Электаральная кампанія ўладаў у Беларусі завяршылася. Паводле паведамленняў ЦВК, дзейны кіраўнік краіны набраў на іх рэкордныя 86,8 % галасоў ад 85,7 % выбарцаў, якія афіцыйна дайшлі да урнаў. Аднак легітымнасці за мяжой і асабліва на Захадзе гэта яму не дадало – «выбары» не прызналі яшчэ да таго, як яны завяршыліся.
Адчуваючы сур’ёзную ізаляцыю пасля фальсіфікацыі выбараў 2020 года і саўдзелу ў вайне супраць Украіны, Аляксандр Лукашэнка не кідаў спробаў знайсці кантакты з Захадам і, верагодна, дзеля гэтага за сем месяцаў да новых «выбараў» змяніў кіраўніцтва МЗС. Але ані міжнародныя канферэнцыі ў Менску, ані бязвіз для еўрапейцаў, ані хамскія прапановы перазагрузкі суседзям ад новага міністра Максіма Рыжанкова плёну так і не прынеслі. І яшчэ нават да заканчэння новай электаральнай кампаніі ў Беларусі заходнія краіны і арганізацыі выступілі з заявамі пра непрызнанне яе вынікаў.
У выніку падчас маштабнай прэс-канферэнцыі 26 студзеня Лукашэнка быў вымушаны рабіць добрую міну пры дрэннай гульні: казаць, што яму «абсалютна фіялетава», ці прызнаюць вынікі «выбараў» на Захадзе. Дарэчы, самую гэтую прэс-канферэнцыю палітычны аглядальнік, гісторык Аляксандр Фрыдман у каментары «Белсату» ахарактарызаваў менавіта як яшчэ адну спробу дыялогу з Захадам, пакуль замежныя журналісты не паспелі з’ехаць з Беларусі.
,,«Ён асабліва падрабязна адказваў на пытанні заходніх журналістаў, досыць эмацыйна, агрэсіўна, пераходзячы на асобы. У рэшце ён не адказваў на пытанні, а ўступаў у завочны дыялог з кіраўнікамі заходніх краінаў. Агрэсія і расчараванне былі бачныя», – адзначыў Фрыдман.
Канструктыўны дыялог з Лукашэнкам немагчымы
Тое, што спадзевы Лукашэнкі на нармалізацыю не рэалізуюцца, гісторык звязаў з ягонымі ж дзеяннямі. Так, адбыўся шэраг памілаванняў палітвязняў, але ўнутраная палітыка ў краіне не змянілася. Як не змянілася і пазіцыя Лукашэні ў вайне ва Украіне. А тое, як былі праведзеныя самыя «выбары», не пакідала шанцаў на іх прызнанне.
«Які тут можа быць канструктыўны дыялог, калі Лукашэнка нават учора пагражаў новым міграцыйным крызісам?» – задаўся пытаннем Фрыдман.
Гісторык разам з тым не выключае, што «калі спатрэбіцца» і гэта будзе ў інтарэсах Еўразвязу і новай адміністрацыі ЗША, яны будуць размаўляць з Лукашэнкам. Але вярнуцца да прызнання, як гэта было да 2020 года, наўрад ці атрымаецца. Для гэтага патрэбныя грунтоўныя змены ва ўнутранай і вонкавай палітыкі Беларусі, падкрэсліў ён.

«Калі б падчас гэтай кампаніі ён няпроста паказаў бы [Віктара] Бабарыку або [Марыю] Калеснікаву, а вызваліў бы іх або Алеся Бяляцкага, нобэлеўскага лаўрэата, гэта б не прывяло, зразумела, да прызнання гэтых «выбараў», але ўсё-такі б палепшыла магчымасці для дыялогу. Лукашэнка ў стане гэта зрабіць. Ён можа іх вызваліць у любы момант. Праблема ў іншым – ён жадае за гэта нешта атрымаць, але не хоча рабіць інвестыцыі ў стасункі», – адзначыў Фрыдман.
