Падчас імпрэзы «Беларусы годныя лепшага» ў Варшаве анансавалі прэзентацыю «пашпарта Новай Беларусі» – праекту дэмакратычных сілаў у справе выдачы альтэрнатыўных пашпартоў беларусам за мяжой.
Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская анансавала прэзентацыю праекту «пашпарта Новай Беларусі» 26 студзеня на варшаўскім фэсце «Беларусы годныя лепшага» – заяўкі на дакументы пачнуць прымаць з дня прэзентацыі.
Кіраўнік праекту «пашпарта Новай Беларусі» Марус Гудзялайціс расказаў выданню «Zerkalo», як ідзе праца. Паводле яго, узоры для рассылкі замежным урадам ужо надрукаваныя. Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў, што ўзоры пашпарту ўжо разаслалі ва ўсе еўрапейскія краіны – цяпер трэба праводзіць з кожнай краінай кансультацыі аб прызнанні.
«Пашпарт Новай Беларусі» адпавядае ўсім міжнародным стандартам, заяўляюць распрацоўнікі: кажуць, кансультаваліся наконт гэтага са спецыялістамі еўрапейскіх структураў і Міжнароднай арганізацыяй цывільнай авіяцыі. Таксама працуюць над уключэннем дакументу ў базы трэвэл-дакументаў, каб з «пашпартам Новай Беларусі» можна было падарожнічаць.
Каб атрымаць «пашпарт Новай Беларусі», трэба будзе зарэгістравацца на прыём, сплаціць збор 97 еўраў, здаць біяметрычныя звесткі, паказаць «стары» беларускі пашпарт і дакумент, які пацвярджае легальнае перабыванне ў Еўразвязе (верыфікаваць людзей, якія жывуць па-за Еўразвязам, пакуль не могуць, але працуюць над гэтым). Падрабязнасці абяцаюць неўзабаве апублікаваць на сайце «пашпарта Новай Беларусі».
Дакладнага тэрміну выдачы пашпартоў Гудзялайціс назваць яшчэ не можа, але лічыць, што працэс будзе займаць каля тыдня ад заяўкі да выдачы. Першы пашпартны цэнтр адкрыюць у Вільні, разглядаюць таксама адкрыццё цэнтраў у Польшчы і ва Украіне. Падача дакументаў магчымая толькі асабіста заяўнікам, але атрымаць дакумент можна будзе і поштаю. Дакумент, падкрэслівае Гудзялайціс, найперш электронны, а фізічны пашпарт – толькі папяровая версія.
З меркаванняў бяспекі распрацоўнікі пашпарта не раскрываюць, хто працуе ў камандзе, як будзе праходзіць верыфікацыя заяўнікаў або як будуць захоўвацца асабовыя звесткі. Запэўніваюць, што сілавікі з Беларусі не змогуць атрымаць доступу да базы ўладальнікаў пашпартоў.

Праект «Нацыянальны пашпарт Беларусі», які ў народзе празвалі «пашпартам Новай Беларусі», анансавалі амаль два гады таму, але на пэўны час ён «завіс». Чарнавік дызайну быў афіцыйна прэзентаваны 6 жніўня 2023 года. У лістападзе 2023 года Ціханоўская запэўнівала, што Аб’яднаны пераходны кабінет набывае матэрыялы для друку альтэрнатыўных беларускіх пашпартоў. Дэмакратычныя сілы спадзяваліся пачаць выдаваць пашпарты ў першыя месяцы 2024 года, але адбылася затрымка, якую тлумачылі не залежнымі ад каманды прычынамі.
Сілавікі і прапагандысты нямала нападалі на гэты праект: стваралі фальшывыя старонкі і профілі ў сацсетках з нібыта анкетамі на пашпарт, рассылалі фэйкавыя лісты «пашпартнага цэнтру» Новай Беларусі, паказвалі на дзяржаўным тэлебачанні фальшывыя пашпарты («спаліліся» на няведанні беларускай лацінкі: пашпарты былі на імёны «Герадж» і «Джмітры»).
А ў канцы траўня 2024 года Беларускі расследавальніцкі цэнтр расказаў, што літоўская кампанія «Garsų pasaulis», якая працавала над праектам «пашпарта Новай Беларусі», мае сувязі з Віктарам Шаўцовым, якога назвалі «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі. Аказалася, гэта была адзіная кампанія, што друкуе пашпарты ў Літве. Пасля расследавання БРЦ з пасады знялі кіраўніка Цэнтру выдачы асабістых дакументаў Літвы, а саму кампанію назвалі нядобранадзейнай.
26 чэрвеня 2024 года Валер Кавалеўскі, які быў адказным за праект, абвясціў пра адстаўку з Аб’яднанага пераходнага кабінету. Але тым жа летам з’явілася адмысловая арганізацыя пашпартнага праекту, яе ўзначаліў літовец Марус Гудзялайціс.
Алесь Наваборскі belsat.eu