Нягледзячы на здарэнне, самалёт паспяхова сеў у Менску. З пасажырамі ўсё нармальна – толькі давялося пахвалявацца.
Рэйс BRU8171 авіякампаніі «Белавія», які 12 траўня ляцеў па маршруце Берасце – Анталля, развярнуўся над поўднем Расеі блізу Валгаграду і вярнуўся ў Менск. Блогерка Хрысціна Абубакірава расказвала, што ў самалёта трэснула лабавое шкло. Пра гэта ж паведамляў Telegram-канал «Aviaincident». Выданне «Zerkalo» 14 траўня патэлефанавала ў службу даведкі «Белавія» і ў прыёмную генеральнага дырэктара – там не змаглі пракаментаваць інцыдэнт.
Блогерка расказвала, што пілот паведаміў па гучнай сувязі: самалёт з тэхнічных прычынаў ляціць у Менск, будзе праз дзве гадзіны. Іншай інфармацыі пасажырам не далі – і пасажыры спужаліся. Абубакірава распавядае, што плакала і «ў думках развітвалася з сям’ёй», «у галаве ўсплыла карцінка могілак». Пытала сцюардэсу – тая сказала, што «калі б было нешта страшнае, вы б пра гэта ведалі, і мы б з вамі ўжо рыхтаваліся».
Самалёт паспяхова сеў у Менску, пасажыраў праз паўтары гадзіны пакармілі, новы самалёт прадставілі праз пяць гадзін пасля пасадкі.
Блогерка пазней даведалася прычыну развароту і моцна здзівілася: у самалёта трэснула лабавое шкло. Расейскі Telegram-канал, які, імаверна, атрымаў звесткі ад Растоўскай зоны адзінай сістэмы арганізацыі паветранага руху, назваў такую ж прычыну: самалёт паведаміў пра трэшчыну на лабавым шкле з унутранага боку другога пілота.
Адна з каментатарак допісу блогеркі выказала здагадку: гэта санкцыі б’юць па авіяцыі, дэталяў няма ці яны ў дэфіцыце, Турэччына не абслугоўвае самалёты, таму яны мусяць быць падрыхтаваныя ў Беларусі – у выніку «небяспечненька зараз лятаць».
«Белавія» ж заяўляла, што не мае праблемаў з арыгінальнымі запчасткамі і абыходзіць санкцыі. Праблемы ж могуць узнікнуць не толькі з тэхнічных, а і з палітычных прычынаў: авіякампанія прынамсі год таму працягвала палітычныя звальненні.
У даведцы «Белавія» журналісту «Zerkalo» сказалі, што не могуць пракаментаваць здарэнне, бо супрацоўнікі маюць інфармацыю толькі за сённяшні дзень. У прыёмнай генеральнага дырэктара «Белавія» заявілі, што не чулі пра такі інцыдэнт.
Алесь Наваборскі belsat.eu