А вось самыя галоўныя санкцыі санкцыі, уведзеныя праз вайну ва Украіне або за міграцыйны крызіс, Лукашэнка нават вызваленнем палітвязняў не адменіць, бо не зможа зрабіць гэта без згоды Расеі, ад якой «цалкам залежны», сказаў палітычны аглядальнік.
Вугорскае плячо ад Орбана
Нягледзячы на крытычныя заявы з боку асобных краінаў Еўразвязу, Еўрапарламенту і адказных за вонкавую палітыку еўракамісарак Каі Калас і Марты Кос, супольнай заявы ЕЗ адносна выбараў у Беларусі не прыняў. Яе заблакавала Вугоршчына.
Аднак Фрыдман звязаў гэта не столькі з сімпатыямі вугорскіх уладаў да Лукашэнкі, колькі з жаданнем прэм’ера Віктара Орбана атрымаць нешта ад Бруселю за свой подпіс.
,,«Але для Еўразвязу гэта настолькі няважная рэч, будзе супольная заява ці не, што, напэўна, Орбану вырашылі нічога не прапаноўваць і абмежаваліся заявамі з боку Еўракамісіі», – сказаў палітычны аглядальнік.
Журналіст радыё «Свабода» і палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст у сваю чаргу падкрэсліў, што хоць Орбан і заблакаваў супольную заявы Еўразвязу, ніякіх віншаванняў Лукашэнкі з ягонага боку не было.
Шагрэневая скура беларускай дыпламатыі
На момант напісання гэтага матэрыялу вядома пра віншаванне Лукашэнкі з «перамогай» толькі ад уладаў Азербайджану, Венесуэлы, В'етнаму, Казахстану, Кітаю, Кубы, Кыргызстану, Пакістану, Расеі, Узбекістану, Таджыкістану і Туркменістану. Гэта нават менш, чым было ў 2020-м. Тады яго яшчэ павіншавалі лідары Аману, Арменіі, Босніі і Герцагавіны, Малдовы, Нікарагуа, Сірыі і Турэччыны. Пры гэтым ад некаторых постсавецкіх краінаў, як то ад Арменіі і Малдовы, чакаць віншаванняў Лукашэнку сёлета дакладна не варта.
Дракахруст адзначыў, што павіншавалі Лукашэнку «кіраўнікі краінаў збольшага аўтарытарных, якім абсалютна абыякавыя дэмакратычныя працэдуры правядзення выбараў» і дзе «выбары адбываюцца прыкладна гэтак жа, як і ў Беларусі». Паводле яго, гэтыя віншаванні былі чаканымі.

Фрыдман мяркуе, што Лукашэнку яшчэ павіншуюць некаторыя замежныя лідары, але «ўзровень зусім не той». Тым больш, што той жа Кітай – галоўны партнёр разам з Расеяй – абмежаваўся пісьмовым віншаваннем, на тэлефанаванне ў Сі Цзінь Піна часу не знайшлося – «Лукашэнку паказалі ягоны ўзровень».
Не бачыць нічога асаблівага ў віншаванні з боку Кітаю і кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін. Паводле яго, Пекін проста працягвае ўспрымаць Лукашэнку як «чалавека, які валодае ўладай» у Беларусі.
«Калі ўлада ў Беларусі памяняецца, Кітай, я думаю, будзе гэтак жа сама віншаваць і новага ўладальніка ўлады», – сказаў ён, адзначыўшы пры гэтым, што Лукашэнка для Пекіну сапраўды вельмі «карысны персанаж», бо «заўжды галасуе як трэба і ўсімі сваімі рухамі цела дэманструе, што выканае любы загад Кітаю, якім бы дзіўным ён ні быў».
26 студзеня Лукашэнка заявіў, што рыхтуецца наведаць бліжэйшым часам Расею, Кітай і КНДР. Але з Пхеньяну ён нядаўна ўжо атрымаў узлупку, таксама не адбыўся і ягоны візіт у Пекін, які быў анансаваны на час перад «выбарамі». Дый цяпер кіраўнік Паўночнай Карэі Лукашэнку яшчэ не павіншаваў. Таму, калі абвешчаныя візіты і адбудуцца, то з пэўным «ападачкам», дадаў Дракахруст.
