Шуфлядка

«Уключаць і выключаць страхі можам толькі мы самі». Вучымся змагацца са страхамі

Ілюстрацыйны здымак. Фота: dobro.press
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Аказваецца, калі страх перад чымсьці занадта вялікі, ён здольны перарасці ў фобію. І калі страх – гэта здаровая рэакцыя арганізму, то фобія – ужо псіхалагічны разлад, здольны ператварыць жыццё ў кашмар. Каб гэтага не адбылося, разам са спецыялістам вучымся ўкладваць страх на лапаткі.

«Насамрэч страх – выдатная рэакцыя арганізму, – апавядае псіхалагіня Святлана Корзун. – У патрэбных сітуацыях ён дазваляе нам хутка прымаць рашэнні, паскарацца і нават лепей бачыць і чуць... Іншымі словамі, павышае фізіялагічную актыўнасць, каб выжыць. Але вельмі важна, каб страх не перарос у фобіі і не атруціў жыцця чалавеку. А такое адбыцца можа».


Як патлумачыла спецыялістка, страх – гэта адаптыўная зваротная рэакцыя арганізму на пагрозы фізічнага ці псіхалагічнага характару. Паводле ўзроўню інтэнсіўнасці страх можа вар'явацца ад фактычна поўнай яго адсутнасці да абсалютнай панікі.


Каб разумець, з якім зверам маем дачыненне і як з ім змагацца, адмыслоўца простымі словамі тлумачыць прыроду страху.


Гэтак, асноўных тэорыяў зараджэння страху дзве. Згодна з класічнаю, чалавек супастаўляе тых жа змеяў, вышыню, павукоў (гледзячы каму што непрыемна) з магчымымі небяспечнымі для яго сітуацыямі. То бок баіцца ўкусу, траўмы ды іншага. Далей чалавек асацыюе паміж сабою гэтыя стымулы – і такім чынам зараджаецца ўмоўны рэфлекс страху.


Згодна з другою тэорыяй (гаворка пра тэорыі сацыяльнага навучання Элбэрта Бандуры), назіраючы за іншымі людзьмі, да прыкладу, за суседам, маці, акторам, мы назіраем за іхнымі паводзінамі і пераймаем іх. Простымі словамі, калі аднойчы вы пачулі ці ўбачылі ў тэлебачанні, што ў заапарку малпа схапіла кагосьці за футболку і спрабавала зацягнуць у клетку, і гэты чалавек біўся ў паніцы, то цалкам магчыма, што аднойчы пабачыўшы малпу ў заапарку вы таксама пачняце яе баяцца.


Дарэчы, страх здольны падштурхнуць чалавека і да станоўчых эмоцыяў.

,,

«Да прыкладу, вы наважваецеся пракаціцца на «Супер-8». Вам жа страшна! Сэрца калоціцца, па скуры – дрыжыкі, у нейкі момант вы адчуваеце нават страх смерці. Але вам чамусьці падабаецца гэтае адчуванне! Таму наступным разам вы зноў пойдзеце катацца на гэтым атракцыёне. І ўсё таму, што вы пры гэтым адчуваеце бяспеку. Такая ж гісторыя з фільмамі жахаў», – тлумачыць адмыслоўца.


 

Стах – гэта цэлы букет фізіялагічных працэсаў

 

Перш чым навучыцца спраўляцца са страхамі, псіхалагіня лічыць неабходным апавесці пра базавыя паняткі, звязаныя з марфалогіяй страху.


Асноўныя базісы такія:


