навіны

Беларусь дамовілася пра выдачу падазраваных з Пакістанам, плануе дамовы з яшчэ 9 краінамі

Чалавек у кайданках
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Pickpik.com
podpis źródła zdjęcia

Улады Беларусі збіраюцца дамовіцца пра выдачу падазраваных з Бразіліяй, Венесуэлай, Зімбабвэ, Нігерыяй, Нікарагуа, Камбоджай, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай, Шры-Ланкай і адной з Карэяў (якой – невядома).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія пашпарты. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
Адкуль могуць экстрадаваць у Беларусь? Можна праверыць у «Навігатары бяспечных перамяшчэнняў» Аналітыка

Палата прадстаўнікоў 14 траўня ратыфікавала дамову аб выдачы з Пакістанам, піша БелТА. Гэтую дамову падпісалі яшчэ 26 лістапада 2024 года. Яна прадугледжвае развіццё адносінаў у справе выдачы асобаў у вышуку для прыцягнення да крымінальнай адказнасці або для прывядзення прысуду ў выкананне. Рэалізацыя дамовы ўскладзеная на Генеральную пракуратуру Беларусі і Міністэрства ўнутраных справаў Пакістану.


У дамове, як адзначыў Reform.news, прапісана, што выдача распаўсюджваецца на злачынствы, для якіх тэрмін пазбаўлення волі складае не менш за адзін год або ў дачыненні якіх ужываецца больш цяжкае пакаранне. Вызначаныя падставы для адмовы, патрабаванні да зваротаў аб экстрадыцыі і патрэбныя дакументы.


І гэта можа быць першая такая дамова ў доўгім шэрагу. Міністр юстыцыі Беларусі Яўген Каваленка расказаў у Палаце прадстаўнікоў, што рыхтуюцца дамовы з яшчэ дзевяццю краінамі.


З трыма Беларусь ужо правяла ўсе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры. Гэта:


  • Карэя – Каваленка не ўдакладніў, якая, але імаверна, што Паўночная, бо Паўднёвая ўводзіла санкцыі адносна Беларусі і хіба часткова паслабіла іх у лютым;
  • Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка;
  • Шры-Ланка.


З яшчэ шасцю краінамі «вядзецца праца». Гэта:


  • Бразілія,
  • Венесуэла,
  • Зімбабвэ,
  • Нігерыя,
  • Нікарагуа,
  • Камбоджа.


Беларусь ужо мае пагадненні аб выдачы з шэрагам краінаў, з мноствам краінаў мае практыку выдачы. Праверыць, якую краіну небяспечна наведваць пры пагрозе палітычнага пераследу, можна ў «Навігатары бяспечных перамяшчэнняў» ад «Прававой ініцыятывы».


Офіс Святланы Ціханоўскай адзначае, што некаторыя краіны, як тая ж Шры-Ланка ці Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, застаюцца ў «шэрай зоне», бо пакуль не выдаюць або амаль не выдаюць людзей у Беларусь, але могуць гэта зрабіць. Таксама ў «шэрай зоне» Грузія, Малдова, Албанія, Чарнагорыя, Грэцыя, Кіпр, Турэччына, Егіпет і іншыя.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10