавальніцкі цэнтр, літоўскае выданне 15min.lt, латышскі тэлеканал TV3, украінскі праект «Схемы» і «Кіберпартызаны» ў супольным расследаванні «Нерафінаваны імпарт. ЕЗ купляе беларускі алей з рапсу з акупаванай часткі Украіны».

У апошнія гады продаж рапсавага алею з Беларусі ў Еўразвяз значна вырас. У першым паўгоддзі 2024 года ён склаў 90,4 тысячы тонаў на 67,7 мільёнаў еўраў – гэта ў 2,6 разу больш, чым за ўвесь 2021 год. Асноўныя пакупнікі алею – Літва, Латвія і Польшча.


Беларусь імпартуе рапс, нягледзячы на ўласныя рэкордныя ўраджаі, бо магчымасці для перапрацоўвання ў нашай краіны вышэйшыя за колькасць сыравіны. Раней насенне рапсу завозілася ў Беларусь з Украіны і Расеі, а цяпер – толькі з Расеі. Фармальна. Расследавальнікі высветлілі, што насамрэч частка сыравіны паступае з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны, а ў прыватнасці – з Херсонскай вобласці на прадпрыемства ТАА «Аграпрадукт»: толькі ў жніўні 2023 года яно атрымала з Херсоншчыны каля 728 тонаў сыравіны. Пра гэта БРЦ даведаўся са звестак расейскай Федэральнай дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы «Зерно», якія журналістам перадалі хакеры «KibOrg».

,,

«Ці маглі ў кампаніі «Аграпрадукт» не ведаць аб паходжанні сыравіны, якую яны набываюць? Наўрад. У таварасуправаджальных дакументах на пастаўкі адрасам адпраўлення пазначаная Расейская Федэрацыя, але вобласць прапісаная ўкраінская – Херсонская», – зазначаюць аўтары расследавання.


Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: productionone.by

Расследаванне: казіно ў Беларусі адмываюць грошы, а КДБ і чыноўнікі іх «крышуюць»

навіны

Попыт на рапсавы алей вырас у Еўразвязе пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.


«Сёння, нават у перыяд гэтых шалёных санкцыяў, Еўропа просіць: «Дайце рапсавы алей!», – казаў Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў чэрвені 2022 года падчас працоўнай паездкі ў Магілёўскую вобласць.


Еўразвяз не ўводзіў санкцыяў супраць беларускай аграрнай прадукцыі. Але Літва забараніла ўвоз збожжавых, алейных культураў і іх прадуктаў з Беларусі і Расеі. У той жа час расследавальнікі знайшлі кампаніі, якія імпартавалі ці выступалі транспартнымі пасярэднікамі пры ўвозе рапсавага алею з Беларусі ў Літву. Гэтыя фірмы сцвярджаюць, што не ведалі, што сыравіна для алею з Беларусі насамрэч паходзіць з акупаваных тэрыторыяў Украіны. А забарону Літвы на ўвоз беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі абыходзілі пры дапамозе імпарту праз трэція краіны ЕЗ, якія не ўводзілі такіх абмежаванняў (хоць у той жа час, 1 ліпеня 2024 года, Еўракамісія ўвяла забароннае мыта на ўвоз збожжа, насення алейных культураў і прадуктаў іх перапрацоўвання з Расеі і Беларусі). Акрамя таго, дазволены транзіт прадукцыі праз Літву.


Беларускі «Аграпрадукт» з Украінай звязвае не толькі пакупка вывезенага з Херсонскай вобласці насення рапсу: украінскія ўлады абвінавачваюць фірму, якая мае дачыненне да гэтай кампаніі, у дапамозе расейскай арміі, гаворыцца ў расследаванні.


70 % долі ТАА «Аграпрадукт» належаць беларускай кампаніі «Транзіт-Аўта 2003». 28 студзеня 2023 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзенні санкцыяў супраць 185 юрыдычных і фізічных асобаў, якіх Расея выкарыстоўвае для транспартавання чыгункаю сваёй вайсковай тэхнікі і вайскоўцаў. Сярод гэтых кампаніяў – «Транзіт-Аўта 2003».


У Беларусі «Аграпрадукт» можа мець заступнікаў у высокіх кабінетах, пішуць расследавальнікі. Дырэктар і сузаснавальнік прадпрыемства Алег Цяслюк да нядаўняга часу быў дэпутатам Берасцейскага абласнога савету. Падчас ягонага дэпутацтва «Аграпрадукт» атрымаў дзяржаўную дапамогу ад Берасцейскага аблвыканкаму: дзяржава ўзяла на сябе абавязак кампенсаваць частку адсоткавых плацяжоў фірмы па крэдытах.


Акрамя таго, Цяслюк добра знаёмы з чыноўнікамі раённага і абласнога маштабу. У 2018 годзе ён ездзіў ва Украіну разам з былым кіраўніком Берасцейскага аблвыканкаму Канстанцінам Сумарам, які ў той час уваходзіў у назіральную раду кампаніі Аляксандра Машэнскага «Русское море». Машэнскага называюць «гаманцом» Лукашэнкі.


У тэлефоннай размове з журналістам БРЦ Цяслюк завіў, што ў расследавальнікаў памылковая інфармацыя пра закупку ягоным прадпрыемствам рапсу з акупаваных тэрыторыяў Украіны.


Цалкам расследаванне «Нерафінаваны імпарт. ЕЗ купляе беларускі алей з рапсу з акупаванай часткі Украіны» можна прачытаць праз спасылку.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10