навіны

Экс-палітзняволеная памерла ад анкалагічнага захворвання: дыягназ паставілі яшчэ ў калоніі

Ганна Кандраценка. Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
Ганна Кандраценка. Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
podpis źródła zdjęcia

5 лютага 2025 года пайшла з жыцця 39-гадовая Ганна Кандраценка – жанчына, асуджаная ў 2022 годзе за крытычныя каментары на адрас прадстаўнікоў улады і Аляксандра Лукашэнкі. 

Як паведамляе «Наша Ніва», рак у Ганны Кандраценкі дыягнаставалі яшчэ падчас адбыцця тэрміну ў гомельскай калоніі, але, нягледзячы на цяжкі стан, датэрмінова яе не вызвалілі.

Сваякі і знаёмыя Ганны распавялі, што яна моцна турбавалася за маці, адзінокую пенсіянерку, якая пасля смерці дачкі амаль не выходзіць з дому. Пасля арышту ў траўні 2022 года Ганну абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу за знявагу ў тэлеграм-каментарах. Суд прызначыў ёй тры гады калоніі і буйны штраф.

Падчас зняволення ў калоніі № 4 у Гомлі стан здароўя Кандраценкі пагаршаўся: абвастрыўся псарыяз, а пазней лекары дыягнаставалі рак шыйкі маткі. Хаця яе вазілі на лячэнне ў анкадыспансер, на волю Ганну не адпусцілі. Больш за тое, у дачыненні яе завялі другую крымінальную справу – зноў за каментар, гэтым разам на адрас інспектара ДАІ. Аднак новы прысуд не павялічыў тэрмін зняволення, бо новы тэрмін быў паглынуты ранейшым, больш строгім.

Кандраценка выйшла на волю 20 чэрвеня 2024 года. Яна пражыла яшчэ крыху больш за паўгода, працягваючы барацьбу з хваробаю, якая ў выніку аказалася фатальнаю.

Гэта ўжо далёка не першы выпадак, калі былыя палітвязні паміраюць пасля вызвалення з калоніі, дзе ў іх было моцна падарванае здароўе.

Гэтак, у сакавіку 2025 года сталася вядома, што ў жніўні 2024-га памёр былы палітвязень Валянцін Іваноўскі, які быў вызвалены ў траўні 20024-га, адбыўшы двухгадовае пакаранне за знявагу Лукашэнкі.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10