Камітэт міністраў 46 дзяржаваў Рады Еўропы падтрымаў стварэнне спецыяльнага трыбуналу за агрэсію супраць Украіны. Трыбунал можа «запоўніць нішу» там, дзе Міжнародны крымінальны суд не мае юрысдыкцыі.
На сустрэчы Камітэту міністраў 46 дзяржаваў Рады Еўропы была падтрыманая ранейшая пастанова аб стварэнні спецыяльнага трыбуналу за агрэсію супраць Украіны. Міністры далі задачу кіраваць працэсам стварэння трыбуналу Генеральнаму сакратару Рады Еўропы, былому прэзідэнту Швейцарыі Алену Бэрсэ.
Пра стварэнне трыбуналу міністры замежных справаў заходніх дзяржаваў дамовіліся яшчэ 9 траўня ў львоўскай ратушы. Але працэс не імгненны. Паводле ацэнак крыніцаў «Deutche Welle», працэдуры могуць завяршыцца ў канцы 2025 года ці пачатку 2026-га. Але тэхнічны праект ужо гатовы.
Трыбунал, як тлумачаць на асобнай старонцы Рады Еўропы, патрэбны, бо Міжнародны крымінальны суд не мае юрысдыкцыі адносна некаторых злачынстваў, а спецыяльны трыбунал зможа «запоўніць прабелы».
Сярод іншага, юрысдыкцыя Міжнароднага крымінальнага суда не распаўсюджваецца на Беларусь, але спецыяльны трыбунал можа пераследаваць асобаў хоць з Беларусі, хоць з Паўночнай Карэі, калі яны мелі істотную ролю ў злачынствах агрэсіі супраць Украіны. На спецыяльнай старонцы пра трыбунал падкрэсліваюць, што пераследаваць змогуць і кіраўніка Беларусі, то бок Аляксандра Лукашэнку.
Трыбунал не зможа проста адправіць за краты Лукашэнку ці іншых адказных за напад на Украіну. Напрыклад, Міжнародны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна яшчэ два гады таму, але Пуцін не толькі застаўся ва ўладзе ў Расеі, але і злятаў у Манголію, якая юрыдычна была абавязаная яго арыштаваць. Тым не менш, Міжнародны крымінальны суд просяць выдаць і ордар на арышт Лукашэнкі. Як ордар, так і рашэнні трыбуналу могуць набыць рэальную моц па сканчэнні паўнамоцтваў Пуціна і Лукашэнкі.
Алесь Наваборскі belsat.eu