Гісторыі

«Ды ніколі ў жыцці». Лекары разважаюць, ці спыніцца ад'езд з Беларусі пасля павелічэння заробкаў

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медыкі ў паліклініцы. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медыкі ў паліклініцы. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

З студзеня 2025 года дактарам дзяржаўных установаў павялічылі надбаўкі да акладу на 45 %, а на працягу года плануецца паступовае павелічэнне надбавак для сярэдняга медперсаналу на 35 % ад акладу. Аляксандр Лукашэнка перад Новым годам паабяцаў, што «будзем старацца так, каб вы на сваёй роднай зямлі працавалі, а не бегалі дзесьці па свеце ў пошуках лепшага жыцця». «Белсат» даведаўся ў медыкаў, ці дапамогуць надбаўкі ўтрымаць іх ад эміграцыі.

«Пакажыце польскага лекара, які будзе працаваць у нашай мясарубцы»


Загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі з палатамі для цяжарных, парадзіх і гінекалагічных пацыентак РНПЦ «Маці і дзіця» Аляксандр Багамолаў пахваліўся, што ў ягоным аддзяленні доктар першай катэгорыі на стаўку зарабляе каля 3,5 тысяч рублёў, з улікам сумяшчальніцтва – каля 5 тысяч. У яго асабіста даплата праз павышэнне вырасла на 200 рублёў.


Намеснік прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету ў сферы сацыяльнай палітыкі, доктар Станіслаў Салавей лічыць, што цяперашнія надбаўкі не стрымаюць адтоку лекараў і медперсаналу за мяжу. Ён падкрэслівае, што людзі едуць не толькі па вышэйшыя заробкі, але і па лепшыя ўмовы працы і якасць жыцця.

,,

«Калі мы кажам пра заробкі – прабачце, у Польшчы доктар з такім досведам і рэгаліямі ў вядучай клініцы [што працаваў паводле спецыялізацыі не менш за пяць гадоў, як у прыкладзе Багамолава, лекар першай катэгорыі. – Заўв. рэд.], не лічу, што будзе атрымліваць менш за 8–10 тысяч еўраў. Пры гэтым працуючы не больш, чым у Беларусі».


І Беларусь – краіна, дзе звальняюць, рэпрэсуюць, садзяць. Каб перабіць гэта заробкамі, яны павінны стаць вышэйшымі за польскія ці нямецкія. Гэта шматкротнае павелічэнне. Трэба мяняць тое, што адбываецца ў краіне, каб было менш нагодаў з'язджаць у тых, у каго грошы не на першым месцы, мяркуе Станіслаў Салавей.


Што да ўмоваў працы, то ў Беларусі яны таксама значна цяжэйшыя, чым у суседзяў з ЕЗ, адзначае суразмоўца.

,,

«Пакажыце мне польскага лекара, які будзе працаваць у той мясарубцы, якая адбываецца ў нашых паліклініках, калі на прыём ідуць па 70 – 80 асобаў. Так, у Польшчы ёсць чэргі да лекараў, але лекар не перагружаны працай. Быў нават выпадак, калі чалавек пераехаў з Беларусі не ў самым юным узросце і пытае на працы, а што рабіць, бо багата вольнага часу. Ён не прывык да такога», – працягвае Станіслаў Салавей.


Суразмоўца адзначае і часта зняважлівае стаўленне да лекараў у Беларусі, якія нібыта ўсім павінны і не маюць ніякіх правоў.


Не ўсе беларускія лекары зарабляюць 3,5 тысячы рублёў

Здымак мае ілюстрацыйны характар. РНПЦ «Маці і дзіця». Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. РНПЦ «Маці і дзіця». Фота: sb.by

Прадстаўнік АПК адзначае, што такія заробкі, як у РНПЦ «Маці і дзіця», атрымліваюць далёка не ўсе беларускія дактары.


«Гэта клініка, дзе робяць высокатэхналагічныя аперацыі, за якія існуюць даволі вялікія даплаты. Калі мы зірнем на заробак анестэзіёлага ў раённай бальніцы, то, мне падаецца, што такі вялікі ён не будзе. І трэба разумець, што ўсе гэтыя надбаўкі – надбаўкі не да заробку, а да акладу. А аклад – гэта рублёў 400–500. Таму на выхадзе гэтыя даплаты складуць 100–200 рублёў.


Я нават паглядзеў сайт «Маці і дзіця». Вакансіі: лекар-трансфузіёлаг – не вышэй за 2700 рублёў, лекар-лабарант – не вышэй за 2500 рублёў, лекар-эндаскапіст – не вышэй за 2997. Мне трошкі не верыцца, што лекар на стаўку атрымлівае ў Беларусі 3500 рублёў, але я буду вельмі рады, калі гэта сапраўды так. Праца любога доктара сапраўды павінна цаніцца і ў грашовым эквіваленце таксама», – працягвае суразмоўца.


У Польшчы каля $ 1000 у эквіваленце, што прыкладна на адным узроўні з РНПЦ «Маці і дзіця», зарабляе не высакакласны спецыяліст, а такі, што ў Беларусі лічыцца інтэрнам, кажа Салавей.


«Польскія дактары спакойна з заробкаў набываюць сабе кватэры, машыны, нават не вельмі карыстаючыся іпатэкамі», – кажа ён.


