У месцах пазбаўлення волі ў Беларусі палітычныя вязні фактычна пазбаўленыя медычнай дапамогі, а хто выходзіць на волю, апавядае ўсё больш жахлівых падрабязнасцяў пра медыцыну і санітарна-гігіенічныя нормы за кратамі, пішуць «Белыя халаты».
Сродак ціску і прыніження
У асуджаных, якія застаюцца ў месцах пазбаўлення волі, ёсць фармальнае права атрымаць паўнавартасную медычную дапамогу, якую абавязаная надаваць дзяржава (арт. 14 Закону аб ахове здароўя Беларусі), аднак на практыцы ўсё выглядае інакш.
,,«Гэтая праблема існуе не першае дзесяцігоддзе, але доўгі час замоўчвалася і нармалізавалася – маўляў, зэкам не належыць чалавечнае стаўленне. Пасля рэвалюцыі 2020 года ў турмах апынуліся тысячы палітвязняў – людзей з актыўнаю грамадзянскаю пазіцыяй, якія не жадаюць замоўчваць гэтай тэмы. Яны першыя ў поўнай меры адчулі на сабе дыскрымінацыю ў галіне надання права на доступ да медыцыны», – зазначаюць актывісты «Белых халатаў».
Да 2020 года, у прыватнасці, у публічных абмеркаваннях рэдка падымалася тэма здароўя зняволеных жанчын, а Гомельская калонія лічылася ўзорнаю. Пра тое, як сітуацыя выглядае насамрэч, казала адна з кіраўніц фонду «Дактары за праўду і справядлівасць» Вольга Вялічка:
«Элементарныя гігіенічныя патрэбы ў зняволенні могуць быць недасяжныя. І ў СІЗА, і ў калоніі лазьбіны – адзін раз на тыдзень. Нават гэтую норму адміністрацыя папраўчай установы парушае: у якасці пакарання жанчын пазбаўляюць і душу, і сродкаў асабістай гігіены. Паводле закону, пракладкі павінны выдавацца бясплатна і дакладна не вымацца з рэчаў, што перадалі сваякі. На практыцы гэта становіцца сродкам ціску і прыніжэння».
Практычна кожны былы вязень мае праблемы з зубамі
Нягледзячы на тое, што паводле закону ў зняволенні належыць тая ж медычная дапамога, што і на волі, у тым ліку прафілактыка і рэабілітацыя, на практыцы асуджаным даводзіцца дамагацца нават звычайных аглядаў, а асабліва вострая праблема доступу да вузкіх спецыялістаў, зазначала Вольга Вялічка.
У пенітэнцыярных установах амаль адсутнічае пераемнасць у атрыманні медычнай дапамогі ў пацыентаў з хранічнымі захворваннямі, як цукровы дыябет, бранхіяльная астма, артэрыяльная гіпертэнзія, ішэмічная хвароба сэрца, маюцца сур’ёзныя праблемы з анкалагічнымі аглядамі, наяўнасцю жыццёва неабходных медыкаментаў у аптэчках СІЗА, калоніяў і іншых папраўчых установаў.
На сёння вядома толькі пра дзве сістэмы ўзаемадзеяння паміж цывільнай і пенітэнцыярнай медыцынамі, якія працуюць эфектыўна – рэестры пацыентаў з сухотамі з лекавай устойлівасцю і пацыентаў з ВІЧ-інфекцыяй. Аднак узаемадзення толькі ў гэтых двух кірунках недастаткова, сцвярджаюць «Белыя халаты».
Асобная «хворая» тэма – стаматалагічная дапамога за кратамі: бракуе спецыялістаў, матэрыялаў для лячэння. Паводле актывістаў фонду «Дактары за праўду і справядлівасць», пасля вызвалення практычна кожны былы вязень мае праблемы з зубамі.
Мінздароўя імкнецца забыцца пра турэмную медыцыну
Міністэрства аховы здароўя ўпарта пазбягае тэмы «турэмнай медыцыны», не зважаючы на асабліва абуральныя выпадкі:
• смерць у калоніі пасля кардыяхірургічнага ўмяшальніцтва асуджанага Мікалая Клімовіча ў траўні 2023 года, які не мог прымаць неабходных пасляаперацыйных лекаў;
• смерць ад прабадной язвы асуджанага Алеся Пушкіна ў ліпені 2023 года;
• выхад на волю палітвязня Вадзіма Ермашука з дыягнаставанаю візуальнаю формай злаякаснага ўтварэння – меланомы, у чэрвені 2024 года.
Прадстаўнікі «Белых халатаў» зазначаюць, што не ўбачылі дзейснага механізму выканання права зняволеных на медычную дапамогу і ў праекце Кодэксу аб ахове здароўя.
,,«Гэта беспасярэдняе наступства таго, што турэмная медыцына ўсё больш аддаляецца ад сферы ўплыву Мінздароўя. Пра яе імкнуцца забыцца, пакідаючы своеасаблівай выспай, адарванай ад сістэмы аховы здароўя», – кажуць праваабаронцы.
Няма стандартаў дыягностыкі і лячэння
«Белыя халаты» звяртаюць увагу, што медычныя часткі ўстановаў крымінальна-выканаўчай сістэмы, што надаюць медычную дапамогу асуджаным, і аддзел медычнага забеспячэння ўпраўлення тылавога забеспячэння Дэпартаменту выканання пакаранняў цяпер у ведамасным падпарадкаванні МУС. Органы, што здзяйсняюць санітарны нагляд за ўстановамі КВС, таксама ў бальшыні выпадкаў падпарадкаваныя МУС.
«Гэта стварае фактычную ізаляванасць медычных службаў пенітэнцыярных установаў ад сістэмы аховы здароўя і робіць немагчымым ці моцна ўскладняе кантроль за якасцю надання медычнай дапамогі», – зазначаюць прадстаўнікі «Белых халатаў».
Адна з ключавых праблемаў такога падзелу і ізаляцыі пенітэнцыярнай медыцыны – адсутнасць і крайняя абмежаванасць ужывання стандартаў, у прыватнасці – клінічных пратаколаў дыягностыкі і лячэння. Стандарты цывільнай аховы здароўя ў пенітэнцыярных установах выкарыстоўваюцца выбарачна і абмежавана, а нейкіх асобных стандартаў у турмах і калоніях няма.
,,«Напрыклад, адсутнічаюць пратаколы аглядаў, абследаванняў людзей, скіраваных у ШІЗА і карцар, няма стандартызаваных прынцыпаў вызначэння магчымасці ўтрымання пад вартаю паводле стану здароўя...» – адзначаюць «Белыя халаты».
Праваабаронцы звяртаюць увагу: 2 ліпеня 2024 года выйшла супольная пастанова МУС і Міністэрства аховы здароўя РБ, што зацвердзіла абноўленую інструкцыю аб наданні медычнай дапамогі і правядзення санэпідзахадаў у папраўчых установах. З ранейшага тэксту інструкцыі знік пункт 154: пра смерць асуджанага адміністрацыя папраўчай установы паведамляе ягоным сваякам. Што гэта азначае на практыцы, не тлумачаць.
Марыя Міхалевіч belsat.eu