Імёны памілаваных не названыя. Вядома толькі, што сярод іх пяць жанчын і тры мужчыны, зняволеныя за «экстрэмісцкія» злачынствы; тры жанчыны і чатыры мужчыны, асуджаныя за абарот наркатычных сродкаў.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 студзеня ўказ аб памілаванні 15 асуджаных, паведаміў ананімны Telegram-канал «Пул Первого», які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі. Паведамленне перадрукавала афіцыйная дзяржаўная інфармацыйная кампанія БелТА.
Імёны памілаваных не названыя, але вядома, што:
- памілаваныя пяць жанчын і тры мужчыны, асуджаныя за «злачынствы экстрэмісцкага кірунку» (то бок палітычныя зняволеныя);
- адна з іх цяжарная;
- у пяці з іх ёсць дзеці;
- памілаваныя таксама тры жанчыны і чатыры мужчыны, асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў (ці быў гэта пераслед з палітычных матываў пад выглядам барацьбы з наркотыкамі, з паведамлення незразумела);
- шэсць з іх, як сцвярджаецца, учынілі злачынствы ў непаўналетнім узросце;
- у сёмага выявілі анкалагічную хваробу.
Паводле каналу, за апошні год Лукашэнка памілаваў 293 асобы, у іх ліку 89 жанчын і 17 асуджаных за злачынствы ў непаўналетнім узросце.
За кратамі застаецца ў разы больш палітвязняў. Так, праваабарончы цэнтр «Вясна» налічвае на момант публікацыі 1254 палітычных зняволеных. І гэта без уліку тых, каго не абвяшчаюць палітвязнямі праз нежаданне сваякоў ці праз тое, што пра затрыманне проста не ведаюць. Акрамя таго, праваабаронцы не паспяваюць за рэпрэсіўным апаратам, бо правяраюць кожную справу на адпаведнасць панятку «палітвязень», а садзяць з палітычных матываў больш, чым мілуюць.
Алесь Наваборскі belsat.eu