Інстытут сацыялогіі НАН расказаў, што 78,3 % беларусаў адчуваюць сябе шчаслівымі. Такія вынікі нядаўняга даследавання, падчас якога былі апытаныя 1,5 тысячы рэспандэнтаў. Гэтую заяву «Белсату» пракаментавала псіхолаг Ала Марціновіч. Ці ўсё ў нас добра з разуменнем шчасця?
Псіхолаг Ала Марціновіч катэгарычна не згодная з вынікамі апытання Інстытуту сацыялогіі НАН. Яна нагадвае, што ў Беларусі ўсюды прапаганда, а інстытут – яе частка.

«Пад відам прапаганды, канешне, можна казаць усё, што яны лічаць неабходным сказаць. Але ўвесь свет ведае пра пачуццё страху ў беларусаў», – кажа Марціновіч.
Паводле яе, з 2020 года страх пачаў ператварацца ў захворванне.
,,«Сёння беларусы не маюць волі. Калі ты не маеш волі, выбару, ты не можаш пачуваць сябе шчаслівым чалавекам. І калі ты доўга не маеш волі, то гэта пачуццё робіцца захворваннем, што класіфікуецца як сацыяльная залежнасць.
Залежнасць бывае розная, як ад алкаголю, так і ад сацыяльных абставінаў. Аднак гэтая залежнасць аднолькава дэфармуе мозг. Такая дэфармацыя ўжо відавочная ў большай часткі беларусаў», – працягвае псіхолаг.
Сацыяльная залежнасць – гэта небяспека нават для жыцця
Пры сацыяльнай залежнасці чалавек не здольны супраціўляцца абставінам ці тым жа ўладам, адзначае псіхолаг.
«Можна гэта разглядзець на прыкладзе таго ж алкагалізму. Чалавек можа разумець, што ён дрэнна робіць. Праводзім паралель з беларусамі – яны дрэнна робяць, бо працуюць на ўлады, што дапамагаюць Расеі ў вайне супраць Украіны, прама ці ўскосна. Таксама алкаголік злоўжывае алкаголем і разбурае сваё жыццё. Але ён не здольны ад гэтага адмовіцца – у яго цяга.
Тое самае з беларусамі. Яны разумеюць, што так не мусіць быць, але не могуць ад гэтага адмовіцца. Ідуць і працуюць. Разумеюць, што над імі здзекуюцца, але цярпяць. Гэта першая ступень залежнасці», – кажа Ала Марціновіч.
Другая ступень залежнасці – калі чалавек губляе крытычнае мысленне. Падчас гэтай стадыі змываецца асэнсаванне таго, што адбываецца нешта дрэннае, і чалавек шукае абарону.
«У шматлікіх беларусаў такое ёсць. Яны кажуць, што гэта не яны забіваюць, у іх жа вайны няма, усё не так дрэнна, – працягвае псіхолаг. – Трэцяя стадыя залежнасці, калі абарона праходзіць. У людзей з’яўляецца крывое мысленне і яны находзяць ужо нейкія перавагі, пазітыўныя бакі таго, што яны робяць. Так робяць шмат хто з лукашыстаў – паказваюць, што вось наш бацька, у нас вайны няма, мы абараняемся».
Суразмоўніца зноў прыводзіць аналогію з алкагольнай залежнасцю. Яна расказвае прыклад са сваёй прафесійнай практыкі, калі адна з пацыентак казала, што не здолела б так добра працаваць, калі б не ўжывала алкаголь, а яшчэ адзін кліент быў упэўнены, што без алкаголю не змог бы паспяхова кантактаваць з жанчынамі.
,,«Яны ўжо загразлі ў гэтым інфантылізме і нават не разумеюць, што гэтая паказуха ў пэўны дзень можа знікнуць», – працягвае Ала Марціновіч.
Чацвёртая стадыя праяўляецца ў выглядзе шызафрэніі і псіхозу.
«Людзі ўжо не маюць сувязі з рэальнасцю. У алкаголікаў гэта пачуццё, што вядзе да самагубства. Таксама ў беларусаў можа быць. І псіхічныя захворванні, і папаўненне псіхшпіталяў будзе, і суіцыды. Асабліва, калі нейкае ўзрушэнне здарыцца – голад, крызіс, абвал рубля.
Інстытут сацыялогіі НАН таксама ж хварэе разам з усімі беларусамі. Трэба падкрэсліць, што сацыяльнае захворванне ў большай часткі насельніцтва, у прапагандыстаў у тым ліку. Але гэта не здымае адказнасці за ўскосны ўдзел у вайне супраць Украіны. І чым больш часу будзе ісці, тым менш будзе ахвочых дапамагаць беларусам. Рагачоўскі камбінат зрабіў вялізную банку згушчонкі і падараваў вайскоўцам за абарону ад NATO, што не нападае. Дык NATO усё гэта бачыць і ніхто не дапаможа беларусам», – адзначае псіхолаг.

