Дэмакратычным сілам прыходзіцца развязваць шэраг праблемаў, каб пашпарт Новай Беларусі быў прыдатны да паўнавартаснага выкарыстання, але ўсё будзе, ставіць праект на паўзу ніхто не збіраецца, паведаміў дарадца лідаркі дэмакратычных сілаў Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў эфіры шоу «Обычное утро».
«Мы пакуль не думаем пра спыненне, але мы сустракаемся з вялікай колькасцю складанасцяў. Першае – гэта легалізаваць выдачу, таму што немагчыма арганізаваць прадукцыю электронных пашпартоў па тым стандарце без дазволу палітычных уладаў [краінаў, дзе будуць рабіць пашпарты. – Заўв. рэд.], – кажа Франак Вячорка. – Таму цяпер вядуцца перамовы. Учора з кіраўніцтвам Люксембургу мы гаварылі пра іхную ролю, амаль месяц таму мы былі ў Косаве, абмяркоўвалі, каб у Косаве паспрабаваць тэхнічна патэсціць бяспеку дакументу».
Ён адзначае, што ў хадзе працы дэмакратычныя сілы атрымліваюць спісы патрабаванняў, якія мусяць быць выкананыя, каб пашпарт быў прызнаны, а таксама каб гэта было бяспечна з гледзішча карыстальнікаў.
,,«Напрыклад, пытанне GDPR [General Data Protection Regulation – рэгламент абароны персанальных звестак] мы вырашылі – узнікла шмат пытанняў з электроннай базай, напрыклад, як яна будзе счытвацца рознымі краінамі, калі людзі прыязджаюць у гэтыя краіны.
Ёсць таксама праблема, калі ў адных краінах ёсць падтрымка гэтага пашпарту, а яна ўжо ёсць, а чалавек трапляе ў іншую краіну, дзе падтрымкі няма. Які яго будзе легальны статус? Ці не сутыкнецца ён з юрыдычнымі складанасцямі? Ці не адправяць яго на праверку з гэтым дакументам?» – дзеліцца падрабязнасцямі працэсу Вячорка.
Паводле яго, цяпер ідуць спробы зрабіць гэтак, каб з пашпартам не было праблемаў у краінах Еўрапейскага Звязу. «Сама тэхнічная база гатовая, мы ўжо пачалі тэставаць індывідуальна, як гэта працуе з асобнымі людзьмі. Але вось гэтыя юрыдычныя моманты – ужо больш за дзвесце старонак дакументацыі зроблена неабходнай, і ад Еўразвязу прыходзяць усё новыя і новыя патрабаванні, чаканні, просьбы.
Пакуль уся гэтая работа забівае працу юрыстаў, але, я думаю, што мы гэта вырашым, пакуль няма знакаў, што трэба спыняць працу. У любым разе, гэта вельмі важны сімвалічны для беларусаў задзел на будучыню таксама», – адзначае Вячорка.
Ён кажа, што агулам тэма пашпарта ўздымае шмат іншых важных для беларусаў пытанняў.
«Вось учора гаворым пра пашпарт і адразу тэма пераходзіць. «А яшчэ пашпарты замежніка мы будзем выдаваць», – кажуць у Люксембургу.
,,Не хвалюйцеся, усё будзе, на сайце, у прынцыпе, ёсць адкрыты прыём заявак. Пакуль ён у пілотнай фазе. Думаю, што паступова пяройдзем да масавай выдачы пашпартоў», – падсумаваў Франак Вячорка.
Заяўкі на пашпарт Новай Беларусі пачалі прымаць 26 студзеня 2025 года. Абвешчаны кошт – 97 еўраў.
26 чэрвеня 2024 года Валер Кавалеўскі, які быў адказным за праект, сышоў з Аб’яднанага пераходнага кабінету. Тады з’явілася адмысловая арганізацыя пашпартнага праекту, яе ўзначаліў літовец Марус Гудзялайціс.
Арсен Рудэнка belsat.eu