У шпіталях не хапае лекараў, у сувязі з гэтым Міністэрства аховы здароўя распрацавала пэўныя захады для барацьбы з дэфіцытам кадраў. У той жа час Белстат пахваліўся мінімальным узроўнем беспрацоўя. У чым тут нестыкоўка, запыталі ў прадстаўніка ініцыятывы «BELPOL» Уладзіміра Жыгара, эканнамісткі Алісы Рыжычэнка і педыятра Міхаіла Самбурскога.
У шпіталях па ўсёй краіне не стае санітарак, лекараў-спецыялістаў і медычнага персаналу сярэдняга звяна. Найбольшы недахоп адчуваюць Гарадзеншчына і Магілёўшчына. Пра гэта сведчыць унутраная справаздача Міністэрства аховы здароўя, якую атрымала і перадала парталу «Зеркало» ініцыятыва «BELPOL».
«Гэта дастаткова вялікі дакумент, і была апублікаваная толькі першая частка, выжымка гэтага дакументу. У ёй можна звярнуць увагу, што 14 тысяч вакансіяў зараз у медыцыне. Гэта агромністая лічба для не такой вялікай Беларусі», – сцвярджае Уладзімір Жыгар.
14 тысяч працаўнікоў, якія патрабуюцца медыцыне, – гэта 9 % ад усіх медыкаў у нашай краіне. На 1-га студзеня, згодна з Мінздароўя, у шпіталях і паліклініках працавалі 47,5 тысяч лекараў-спецыялістаў і 112 тысяч медычных працаўнікоў сярэдняга звяна. Уладзімір Жыгар упэўнены, што лекары там працуюць больш чым на адну стаўку, і пры гэтым усё роўна іх заробак не дацягвае нават да 800 еўраў.
,,«Яны добра ведаюць, колькі лекары атрымліваюць у Еўропе. Шматлікія беларускія лекары з‘ехалі ў Еўропу, яны дзеляцца гэтай інфармацыяй. І, вядома ж, утрымаць лекараў у Беларусі з кожным месяцам становіцца ўсё складаней», – кажа прадстаўнік «BELPOL».
Міністэрства аховы здароўя прызнае праблему і прапаноўвае развязаць яе менавіта праз падвышэнне заробкаў. Калі летась лекар у сярэднім атрымліваў 2842 рублі, а сярэдні медпрацаўнік – 1576 рублёў, то міністэрства збіраецца падвысіць гэтыя заробкі на 150 і на 90 % адпаведна. Але, як заўважае педыятр Міхаіл Самбурскі, гэтая захада не дапаможа:
«Большасць ідзе не па грошы на працу – гэта па-першае. І другое, Яна даўно існуе, гэта праблема, і чым далей, тым сур’ёзнейшая і ніяк яна не вырашаецца падыманнем заробкаў».

Акрамя заробкаў, Мінздароўя збіраецца падвысіць колькасць бюджэтнікаў у медычных ВНУ, а таксама палепшыць умовы працы маладых спецыялістаў, забараніць размеркаванне паводле месца жыхарства сужэнцаў і выезд з краіны для тых, хто яшчэ не адпрацаваў размеркавання. А яшчэ – прыцягнуць да працы больш пенсіянераў. На думку ж нашага эксперта, трэба перабудоўваць усю сістэму цалкам:
,,«Першае, займацца лекар павінен лекарскай справай, медсястра – медсястрынскай справай, вось такое. Другое, пабудаваць сістэму абароны правоў, юрысты павінны быць, якіх няма, прафсаюзы, вось такое, заканадаўства».
Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, беспрацоўе ў краіне – меншае за 3 %. Эканамістка Аліса Рыжычэнка падкрэслівае, што зараз у нас вялізны дэфіцыт на рынку працы:
«У нас вакансій велізарная колькасць, каля 160 тысяч. Яна перавышае колькасць беспрацоўных, паводле якой бы методыкі мы ні лічылі».
Дэфіцыт кадраў у самых розных сферах, на думку эканамісткі, пачаў фармавацца з палітычнага крызісу 2020 года.
Падрабязней глядзіце ў сюжэце:
Аліна Скрабунова, Марыя Голдстэйн, «Белсат»