«Перапрацоўкі знішчаюць здароўе»


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стаматолаг-артапед усталёўвае керамічныя вініры. Фота: viodent.relax.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стаматолаг-артапед усталёўвае керамічныя вініры. Фота: viodent.relax.by

Аляксандр Багамолаў таксама расказаў пра сумяшчальніцтва, якое дазваляе медыкам РНПЦ «Маці і дзіця» зарабіць ажно 5 тысяч рублёў. Такіх магчымасцяў у Беларусі вельмі мала, хоць з сумяшчальніцтвам працуюць амаль усе.


«Ёсць вельмі стары медычны жарт: на стаўку няма чаго есці, а на дзве – няма калі. Таму ўсе працуюць на паўтары. Уявіце, што вы працуеце на МАЗе восем гадзінаў, а потым – яшчэ чатыры гадзіны на МТЗ. І так кожны дзень. Ці вы можаце працаваць усю суботу, у тым ліку ноччу, замест гэтых чатырох гадзінаў штодня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik

Найлепшыя беларускія гурт, альбом, песня, кліп і адкрыццё 2024 года. Музычны топ ад экспертаў

Аналітыка

Такім чынам і заробкі выглядаюць большымі. Гэта вельмі класна паказваць для статыстыкі, але ж трэба глядзець на адну стаўку», – кажа Салавей.


Увогуле ў Беларусі нармалізавана, што медыкі працуюць больш за іншыя прафесіі. І звычайна тое не ўласны выбар. Распаўсюджаная практыка, хоць перарапрацоўкі супярэчаць заканадаўству.


«У беларускім працоўным заканадаўстве напісана, што, калі твая змена большая за 12 гадзінаў, то ты павінен на наступную змену выйсці не раней, чым калі адпачнеш у два разы больш, чым адпрацаваў. І ты маеш права працаваць не больш за 24 гадзіны.


На практыцы ты працуеш васьмігадзінны дзень. Потым на пяць хвілінаў ты “знікаеш” і з’яўляешся ў іншым радку табеля – быццам бы гэта не ты. Працуеш начную змену. Потым зноў на пяць хвілінаў “знікаеш” і з’яўляешся ў якасці дзённага доктара. Гэтыя перапрацоўкі знішчаюць здароўе, павялічваюць верагоднасць памылак і выгарання лекараў», – працягвае Станіслаў Салавей.


Калі скласці ўсе абставіны, то дзеля спынення адтоку лекараў з Беларусі трэба забраць у іх пашпарты, лічыць ён. Але і тое надоўга не спрацуе, бо школьнікі выберуць вучобу на дактароў за мяжою.


За $ 3 тысячы спакойна працуеш і п’еш каву


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стаматолаг за працай у стаматалагічным цэнтры Dentima у Кракаве, Польшча. 15 траўня 2020 года. Фота: Artur Widak / NurPhoto via Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стаматолаг за працай у стаматалагічным цэнтры Dentima у Кракаве, Польшча. 15 траўня 2020 года. Фота: Artur Widak / NurPhoto via Getty Images

Стаматолаг з Беларусі Арына (імя змененае) пераехала ў Польшчу некалькі гадоў таму і працаўладкавалася паводле спецыяльнасці.


Яна кажа, што стаматолаг на дзяржаўным кантракце атрымлівае прыкладна 12 400 злотых (каля $ 3 тысяч).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лекар падчас пандэміі. Чарнаўцы, Украіна. 4 траўня 2020 года. Фота: Mstyslav Chernov / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Жывым добра казаць, што «ковід перамаглі». Што было са смяротнасцю ў Беларусі ў разгар пандэміі – і што цяпер?

Аналітыка

«Ты спакойна працуеш чатыры-пяць гадзінаў на дзень, п’еш каву. Выдаткі тут не нашмат большыя, чым у Беларусі [Арына жыве ў сярэднім горадзе. – Заўв. рэд.]. Таму, думаю, што даплата 200 рублёў дакладна нікога не ўтрымае», – кажа Арына.


Яна лічыць, што папяровай працы ў Беларусі і ў Польшчы для лекараў прыкладна аднолькава. Але нагрузкі ў Польшчы дакладна меншыя.


«І тут табе замест таго, каб плаціць стаўку, плацяць хаця б за колькасць справаў, якія ты зрабіў. Калі бяром стандартнага лекара, які ледзь не адразу пасля ўніверсітэту, то ў іх прыкладна 8000 злотых [каля $ 2100] выходзіць на дзяржаўным кантракце. Але, як толькі ты робіш сабе спецыялізацыю, як ардынатура ў Беларусі, то адразу атрымліваеш надбаўкі. І калі маеш спецыялізацыю, можаш падпрацоўваць у прыватніка. Стандартны лекар з 4–6 дзяжурствамі дзесьці 15 000 злотых атрымлівае [каля $ 3700]», – працягвае Арына.


Дзяжурствы азначаюць ноч у шпіталі. У Польшчы і ў Беларусі гэта стандартная рэч, але ў Беларусі за яе плацяць не шмат, кажа суразмоўніца.


На пытанне, ці хацела б яна вярнуцца да беларускіх умоваў працы і заробкаў, яна смяецца і адказвае сцісла:


«Ды ніколі ў жыцці».


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10