  1. Пачаць адчуваць страх чалавек можа ў любым веку.
  2. Тое, як мы рэагуем на страх, шмат у чым залежыць ад нашага жыццёвага досведу.
  3. Страхамі можна і трэба вучыцца кіраваць.
  4. Страх важна не блытаць з трывогаю. Страх – гэта рэакцыя на нешта канкрэтнае, напрыклад, калі ўначы на пустой вуліцы за вамі ідзе падазроны чалавек. А ёсць, да прыкладу, трывога за сваю будучыню. У другім выпадку гаворка пра эмоцыю, што ўзнікае ў адказ на няісную сітуацыю.
  5. Калі вы адчуваеце страх, у вашым арганізме адбываецца адразу букет фізіялагічных працэсаў. Наш арганізм пераходзіць у рэжым экстрэмальнай працы – гіпаталамус пачынае выпрацоўваць картыкатрапін. Той пачынае «ўключаць» нервовую сістэму, гіпофіз, нават кару наднырачнікаў... Арганізм пачынае выпрацоўваць адрэналін, пралактын, картызол... Усе гэтыя працэсы і рэакцыі адразу ж пачынаюць уплываць на наш стан і паводзіны. Менавіта таму, калі чалавеку страшна, у яго часта скача ціск, збіваецца дыханне, пачашчаецца пульс, пашыраюцца зрэнкі, праступае «гусіная скура» ды іншае.


,,

«Арганізм чалавека вельмі разумны. Пры рэальнай небяспецы страх дапамагае выжыць, але калі гэты страх уяўны і прысутнічае ў чалавеку сталым фонам, то здольны трансфармавацца ў псіхасаматычныя захворванні. Нярэдка боль у грудзіне, дыхавіца, у тым ліку, калі ў чалавека няма лішняй вагі, і нават ацёк у бронхах можа быць следствам псіхасаматычных рэакцыяў, выкліканых страхамі. Менавіта таму чалавек, які, да прыкладу, баіцца на штосьці захварэць, рэальна пачынае хварэць, – тлумачыць суразмоўца. – Насамрэч страх сядзіць у нас, і ніхто акрамя нас не зможа прымусіць яго адчуваць».


На думку эксперткі, змагацца са страхамі магчыма гэтак жа эфектыўна, як і пры правільным падыходзе натрэнаваць сваё цела ў спартовай зале. Наступныя парады маюць у гэтым дапамагчы.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Shutterstock
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Shutterstock

Не адмаўляйце страхаў


Запішыце іх. Запіс на паперы станецца фізічным прызнаннем страху і выцягне яго з падсвядомасці. Дарэчы, са страхам на паперы вы можаце зрабіць што заўгодна – спаліць, парваць, скамечыць…


Рацыяналізуйце страхі


Задайце сабе пытанне: што найгоршае можа здарыцца, калі я сустрэнуся са сваім страхам? Да прыкладу, над вамі вісіць страх страціць працу. І, дапусцім, ён рэальны, і гэта не проста трывога. Цяпер уявіце, што вы страцілі працу. Што самае страшнае з вамі адбудзецца? Вы дакладна не памраце, але вам прыйдзецца знайсці іншую працу. Так, непрыемна. Мажліва, складана, але не смяротна. Магчыма, новая праца будзе нават лепшая за старую.


Візуалізуйце страхі


Калі страшна пайсці ў спартовую залу – уяўляйце сябе там, нібыта вы паспяхова выконваеце ўсе практыкаванні і дамагаецеся жаданага выніку. Адчуваеце страх вышыні – уяўляйце, як стаіце на балконе высокага паверху і больш не баіцеся... Спачатку гэта можа быць складана, але з кожным разам давацца будзе лягчэй. Калі страх вельмі моцны, напрыклад, страх змеяў, можна пачаць з таго, каб проста глядзець у інтэрнэце на малюнкі змеяў. Потым пачаць іх вывучаць... І так да таго моманту, пакуль у заапарку не здолееце нармальна стаяць каля рэптыліяў.


Ідзіце ў свой страх, але не рэзка


Каб перамагчы страх, трэба ў яго ісці. Але не рабіце гэтага рэзка. Калі вы паспрабуеце схапіць рукою павука або адразу ж выйсці на сцэну, каб праспяваць перад вялікай аўдыторыяй, гэта можа толькі паглыбіць страх. Падыходзьце да яго крок за крокам. Калі гэта пачне атрымлівацца, магчыма, адчуеце нават эйфарыю.


