За апошнія 10 гадоў беларусы сталі спажываць менш бульбы – «нашай традыцыйнай культуры», паведаміў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка 14 лютага падчас наведвання «Світанку імя К. Арлоўскага» ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці.
Чыноўнік мяркуе, што да змяншэння колькасці бульбы на сталах беларусаў спрычыніўся рост даходаў насельніцтва, што «суправаджаецца адначасовым ростам спажывання садавіны і гародніны – за 10 гадоў практычна на траціну».
,,«Людзі могуць сабе дазволіць больш дарагую прадукцыю, а таксама ўкараненне ў нашую свядомасць і практыку элементаў здаровага ладу жыцця, здаровага харчавання, спажыванне большай колькасці натуральнай клятчаткі», – мяркуе Галоўчанка.
Паводле Галоўчанкі, сярод беларусаў павялічыўся попыт на такую гародніну, як баклажаны, пекінская капуста, кабачкі, салодкі перац – іх колькасць «пастанавілі штогод дадаваць патрошку і глядзець, як будзе рэагаваць рынак».
Ураджай бульбы ў Беларусі ў 2024 годзе быў у 1,5 разу меншым, як год раней. 12 снежня 2024-га ўвялі трохмесячнае абмежаванне на продаж бульбы за мяжу – дзеля гэта цяпер трэба атрымліваць адмыслвую ліцэнзію. Выключэнні – для гуманітарнай дапамогі і транзіту праз Беларусь. Зацікаўленым у ліцэнзіях трэба падаваць заявы ў абласныя выканкамы або Менскі гарадскі выканкам. Там правяраюць «свабодныя рэсурсы тавараў» і патрэбы вобласці або сталіцы. Калі «свабодных рэсурсаў» не менш за 80 % ад патрэбаў (для яблыкаў – не менш за 30 %), выканкамы падаюць запыт у Міністэрства гандлю.
З 15 студзеня ў Беларусі ўвялі ліцэнзаванне на экспарт белакачаннай капусты, яблыкаў, рэпчатай цыбулі, морквы і буракоў.
Патрабаванне атрымліваць ліцэнзію на вываз капусты, яблыкаў і цыбулі ўводзілі на тры месяцы ў кастрычніку 2024 года, морквы і буракоў – у траўні 2024-га.
Раней «BELPOL» паведамляў, што ў распараджэнні арганізацыі апынуліся дакументы, якія сведчаць пра тое, што ў беларускіх крамах нестае гародніны.
«Няма нічога – і гэта не дзесьці ў пачатку ці сярэдзіне вясны. Гэта цяпер. Гэта дакументы за восень 2024 года. Сітуацыя ўвогуле жахлівая», – каментаваў прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.
Запасаў бульбы на складах – на два дні, капусты – на дзень, морквы – на 6 дзён. З такімі скаргамі скіроўвала ліст у Міністэрства гандлю гандлёвая сетка «Санта».
Іншая гандлёвая сетка – «Грын» – паведамляла: айчынных яблыкаў на іх складах увогуле няма. Складана і з гароднінаю: бульбаю крама забяспечаная толькі на 30 % ад штомесячных патрэбаў. Рэтэйлер адзначаў: агульны аб’ём паставак беларускай гародніны цягам года абрынуўся з 80 % да 12 %.
Дзяржаўныя сельгаспрадпрыемствы кампенсаваць нястачу не могуць – ураджайнасць не дазваляе. Закрытыя дакументы Белстату сведчаць: сёлета ў Віцебскай вобласці з гектара сабралі бульбы на 97 цэнтнераў менш, як летась. Амаль на 40 % зменшыўся збор гэтых караняплодаў у Гарадзенскай вобласці. Адначасова цягам года пастаўкі бульбы з Расеі ў нашую краіну павялічыліся на 26,78 % – са 188 тысяч тонаў да 238 тысяч тонаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu