навіны

У Польшчы затрымалі беларускага кіроўцу з рэкорднай колькасцю парушэнняў за адзін рэйс

Аўтамабіль парушальніка.
Аўтамабіль парушальніка. Фота: mostmedia.io
podpis źródła zdjęcia

Працаўнікі транспартнай інспекцыі каля Гданьску спынілі грузавы фургон, які падаўся ім перагружаным. За стырном аказаўся беларус, які, як высветлілася, здзейсніў цэлы шэраг парушэнняў.

Аўтамабіль перавозіў больш прадукцыі, чым дазволена, ехаў на чужых нумарах, а ў самога кіроўцы не было неабходных правоў на кіраванне аўтам. І гэта толькі частка праблемаў.


Паводле інфармацыі Ваяводскай інспекцыі дарожнага транспарту ў Гданьску, аўтамабіль маркі «Iveco Daily» перавозіў харчы і важыў 8,4 тоны пры максімальна дапушчальнай масе 6,5 тоны. Больш за тое, кіроўца цяжкавіка паказаў інспектарам беларускае пасведчанне катэгорыі B, з якім ён не меў права кіраваць такім транспартам. На дадатак, аўтамабіль не меў страхоўкі, не прайшоў тэхнічнага агляду і меў сур’ёзныя няспраўнасці. Абавязковы для грузавога транспарту тахограф быў схаваны ў капоце і не было карткі кіроўцы, што азначае, што ён не рэгістраваў часу працы і адпачынку.


Падчас правярання таксама выявілі, што на цяжкавіку стаяць рэгістрацыйныя знакі ад аўтамабіля «Iveco» іншай мадэлі.


Працаўнікі транспартнай інспекцыі на тры месяцы канфіскавалі ў кіроўцы пасведчанне. Аўтамабіль эвакуявалі на спецыяльную стаянку. На месцы інспектары наклалі на парушальніка штраф памерам чатыры тысячы злотых.


Акрамя таго, у суд накіравалі пратакол аб кіраванні цяжкавіком без адпаведных правоў. У Страхавы гарантыйны фонд паведамілі пра адсутнасць абавязковай страхоўкі, што можа пацягнуць за сабой значныя фінансавыя выдаткі.


Праблемы будуць і ў кампаніі – уладальніка аўта. Супраць яе пачалі адміністратыўную справу, што можа скончыцца штрафам да 12 тысяч злотых.


Аднак самыя сур’ёзныя наступствы пагражаюць кіроўцу за выкарыстанне чужых нумароў. У Польшчы за гэта могуць прысудзіць да пяці гадоў зняволення. У выніку кіроўцу перадалі гданьскай паліцыі, якая пачала расследаванне.


Нагадаем, на мяжы Беларусі і Польшчы зафіксаваныя вялізныя чэргі. Каб дабрацца з Менску ў Варшаву, некаторыя людзі стаяць на мяжы да чатырох дзён.


«Менсктранс» нават арганізаваў бясплатную перасадку пасажыраў у аўтобусы, якія рухаюцца да Варшавы, у звязку з доўгім мінаннем дзяржаўнай мяжы ў бок Польшчы.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10