навіны

Лукашэнка пад «выбары» запусціў артэзіянскую ваду ў Менску і папракнуў беларусаў

Уладзімір Кухараў паказвае Аляксандру Лукашэнку новую сістэму. Фота: president.gov.by
Уладзімір Кухараў паказвае Аляксандру Лукашэнку новую сістэму. Фота: president.gov.by
podpis źródła zdjęcia

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня на новай помпавай станцыі «Шчомысліца» ўзяў удзел ва ўрачыстым пуску артэзіянскай вады з падземных крыніц для забеспячэння водазабеспячэння Менску. Сімвалічны вентыль ён павярнуў разам са старшынём Менгарвыканкаму Уладзімірам Кухаравым і дырэктарам «Менскводаканалу» Фёдарам Рымашэўскім.

Уладзімір Кухараў адзначыў, што «было пабудавана 60 электрычных падстанцыяў, выкладзена 88 кіламетраў кабельных сетак, каб гэта ўсё забяспечыць электраэнергіяй». Паводле яго, яшчэ каля 40 населеных пунктаў Менскага і Пухавіцкага раёнаў будуць падлучаныя да гэтай сістэмы, каб таксама атрымліваць артэзіянскую ваду.

У прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі паведамілі, што частка абсталявання на станцыі замежнай вытворчасці, але не паведамілі яе долю. Сам палітык даручыў вывучыць зносаўстойлівасць сістэмаў і матэрыялаў і падумаць, што з гэтага можна вырабляць у краіне.

Лукашэнка адзначыў, што амаль палова насельніцтва Менску дагэтуль не мела артэзіянскай вады. Ён спадзяецца, што «менчукі гэта [запуск артэзіянскай вады. – Рэд. belsat.eu] ацэняць». Але пры гэтым знайшоў нагоду папракнуць іх:

,,

«Вы не плаціце за ваду столькі, колькі яна каштуе. Таму беражыце, калі ласка, ваду, як і іншыя рэсурсы. Беражлівасць заўсёды была ўласцівая нашаму народу. Трэба захаваць гэтыя падыходы».


Якія яшчэ ёсць праблемы

Як адзначыў старшыня Менгарвыканкаму, водазабеспячэнне сталіцы з падземных крыніцаў – толькі адна з галоўных праблем. Застаюцца яшчэ рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў і будаўніцтва смеццесартавальнага заводу. Паводле Кухарава, у горадзе ўжо прыступілі да рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў. Спачатку плануецца рэканструяваць збудаванні механічнай ачысткі. Затым будуць мадэрнізаваныя збудаванні біялагічнай ачысткі. Трэцяя чарга – падрыхтоўка збудаванняў для ўтылізацыі і перапрацоўвання глею.

«Плануем, што першыя тры чаргі мы зробім цягам двух гадоў. У 2028 годзе плануем забяспечыць цалкам рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў Менску, якія будуць абсталяваныя сучаснымі тэхналогіямі. Фактычна гэта будзе безадкідная вытворчасць», – заявіў кіраўнік Менску.

Таксама ў горадзе ўжо рэалізуецца праект рэканструкцыі магутнасцяў смеццеперапрацоўчага заводу на палігоне цвёрдых камунальных адкідаў (ЦКА) «Трасцянецкі». Плануецца пабудаваць больш як 20 аб'ектаў, што дазволіць значна павялічыць магутнасці прадпрыемства. Чакаецца, што сумарная магутнасць комплексу для абыходжання з ЦКА ўзрасце з 100 тыс. тонаў на год да 600 тыс. тонаў.

,,

«Мы будзем адбіраць усе другасныя матэрыяльныя рэсурсы, якія потым будуць падлягаць паглыбленай перапрацоўцы. Акрамя таго, будзе штогод вырабляцца 113 тысяч тон RDF-паліва, яно будзе выкарыстоўвацца як паліва для цэментнага заводу», – заявіў Кухараў.


Дагэтуль значная частка сталіцы атрымлівала ваду з Вялейска-Менскай воднай сістэмы, то бок з паверхневай крыніцы. Пра планы перавесці ўсіх жыхароў гораду на артэзіянскую ваду ўлады казалі пятнаццаць гадоў.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10