Лідарства Ціханоўскай застаецца
Святлана Ціханоўская між тым 27 студзеня выступіла ў Бруселі перад міністрамі замежных справаў Еўразвязу, дзе сярод іншага заклікала да далейшай ізаляцыі Лукашэнкі. І гэта пры тым, што раней выказваліся думкі пра тое, што гэтыя «выбары» прывядуць да сканчэння і ейнай легітымнасці.
«Калі паглядзім на рэакцыі кіраўнікоў еўрапейскіх краінаў і рэакцыі кіраўнікоў замежных ведамстваў, усё зводзіцца да таго, што Лукашэнка не прызнаецца легітымным кіраўніком Беларусі. Што Ціханоўская застаецца ў вачах еўрапейцаў лідаркай дэмакратычных сілаў і законным прадстаўніком Беларусі на міжнароднай арэне», – заявіў Красулін.

Паводле яго, гэта ўнікальны выпадак для беларускіх дэмакратычных сілаў, калі нават пасля другіх выбараў «Еўропа цвёрда стаіць супраць таго, каб прымаць Лукашэнку як легітымнага кіраўніка», бо бачыць, што беларусы яго не падтрымліваюць.
Страшны і невядомы Трамп
На думку Фрыдмана, праблемы Ціханоўскай заключаюцца не ў «выбарах», а ў новай адміністрацыі ў ЗША, якая робіць стаўку на ізаляцыянізм і перакрывае падтрыманне іншых краінаў, і ў агульным зніжэнні цікавасці заходніх краінаў да Беларусі.
Пры гэтым новая адміністрацыя Доналда Трампа ёсць праблемай і для Лукашэнкі, які ўжо неаднаразова выказваўся з крытыкай яго. Як адзначыў Фрыдман, Джо Байдэн быў ворагам для ўладаў у Менску, але ворагам прадказальным. Ад Трампа ж, якія сам пераходзіць чырвоныя рысы і прымае даволі рэзкія дзеянні ў міжнародных стасунках, Лукашэнка не ведае чаго чакаць, і з ім яму будзе вельмі цяжка працаваць, мяркуе Фрыдман.
Пакуль з боку Злучаных Штатаў ёсць толькі заява цяпер ужо былога дзяржаўнага сакратара Энтані Блінкена, які пакінуў сваю пасаду 20 студзеня. З боку дзейнай адміністрацыі было ж толькі паведамленне ў дзень «выбараў» пра вызваленне грамадзянкі ЗША. Але ў Беларусі гэтую заяву чакаюць, і яна будзе важнай, падкрэсліў Дракахруст.
На яго думку, далейшае стаўленне заходніх краінаў да ўладаў у Менску будзе залежыць ад магчымых мірных перамоваў адносна вайны ва Украіне, якія ініцыюе Трамп і якія могуць «вельмі-вельмі шмат памяняць у міжнароднай палітыцы».
,,«Калі, умоўна кажучы, будзе дасягнутае хаця б перамір'е, вайна скончылася, і таму санкцыі за вайну губляюць ладную частку свайго сэнсу, асабліва адносна краіны, якая ўсё ж такі так ці інакш наўпрост сваім войскам у вайне не ўдзельнічала», – сказаў Дракахруст, тлумачачы магчымыя змяненні ў санкцыйнай палітыцы і пэўныя «бонусы» для Лукашэнкі.
Пакуль жа мірныя перамовы не пачаліся, Еўразвяз наўрад ці будзе прадпрымаць «нейкія істотныя кардынальныя крокі адносна Беларусі»: ані ўводзіць «пякельныя» санкцыі, ані вяртаць амбасады. Нават Вугоршчына і Славаччына з апошнім спяшацца не будуць, заключыў Дракахруст. Таму пакуль, на яго думку, «папярэдняя лінія будзе прыкладна плюс-мінус падтрымлівацца».
Макар Мыш, Уладзіслаў Корсак belsat.eu