Перавод Менску на артэзіянскую ваду зацягнецца да 2028 года?
05.03.2023, 14:32
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: wirestock / Freepik)
podpis źródła zdjęcia
Раней абяцалі, што у 2025-м у ва ўсіх жыхароў сталіцы вада будзе з падземных крыніцаў
Улады распавялі пра буйныя праекты, што пачалі рэалізоўвацца ў Менску: перавод водазабеспячэння на падземныя крыніцы і рэканструкцыя Менскай ачышчальнай станцыі. Паводле інфармацыі «Минск-Новости», на гэтыя два праекты да 2028 года выдаткуюць каля 1 млрд рублёў. Раней паведамлялася, што ўсе жыхары сталіцы пачнуць атрымліваць артэзіянскую ваду ў 2025-м.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: wirestock / Freepik)
Пра фінансаванне капітальнага будаўніцтва ў горадзе ў інтэрв’ю выданню «Минск-Новости» распавяла начальніца галоўнага фінансавага ўпраўлення Менгарвыканкаму Таццяна Астрэйка. Яна адзначыла, што гэты артыкул сёлетняга бюджэту сталіцы вырас на 34% у параўнанні з леташнім:
,,
«Мы ўваходзім у будаўніцтва найбуйнейшых эколагаарыентаваных праектаў, ужо пачаліся работы, па пераводзе гораду Менску на водазабеспячэнне з падземных крыніцаў. Фрунзенскі, Маскоўскі, Кастрычніцкі раёны пяройдуць на водазабеспячэнне з экалагічна чыстых крыніцаў».
Таксама плануецца рэканструкцыя Менскай ачышчальнай станцыі, паведаміла чыноўніца:
,,
«Да 2028 года на гэтыя два праекты нам спатрэбіцца інвеставаць, у тым ліку з прыцягненнем бюджэту гораду, каля 1 млрд рублёў».
Астрэйка не ўдакладніла, у якія тэрміны мусяць быць завершаныя гэтыя праекты паасобку, аднак раней улады абяцалі, што ўся вада ў Менску стане артэзіянскай ужо ў 2025 годзе.
Дагэтуль значная частка сталіцы атрымлівае ваду з Вялейска-Менскай воднай сістэмы, то бок з паверхневай крыніцы. Пра планы перавесці ўсіх жыхароў гораду на артэзіянскую ваду ўлады кажуць 15 гадоў.