У распараджэнні радыё «Свабода» апынуліся спадарожнікавыя здымкі пажару ў рэспубліканскім заказніку «Простыр» на беларуска-ўкраінскай мяжы. За тры дні згарэла амаль уся тэрыторыя прыродаахоўнай зоны.
Дым ад пажару з’явіўся на фота 10 лютага. Паводле іх можна меркаваць, што плошча пажару складае каля 25 квадратных кіламетраў.
13 лютага гомельскае выданне «Флагшток» пісала, што на мапе пажараў «NASA FIRMS» з’явіўся буйны пажар, пра які не паведамлялі афіцыйна. Паводле сэрвісу, агонь упершыню быў зафіксаваны ў экасістэме на Палессі і ў Пінскім раёне Берасцейскай вобласці на мяжы Украіны 9 лютага. Самая актыўная фаза пажару прыйшлася на 12 лютага. На дзень 14 лютага сэрвіс «FIRMS» ужо не фіксаваў узгарання.
У зводках Берасцейскага МНС за апошнія дні няма ніякай інфармацыі пра пажар у заказніку.
Заказнік «Простыр» ахоплівае буйное нізіннае пойменнае балота ў міжрэччы Прыпяці, Простыру і Стыру. Гэта апошні з тыповых старых куткоў Заходняга Палесся, што захаваўся сярод пераўтвораных ландшафтаў. Тэрыторыя заказніку мае важнае значэнне для захавання папуляцыяў некаторых рэдкіх відаў птушак.
Ахоўная тэрыторыя была створаная з мэтаю захаваць эталонны ўчастак прыродных балотна-лугавых угоддзяў з багатым раслінным і жывёльным светам, які залучае шмат рэдкіх відаў флоры і фаўны Беларусі. Заказнік мяжуе з Украінай і ёсць часткаю перспектыўнай трансмежнай прыроднай тэрыторыі пад асаблівай аховай «Простыр – Прыпяць – Стаход» (Беларусь – Украіна). Тэрыторыя заказніку забруджаная радыенуклідамі.
Спецыяліст у экалогіі і прыродаахоўных зонах у Беларусі, які з меркаванняў бяспекі пажадаў не называцца, зазначыў у каментары радыё «Свабода», што пажары ўзімку для «малапарушаных натуральных экасістэмаў, у тым ліку балотаў», не ёсць вялікаю праблемаю.
,,«Гэта пэўны шок, з якім экасістэма спраўляецца тым хутчэй, чым меншы ўплыў чалавека зазнае, – кажа эколаг. – Таму для асноўных відаў, што ахоўваюцца на Простыры, вяртлявай чаротаўкі ці вялікага арляца, пажар не створыць праблемаў. Узімку тарфяны пласт балота звычайна насычаны вадою і пакрыты лёдам. Таму пажар хутка праходзіць па версе і выпальвае толькі сухое расліннае покрыва, якое ўвесну аднаўляецца з каранёў і насення».
Паводле эколага, у Беларусі значна паболела пажараў праз цёплыя зімы. Акрамя таго, агульныя змяненні клімату ўплываюць на наводненасць балотаў.
Найбольшую небяспеку эколагі бачаць у дзейнасці чалавека, якая парушае натуральную хаду рэчаў у прыродзе, у выніку чаго пажары робяцца больш небяспечнымі і шкоднымі. Таксама небяспеку эксперт бачыць у стварэнні ў прыродаахоўнай зоне інфраструктуры, якая нібы дапамагае ў барацьбе з пажарамі – сеткі дарог і каналаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu