«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 3 лютага чытайце ў нашым матэрыяле.
Цягам апошняга тыдня назіралася адносна стабільная сітуацыя па лініі сутыкнення на тэрыторыі Суджанскага раёну Курскай вобласці РФ: ніводны з праціўнікаў не праводзіў актыўных наступальных аперацыяў, засяродзіўшыся на ўдарах артылерыі і БпЛА, што ўскосна ўказвае на агульную стомленасць бакоў і неабходнасць перакідання рэзерваў.
Між тым сам Суджанскі раён па-ранейшаму мае важнае палітычнае значэнне, паколькі кантроль украінцаў над ім робіць больш моцнай пазіцыю афіцыйнага Кіева пры правядзенні мірных перамоваў.
Тым часам на іншым паўночным участку фронту – Ваўчанскі раён Харкаўскай вобласці Украіны – назіраецца актывізацыя Узброеных сілаў РФ на тэрыторыі аднайменнага гораду: тут расейцы штодня намагаюцца пераправіцца цераз раку Воўчу і замацавацца ў паўднёвай частцы гораду. Украінскія вайскоўцы адзначаюць, што асобным малым групам праціўніка ўдаецца высадзіцца на левы бераг і часова заняць пазіцыі, але гэтыя кропкі прысутнасці войскаў РФ хутка ліквідуюцца.
Агулам, выглядае на тое, што атакамі на поўначы Харкаўшчыны расейцы намагаюцца адцягнуць частку вайскоўцаў ЗСУ з Курскай вобласці. Акрамя таго кантроль над гэтым ўчасткам фронту фактычна ліквідуе перавагі ўкраінцаў ад плацдарму ў Суджанскім раёне.
На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці расейцы зноў узялі пад кантроль населены пункт Навамлынск, які знаходзіцца на левым беразе ракі Аскіл, і цяпер назапашваюць у сяле сілы для далейшага пашырэння плацдарму.
Адначасова з гэтым расейцы развіваюць поспех на суседнім плацдарме на левабярэжжы ў ваколіцах населенага пункту Дварычна, якія цяпер прынамсі на палову знаходзіцца пад іхным кантролем. Пры гэтым расейцы маюць істотныя поспехі з поўдня ад Дварычны, дзе яны дасягнулі сяла Западнае.
З улікам канфігурацыі фронту, можна меркаваць, што далей войскі РФ паспрабуюць прасунуцца на паўднёвы захад, каб у выніку абысці і атачыць горад Купянск.

На поўначы Данецкай вобласці варта звярнуць увагу на сітуацыю на краматорскім кірунку, дзе паступова пагаршаецца становішча Збройных сілаў Украіны ў ваколіцах гораду Часаў Яр. Так, цягам апошняга тыдня войскам РФ удалося істотна прасунуцца на поўдні ад гораду ў кірунку населенага пункту Ступачкі, які ляжыць побач з трасай Бахмут – Канстанцінаўка. Захоп гэтага сяла дазволіць абысці пазіцыі ўкраінцаў у Часавым Яры і выйсці наўпрост да Канстанцінаўкі.
На фоне такіх поспехаў праціўніка вайскоўцам ЗСУ давялося адысці яшчэ і з пазіцыяў ў ваколіцах зруйнаваных сёлаў Клішчыеўка і Андрыеўка (на паўднёвым усходзе ад Ступачак), каб не апынуцца ў агнявым мяшку. Фактычна цяпер тут лінія сутыкнення праходзіць уздоўж дарогі на Тарэцк.
У гэты ж час на тарэцкім кірунку расейцы штурмуюць паўночныя раёны аднайменнай агламерацыі, што ў перспектыве адкрые перад імі яшчэ адну дарогу да Канстанцінаўкі – з паўднёвага ўсходу.
У цэнтральнай частцы Данбасу асноўная ўвага войскаў РФ засяроджаная на пакроўскім кірунку, дзе яны намагаюцца атачыць Пакроўска-Мірнаградскую агламерацыю. Так, на ўсходзе расейцам удалося дасягнуць трасы Бахмут–Пакроўск (у ваколіцах сяла Ваздвіжанка), па якой ажыццяўлялася сувязь і з горадам Канстанцінаўка. Адначасова ідзе рух да гэтай жа трасы з захаду ад Пакроўску, што дазволіць расейцам перарэзаць сувязь з Днепрапятроўскай вобласцю і горадам Паўлаград.
На суседнім навапаўлаўскім кірунку Узброеныя сілы РФ ціснуць на захадзе ад раней захопленага гораду Курахава, імкнучыся ліквідаваць выступ па фронце. Тут асноўныя баі змясціліся на поўнач – участак паміж сёламі Шаўчэнка і Андрыеўка. У апошнім населеным пункце ўжо фіксуюцца вайскоўцы РФ, аднак ваколіцы па-ранейшаму знаходзяцца ў так званай шэрай зоне, што ўскладняе для расейцаў перакіданне новых сілаў. Верагодна, што пасля замацавання ў сяле яны паспрабуюць прабіцца на поўдзень да Улаклаў і Зялёнаўкі, каб атачыць сілы праціўніка.
Пры гэтым больш глабальнай мэтай войскаў РФ на гэтым участку бачыцца выхад да межаў Днепрапятроўскай вобласці, што можа аказаць сур'ёзны псіхалагічны эфект.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu