навіны

Расследаванне: казіно ў Беларусі адмываюць грошы, а КДБ і чыноўнікі іх «крышуюць»

казіно
Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: productionone.by
podpis źródła zdjęcia

Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру раскрылі схему адмывання грошай ад нелегальных онлайн-ставак у беларускіх казіно і знайшлі сувязь яе стваральнікаў з КДБ, беларускімі чыноўнікамі і Лукашэнкам.

«Навошта трэба казіно? Таму што вы можаце адмываць грошы»


Схема адмывання грошай рэалізоўвалася ў «H Casino», якое адкрылася ўлетку 2021 года ў шматфункцыянальным цэнтры «Galleria Minsk». У 2023 годзе яно было самым прыбытковым казіно Беларусі. Хоць перадумоваў да гэтага не было – галіна ў канцы мінулага дзесяцігоддзя перажывала спад.


Гісторыя беларускага «H Casino» пачалася ў Турцыі. Паводле БРЦ, галоўным інвестарам казіно быў турэцкі бізнесовец Халіль Фальялы, забіты ў 2022 годзе, хоць паводле дакументаў уласнікам казіно быў грамадзянін Турцыі Мустафа Эгемэн Шэнэр. Мустафа быў сябрам Халіля, які інвеставаў 50 % сумы на адкрыццё казіно, распавёў расследавальнікам былы фінансавы дырэктар Фальялы Джэміль Энал, які цяпер утрымліваецца ў галандскай турме.


Бізнес-партнёрства Шэнэра і Фальялы на правах ананімнасці пацвердзіла БРЦ яшчэ адна крыніца, якая працавала ў сферы казіно ў Беларусі.


Чаму казіно адкрылі менавіта ў нашай краіне?

,,

«Беларусь не закрылася падчас пандэміі. Каранціну не было», – распавёў былы фінансавы дырэктар Фальялы журналістам.


І растлумачыў, дзеля чаго: «Навошта трэба казіно? Таму што вы можаце адмываць грошы».


Даходы ад нелегальных ставак


Гэта не першае сведчанне таго, што ўласнікі менскага «H Casino» зарабляюць на абароце брудных грошай. Яшчэ да адкрыцця ўстановы ў КДБ прыйшоў ліст:


«У мяне ёсць некаторыя файлы пра дырэктара кампаніі "IGOR KAREL" [ТАА «Ігральны картэль». – Заўв. рэд.], Мустафу Эгемэна Шэнэра, у якіх паказана, як ён пераводзіць нелегальныя грошы і біткойны. Я хачу пра яго паведаміць», – напісаў сілавікам у снежні 2020 года чалавек пад нікам yatko. Разбору ў дачыненні турэцкага бізнесоўца не было.


Грошы, якія адмываюць у «H Casino», – гэта даходы ад нелегальных ставак з Польшчы, Нямеччыны, Чэхіі ды іншых еўрапейскіх краінаў, распавёў Джэміль Энал.


Кампанія «Larsen Technologies», аформленая на няпоўнагадовых дзяцей Халіля Фальялы, у 2017 годзе атрымала ад турэцка-кіпрыёцкай адміністрацыі ліцэнзію на арганізацыю ставак на сайце BetCyp.com. Як распавёў Джэміль Энал, «Larsen Technologies» – гэта прыкрыццё для шырокай сістэмы прыёму нелегальных ставак, у якой удзельнічае менскае «H Casino».


Журналісты OCCRP высветлілі, што сайт BetCyp.com зарэгістравала фірма «Total Gaming Solutions». Яна ж кіруе дзясяткамі сайтаў для онлайн-гульняў без ліцэнзіяў.


Як распавёў Энал, сетка Фальялы фармуе па ўсім свеце каманды куратараў, якія шукаюць ахвочых зарабіць. Для гэтага ім прапаноўваюць прыняць плацеж на іхную банкаўскую карту, крыптагаманец або рахунак плацежнай платформы. Такім чынам атрымліваюць грошы ад гульцоў неліцэнзаваных онлайн-казіно.

,,

«Рахункі адкрываюцца на імёны студэнтаў, хатніх гаспадынь, пенсіянераў і тых, хто атрымлівае мінімальную заробную плату», – паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Турцыі «Anadolu Ajansı».


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: cpzalmaty.kz

Расследаванне: Улады Беларусі зарабляюць на гульнявой залежнасці дзяцей

навіны

«Зарабляе 100 тысячаў еўраў, нічога не робячы»


Калі гулец на нелегальным сайце ў інтэрнэце робіць стаўку, грошы паступаюць не ў казіно, а на рахунак чалавека са створанай сеткі. Затым ён павінен зняць наяўныя грошы ў банкамаце і аддаць іх куратару – чалавеку, які наладзіў працу гэтай схемы. Уладальнік рахунку і куратар атрымліваюць 5 % ад сумы. Астатнія 90 % стаўкі ідуць да Фальялы. Толькі праз прыкладна сотню крыптагаманцоў такім чынам перамясцілі каля $ 1,4 млрд. Гэта вынікае са справаздачы следчага ў справе фінансавых злачынстваў у Турцыі і яе аналізу OCCRP.