Адсутнасць шчасця і прымітыўнасць прапаганды
На думку Алы Марціновіч, з Беларусі даходзіць дастаткова звестак пра тое, што людзі не пачуваюць сябе такімі шчаслівымі, як сцвярджае Інстытут сацыялогіі НАН.
«Можна сабраць звесткі з розных беларускіх чатаў і даказаць, што гэтае апытанне – прапаганда інстытуту. Людзі, столькі гадоў жывучы ў залежнасці, пачуцці страху, – хворыя. Шмат хто з іх не можа ужо адэкватна адказаць на пытанне, што ім далей рабіць, якія ў іх планы. Яны сёння гатовыя да ўсяго, нават хавацца ў бамбасховішчах. Гэта не характарызуе народ як шчаслівы», – кажа яна.
Таксама ва ўмовах рэпрэсіяў размываецца разуменне шчасця – людзям трэба зусім не шмат, адзначае псіхолаг.

Але прапаганда, якую прасоўвае і Інстытут сацыялогіі НАН, усё ж працуе дрэнна, мяркуе суразмоўніца. Прапагандыстам не хапае здольнасці ацаніць свае дзеянні, бо, калі яны кажуць, што беларусы шчаслівыя ў цяперашніх умовах, гэта паказвае ўсяму свету беларусаў як жорсткіх і эгаістычных, падкрэслівае псіхолаг.
«Вы разумееце, што ў турмах сядзіць народ Беларусі. І калі б улада была разумная, яна нават праз прапаганду транслявала б нейкі гуманізм», – працягвае экспертка.
Улічваючы ўсе складаныя ўмовы, з якімі сутыкаюцца беларусы, Ала Марціновіч перакананая, што беларусы самі адказаныя за свой стан.
«Беларусы разумеюць, што краіна працуе на тэрарыстаў. Улада мае на сёння настолькі нізкі ўзровень інтэлекту, што не здольная так апрацаваць мозг беларусаў, як апрацоўвае Пуцін са сваёю хунтаю расейцаў. Таму беларусы ў нейкай ступені вінаватыя ў тым, што не супраціўляюцца. То бок гэта не здымае з іх адказнасці. Пачуццё страху ў іх ніхто не ўкладвае, гэта быў іхны выбар – баяцца або змагацца, або ўцякаць і не падтрымліваць рэжым. У кожнага чалавека шмат кірункаў дзейнасці ёсць.
Таму першае, што павінны сёння рабіць беларусы, – гэта не працаваць на гэтую ўладу, бо яны ў тым ліку працуюць на забойства ўкраінцаў. Гэта не важна, навязалі ім тыя злачынствы або яны самі выбралі. Яны будуць адказваць», – кажа псіхолаг.
Цяпер беларусы апынуліся ў сумным становішчы, і чым далей яны будуць жыць у такой сітуацыі, тым больш будуць закопваць сябе ў тэрарызме ўладаў і адзіноце, падкрэслівае суразмоўца.
«Таму мы не можам нават пра кавалачак шчасця гаварыць. Ужо не кажучы пра тое, аб чым Інстытут сацыялогіі пад уплывам прапаганды хлусіць», – падсумоўвае Ала Марціновіч.
Валянцін Васіленка Арсен Рудэнка belsat.eu