навіны

Чаму не хапае дактароў? Новая версія ўладаў: бо беларусы сталі даўжэй жыць

Пацыент і доктарка
Пацыент і доктарка. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Direct Media / Freerangestock.com, CC0
podpis źródła zdjęcia

Намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі растлумачыла, што дактароў не хапае праз рост працягласці жыцця і старэнне насельніцтва ў Беларусі і ўсім свеце. Дактароў, якіх не стае, яна абяцае замяніць штучным інтэлектам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Deposit / East News
«Каб у кожнага быў лекар у кішэні». Стартап беларусаў мае зрабіць медыцыну даступнай для ўсіх Гісторыі

Наталля Пяткевіч, першая намесніца кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, 14 траўня правяла сустрэчу з калектывам Жабінкаўскага цукровага заводу. Як перадае БелТА, яе пыталі, сярод іншага, пра недахоп дактароў у Беларусі.


Чыноўніца адказала, што недахоп дактароў і немагчымасць адразу запісацца на прыём – гэта праблема, характэрная для ўсяго свету. Адна з прычынаў гэтага, са словаў чыноўніцы, гэта падвышэнне попыту на паслугі дактароў праз павелічэнне сярэдняй працягласці жыцця і старэнне насельніцтва.


Шэраг праблемаў з медыкамі маюць залагодзіць цягам года-двух, паабяцала Пяткевіч. Лукашэнка, з ейных словаў, цікавіцца кожным малым фельчарска-акушэрскім пунктам – колькі прыйшло людзей, ці стае лекаў і гэтак далей. Дзяржава, кажа яна, выдаткоўвае на ахову здароўя не менш за 5,5 % валавога ўнутранага прадукту. А брак дактароў кампенсуе ў тым ліку штучны інтэлект.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медыкі ў паліклініцы. Фота: sb.by
«Ды ніколі ў жыцці». Лекары разважаюць, ці спыніцца ад'езд з Беларусі пасля павелічэння заробкаў Гісторыі

Чыноўніца не згадала іншых магчымых прычынаў недахопу дактароў, напрыклад, нізкіх заробкаў, высокай нагрузкі, неспрыяльных умоваў працы і палітычных рэпрэсіяў.


Паводле звестак, якія здабыў «BELPOL», Міністэрства аховы здароўя збіраецца змагацца з праблемай найперш праз павелічэнне заробкаў, а таксама падвышэнне колькасці бюджэтнікаў у медычных ВНУ, паляпшэнне ўмоваў працы маладых спецыялістаў, прыём на працу большай колькасці пенсіянераў, забарону размеркавання паводле месца жыхарства сужэнцаў і выезду з краіны для тых, хто яшчэ не адпрацаваў размеркавання. Таксама ўлады змагаюцца з прыватнымі медычнымі цэнтрамі.


Медыкі сумняюцца, што ў Беларусі можна падвысіць заробкі і палепшыць умовы працы да ўзроўняў, якія спыняць міграцыю спецыялістаў.

Працягласць жыцця ў Беларусі сапраўды павялічваецца (калі не лічыць правалу ў пандэмію каронавіруса) пасля спаду ў 1990-х, але не такімі тэмпамі, як магла бы. Напрыклад, чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні, паводле статыстыкі «World Bank», на 2023 год складала ў Беларусі каля 74 гадоў, у Расеі і Украіне – 73, у Латвіі – 76, у Літве – 77, у Польшчы – 79. І гэта пры тым, што 30 гадоў таму Літва была на адным узроўні з Беларуссю, а Латвія адставала.

Штучны інтэлект сапраўды працуе ў медыцыне: напрыклад, дапамагае ў аналізе звестак рэнтгенаў і МРТ, паскарае распрацоўванне лекаў і аналіз генаў. ШІ можна выкарыстоўваць і для кансультацыяў пацыентаў у чат-ботах. Але штучны інтэлект пакуль не здольны замяніць жывога доктара. Нейрасеткі «галюцынуюць» і ўпэўнена паведамляюць памылковую інфармацыю: могуць пісаць, што для здароўя карысна есці камяні і саскочыць з маста, могуць саркастычна жадаць смерці карыстальніку, а могуць і паспрыяць сапраўднаму самагубству.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10