Потым наяўныя прывозяць, напрыклад, у Беларусь і ўносяць у касу менскага «H Casino». Быццам гулец прыйшоў туды, зрабіў стаўку і страціў грошы. Нелегальны даход выдаюць за прыбытак гульнявой установы, і грошы фармальна робяцца чыстымі.

,,

«Мустафа не зарабляе сапраўдных грошай у казіно. Мустафа знаходзіць гэтых людзей з крэдытнымі картамі. Ён бярэ дзесяць адсоткаў сабе і пяць адсоткаў [палову ад 10 %. – Заўв. БРЦ] аддае хлопцам. Калі ён здымае адзін–два мільёны еўраў на дзень, ён зарабляе сто тысячаў еўраў, нічога не робячы», – растлумачыў Энал.


Са словаў былога фінансавага дырэктара Фальялы, яўнага пацверджання якіх расследавальнікі не маюць, даход Халіля Фальялы ад незаконнай дзейнасці па ўсім свеце складаў ад 50 да 60 млн еўраў на месяц. Яшчэ 10 млн еўраў ён атрымліваў за нелегальную працу на Кіпры.


Беларускія праваахоўнікі ведаюць пра незаконныя схемы


Гульнявы бізнес у Беларусі строга кантралюецца дзяржавай. БРЦ знайшоў тлумачэнне, чаму пры строгім падыходзе дзейнасць «H Casino» не прыцягнула ўвагі органаў. Верагодна, беларускія праваахоўнікі ведаюць аб незаконных схемах, але працы казіно не перашкаджаюць.


Джэміль Энал заявіў у размове з журналістам OCCRP, што «крышуе» «H Casino» былы супрацоўнік беларускіх сілавых структураў. БРЦ высветліў, што гэта былы супрацоўнік Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі Віталь Матыс.


«Гэта былы агент КДБ, які запэўнівае маю бяспеку ў казіно, у гэтым гатэлі [«DoubleTree by Hilton». – Заўв. БРЦ], абараняе мяне ва ўсім. Ён вельмі добры чалавек. Калі ты прыедзеш, я папрашу яго прыняць цябе, уладзіць твае справы і нават дапамагчы табе з грамадзянствам», – распавёў Энал.


Дачыненне ахоўніка Лукашэнкі да казіно – гэта «сувязь рэжыму Лукашэнкі з усімі гэтымі справамі», сказаў у каментары БРЦ прадстаўнік ініцыятывы «BelPol» Уладзімір Жыгар:


«Каму, як не ахоўніку Лукашэнкі, супрацоўніку СБП [Службы бяспекі прэзідэнта. – Заўв. БРЦ], праверанаму гадамі, давяраць такога кшталту дзейнасць? [...] Гэты прынцып пабудовы лукашэнкаўскай сістэмы, калі толькі правераным, толькі надзейным, з пункту гледжання менавіта Лукашэнкі, людзям, давяраюць тое, што можа прыносіць грошы».


Журналіст БРЦ датэлефанаваўся да Віталя Матыса. Той кінуў слухаўку.


«Няма ніводнай сферы дзейнасці ў Беларусі, не звязанай з сям'ёй Лукашэнкі»


Паказаў Джэміль Энал і на іншых магчымых заступнікаў уласнікаў «H Casino». З ягоных словаў, у Мустафы Шэнэра ёсць агульныя бізнес-інтарэсы з уладальнікамі шматфункцыянальнага цэнтру «Galleria Minsk», у якім месціцца «H Casino». Прычым у кампаніі СТАА «Галерэя Канцэпт», юрыдычнай асобы ўласніка «Galleria Minsk», могуць быць высокапастаўленыя заступнікі не толькі ў Беларусі, але і ў Расеі.


Наколькі вялікая імавернасць таго, што ў дзейнасць «H Casino» замяшаныя сілавікі або чыноўнікі, ацаніў у каментары БРЦ былы дырэктар няўрадавай арганізацыі для барацьбы з карупцыяй «Транспэрэнсі Інтэрнэшнал – Расея ў выгнанні» Ілля Шуманаў. Ён адзначыў, што нават у іншых сферах, менш прыбытковых за казіно, уплыў дзяржавы заўсёды вялікі.

,,

«Няма ніводнай сферы дзейнасці ў Беларусі, якая тым ці іншым чынам не звязаная з сям'ёй Лукашэнкі ці сілавым апаратам. То бок які-кольвек высокі даход як генеравальная галіна – яна робіцца прадметам цікавасці дзяржавы ў шырокім сэнсе. Ну, у прыватнасці, гэта або сямʼя Лукашэнкі, або блізкае кола Лукашэнкі, то бок ягоныя кішэні», – растлумачыў Шуманаў, але дадаў, што не ёсць экспертам у пытаннях Беларусі.


«Дывідэнды» ад гульнявога бізнесу, як высветлілі расследавальнікі, Мустафа Шэнэр інвестуе ў Дубаі, скупляючы нерухомасць: там яму маглі належаць 90 кватэраў. 70 з іх сумарна каштавалі прыкладна 177,6 млн долараў.


Поўны тэкст расследавання – праз спасылку.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10