навіны

«Умовы жахлівыя, катавальныя». Чаму палітвязні паміраюць пасля вызвалення

img
Былая палітзняволеная Тамара Каравай, якая не пражыла і года пасля вызвалення. Крыніца: tsikhanouskaya / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Апошнімі днямі стала вядома пра смерць дзвюх былых палітзняволеных, Ганны Кандраценкі і Тамары Каравай. Праваабаронца Марына Касінерава ў каментары «Белсату» адзначыла, што ў Беларусі агулам умовы, у якіх трымаюць вязняў, не адпавядаюць нормам, а ў дачыненні палітычных «ужываюцца яшчэ больш жахлівыя практыкі».

Надоечы стала вядома, што 5 лютага пайшла з жыцця 39-гадовая Ганна Кандраценка, асуджаная ў 2022 годзе за крытычныя каментары на адрас прадстаўнікоў улады і Аляксандра Лукашэнкі. Анкалагічную хваробу знайшлі ў жанчыны, калі яна была за кратамі. Яна адбыла ўвесь тэрмін і памерла праз паўгода пасля вызвалення.

Ганна Кандраценка. Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
Экс-палітзняволеная памерла ад анкалагічнага захворвання: дыягназ паставілі яшчэ ў калоніі навіны

Сёння «Наша Ніва» напісала пра смерць яшчэ адной былой палітзняволенай, Тамары Каравай. Жанчына сядзела ў калоніі за «паклёп» на Лукашэнку. Так суддзя Кацярына Клеўжыц кваліфікавала ўпадабанне публікацыі ў «Одноклассниках», дзе палітык называўся дыктатарам. Каравай вызвалілі на тры месяцы раней за прызначаны тэрмін. Прычынаю смерці сталіся праблемы з сэрцам.


Праваабаронца ініцыятывы «Dissidentby» Марына Касінерава ў каментары «Белсату» канстатавала, што надзвычай цяжка знаходзіць інфармацыю пра палітвязняў, даводзіцца засяроджвацца на галоўных звестках: калі затрымалі, як пакаралі, калі вызвалілі.


«Астатняе залежыць ад таго, ці выходзяць на сувязь блізкія, сваякі, знаёмыя, якія могуць нешта паведаміць. На жаль, гэта не заўсёды адбываецца. Адзіная з добрых крыніцаў – даведацца ад тых людзей, якія сядзелі разам з такім чалавекам», – сказала Касінерава.


Яна адзначыла, што ў Беларусі ўсе зняволеныя сядзяць у неналежных умовах, а ў палітвязняў усё яшчэ горш:

,,

«І для звычайных зняволеных умовы не адпавядаюць нармальным, чалавечым, і нікому гэта не дадае здароўя. У дачыненні палітычных яшчэ больш жахлівыя практыкі ўжываюцца ў сэнсе псіхалагічных, фізічных катаванняў. Мы цяпер робім даследаванне на тэму наступстваў палітычнага зняволення і эміграцыі, збіраем сведчанні былых вязняў. Людзі адзначаюць, што самыя горшыя ўмовы – у ізалятарах часовага ўтрымання, там у 80–90 % выпадкаў не даюць аніякай медычнай дапамогі».


Паводле Касінеравай, за кратамі ў людзей абвастраюцца хранічныя захворванні, накладаюцца псіхалагічныя праблемы:


«Грамадзянская супольнасць мусіць дамагацца вызвалення гэтых людзей, спынення рэпрэсіяў, каб людзі там не апыналіся, бо гэта вельмі цяжка. З наступствамі нават некалькіх содняў на Акрэсціна можна змагацца ўсё жыццё. У справе рэабілітацыі мы мусім ствараць доўгатэрміновыя механізмы дапамогі, каб дапамагаць не аднаразова, а цягам гадоў».


Праваабаронца назвала ўмовы ў турмах Беларусі жахлівымі і катавальнымі ды канстатавала: «Гэта не адзінкавыя выпадкі, калі чалавек памірае пасля вызвалення».

Тамара Каравай. Фота: Тамара Каравай / Vk.com
Памерла яшчэ адна былая палітзняволеная – Тамара Каравай навіны

На смерць Тамары Каравай адрэагавала Святлана Ціханоўская. Абраная прэзідэнтка зазначыла, што жанчыну за тры месяцы да канца тэрміну «нібыта памілавалі, каб паказаць "міласэрнасць" рэжыму Лукашэнкі».


«Гэта не акт высакароднасці, гэта – цынічная спроба схаваць злачынства. Выпусціць чалавека, калі арганізм ужо зломлены – гэта не памілаванне, гэта хаванне доказаў забойства. Рэжым Лукашэнкі не шкадуе ні жанчын, ні хворых, ні старых. Ён кідае людзей у вязніцы за лайкі, словы і думкі, а потым ціха знішчае іх здароўе і чалавечую годнасць», – падкрэсліла Ціханоўская.


Лідарка выказала спачуванні родным і блізкім спадарыні Тамары, у якой застаўся фактычны муж і 19-гадовы сын.


«Гэта жудасная трагедыя, якая не павінна была здарыцца. Мы працягнем змагацца за ўсіх палітвязняў. Мы патрабуем не ціхага вызвалення перад смерцю, а справядлівасці. Не замоўчвання і падману, а пакарання вінаватых у катаваннях і смярцях», – падсумавала Ціханоўская.


Ян Федаровіч, Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10