навіны

Кіламетры аўтаў і затрымкі да 40 гадзінаў – сітуацыя з чэргамі на мяжы з Польшчай пагаршаецца

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: av.by
podpis źródła zdjęcia

Сітуацыя на мяжы Беларусі і Польшчы застаецца надзвычай складанай: кіроўцам даводзіцца чакаць у чэргах некалькі дзён. Некаторым робіцца блага, і даводзіцца выклікаць хуткую дапамогу.

Напярэдадні святаў колькасць аўтамабіляў у чэргах на мяжы і без таго павялічваецца ў разы. Усе хочуць як мага хутчэй вярнуцца дадому і правесці святы з сям’ёй. Акрамя таго, беларусы едуць на закупы ці да сваякоў у Польшчу і вяртаюцца назад. А цяпер, калі сітуацыя пагоршылася яшчэ і праз тое, што польскі бок амаль не прапускае аўтамабіляў, стан чэргаў на мяжы падаецца крытычным.


Раніцай 7 студзеня, паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, чарга на выезд з Беларусі ў Польшчу праз пункт пропуску «Берасце» складала больш за 2400 аўтамабіляў і 100 аўтобусаў.


Нагадаем, у сувязі са зменамі ў працы пунктаў пропуску «Берасце» застаецца адзінаю магчымасцю выезду з Беларусі ў Польшчу для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Іншыя пункты закрытыя. Пры гэтым сітуацыя з кожным днём пагаршаецца. Для параўнання: яшчэ 2 студзеня ў «Берасці» чакалі сваёй чаргі 740 аўтамабіляў і два аўтобусы, 5 студзеня – ужо 1700 аўтаў і 65 аўтобусаў, 6 студзеня – 2310 аўтамабіляў і 100 аўтобусаў.


На раніцу 7 студзеня чарга ўжо была на 2428 аўтаў і 100 аўтобусаў. Дарэчы, у гэты ж час у пункце пропуску «Каменны Лог» [мяжа Беларусі і Літвы. – Заўв. рэд.] чэргаў не было.


«Душ і прыбіральня для кіроўцаў – па чарзе. Проста ўявіце сабе гэта. Людзі ўсе знясіленыя і брудныя. Калі хочаш памыцца хутчэй, без чаргі – мыйся халоднай вадой. Некаторым кіроўцам становіцца дрэнна. Выклікаюць хуткую. Усе на нервах, але вырашэння гэтай сітуацыі асабіста я ў найбліжэйшы час не бачу. Нічога не змяняецца», – распавёў «Белсату» кіроўца аўтобуса Руслан, які напярэдадні прастаяў у чарзе некалькі дзён.


Камусьці «пашчасціла» адстаяць у чарзе 14 гадзінаў, але давялося перасесці ў аўтобус, які стаяў бліжэй да мяжы.


У чатах, дзе абмяркоўваюць праходжанне мяжы, пішуць, што сітуацыя, відавочна, пагоршыцца яшчэ больш і ў чэргах давядзецца стаяць ледзьве не тыдзень.

Чарга з аўтобусаў на пераходзе «Берасце – Тэрэспаль». Фота: АВТОБУС Брест-Тересполь / Telegram
Чарга з аўтобусаў на пераходзе «Берасце – Тэрэспаль». Фота: АВТОБУС Брест-Тересполь / Telegram

У сувязі з сітуацыяй на мяжы «Мінсктранс» арганізаваў бясплатную перасадку пасажыраў у аўтобусы, якія рухаюцца да Варшавы, праз доўгае праходжанне дзяржаўнай мяжы ў бок Польшчы. Пры наяўнасці вольных месцаў людзей перасаджваюць у аўтобусы арганізацыяў, якія стаяць бліжэй да мяжы.


«У непрадбачаных сітуацыях (адмова браць пасажыраў, патрабаванне паўторнай аплаты і г.д.) просім неадкладна паведамляць праз тэлефон +375 29 863-51-31 (усе мэсэнджары) з указаннем часу, даты і нумара аўтобуса», – гаворыцца ў паведамленні.


Як паведамляюць відавочцы, затрымка аўтобусных рэйсаў цяпер складае ад 20 да 40 гадзінаў.


Беларускі памежны камітэт пры гэтым працягвае абвінавачваць у праблеме польскі бок і выдае інфармацыю пра тое, што яны прымаюць нашмат менш аўтамабіляў і аўтобусаў, чым прадугледжана нормай.


Нагадаем, у ліпені і жніўні 2024 года Літва, Латвія і Польшча ўвялі абмежаванні на ўезд аўтамабіляў з беларускімі нумарамі. Цяпер уладальнікі аўтаў, зарэгістраваных у Беларусі, могуць трапіць у ЕЗ толькі праз пункт пропуску «Берасце». У «Каменным Лозе» і «Беняконях» – толькі пры наяўнасці літоўскай візы або дазволу на жыхарства ў Літве.


З Беларусі ў Польшчу на легкавым аўтамабілі ці аўтобусе цяпер можна выехаць толькі праз прапускны пункт «Берасце – Тэрэспаль», у Літву – праз пункты «Каменны Лог – Мядзінінкай» і «Беняконі – Шальчынінкай», у Латвію – праз пераход «Грыгораўшчына – Патэрніекі».


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10