Заставайцеся ў рэальнасці


Да прыкладу, ёсць страх зазнаць якую-небудзь няўдачу. Атрымліваецца, мы непакоімся пра тое, што яшчэ не здарылася і, магчыма, не здарыцца. Усвядомце, што гэта бессэнсоўна, гэтак жа, як і перажываць з нагоды мінулага. Заставайцеся ў рэальнасці і рабіце ўсё магчымае, каб вашыя асцярогі і страхі пра будучыню не адбыліся. Калі складана і пачынаеце зноў трывожыцца пра будучыню, можаце ўслых або пра сябе пачаць прамаўляць, што вы цяпер робіце, бачыце, чуеце і адчуваеце… Простымі словамі – вяртайце сябе ў стан «тут і цяпер».


Ілюстрацыйны здымак. Фота: unicef.org
Ілюстрацыйны здымак. Фота: unicef.org

Звяртайце ўвагу на тое, як са страхамі змагаюцца іншыя


Амаль ува ўсіх страх выклікае падобныя эмоцыі. Розніца толькі ў інтэнсіўнасці іх праявы. Калі будзеце прыкмячаць для сябе, як са страхамі эфектыўна змагаюцца іншыя, вам гэта таксама дапаможа.


Клапаціцеся пра сябе і здароўе


Пры магчымасці пазбаўляйцеся ад шкодных звычак, трэнуйце цела, карміце сябе смачна і песціце. Упэўненасці, эфектыўнасці і сілаў гэта дадасць дакладна, у тым ліку ў барацьбе са страхамі. Да прыкладу, чалавек ведае, што ён тры разы на тыдзень ходзіць у спартовую залу і падтрымлівае сваё цела. Страх захварэць на што-небудзь будзе зніжаны. А калі арганізм чалавека саслаблены, змагацца яму будзе складана наагул з чым заўгодна.


Ужывайце тэхнікі расслаблення


У інтэрнэце ёсць мноства тэхнік для рэлаксацыі – знайдзіце больш прыдатную для сябе. І калі наступным разам сутыкняцеся са страхам, пачынайце яе рабіць. Часта дапамагае правільна дыхаць, лічыць у розуме. Сімптомы страху пры гэтым зніжаюцца.


Вядзіце дзённік пераадолення страху


Прывучыце сябе назіраць за сабой у працэсе барацьбы са страхамі. Перыядычна апісвайце свае пачуцці, сумневы, дасягненні. Калі пераадолее страх і пачытаеце гісторыю свайго поспеху – адчуеце гонар за сябе ж. Гэта зматывуе на новыя перамогі.


Знайдзіце людзей, якія вас падтрымліваюць


Вам стане лягчэй, калі вы падзеліцеся перажываннямі пра свае страхі з людзьмі, якія ўмеюць вас падтрымліваць. Імаверна, вашыя суразмоўцы прайшлі праз падобны досвед і могуць падзяліцца гісторыямі пераадолення сваіх страхаў. Альбо захочуць падтрымаць вас у вашай барацьбе.


Фільтруйце крыніцы інфармацыі


На тэлебачанні, у інтэрнэце ёсць мноства інфармацыі, здольнай пагоршыць нашыя страхі. Да прыкладу, калі вы баіцеся стацца ахвяраю тэрарыстаў, старайцеся не чытаць навінаў пра тэрарыстычныя напады.


Матывуйце сябе і ўзнагароджвайце за поспех


Прыдумайце, як вы можаце ўзнагародзіць сябе за перамогу над страхам. Да прыкладу, вы баіцеся вадзіць машыну. Уявіце, куды вы паедзеце, калі пераадолее гэты страх. Да прыкладу, у Італію на возера Гарда. І калі вы будзеце садзіцца за стырно і думаць не пра магчымую аварыю, а пра будучае падарожжа, змагацца са страхам будзе прасцей і прыемней. Не забывайце ўзнагароджваць сябе за кожны, нават маленькі поспех. Да прыкладу, паходам у тэатр ці новаю сукенкаю.


Не саромейцеся звяртацца па дапамогу да спецыялістаў


Барацьба са страхамі не заўсёды можа быць паспяховая. Так бывае, і вінаваціць сябе ў гэтым не варта. Калі ў вашым выпадку страх перарос у фобію, і гэта зніжае якасць вашага жыцця, не саромейцеся звярнуцца да дасведчанага спецыяліста – псіхолага альбо псіхіятра.


Надзея Вольная belsat.eu

 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10