Аналітыка

У беларускіх медыкаў з'явіцца яшчэ больш стымулаў зʼехаць. Міністэрства аховы здароўя ўвяло новыя правілы

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медычны цэнтр «ЛАДЭ» у Менску. Фота: lode-online.103.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медычны цэнтр «ЛАДЭ» у Менску. Фота: lode-online.103.by
podpis źródła zdjęcia

Улады Беларусі ўсё больш актыўна рэгулююць медычныя паслугі. Новыя абмежаванні для прыватных медычных цэнтраў павінны запрацаваць ужо з 1 лютага. Нягледзячы на тое, што фармальна такія меры пераследуюць пазітыўныя мэты, у сапраўднасці сітуацыя ў медычнай сферы паводле іх выніку можа толькі пагоршыцца.

З 1 лютага Міністэрства аховы здароўя сваёй пастановай №156 ад 16 лістапада 2024 года ўстанавіла гранічныя максімальныя тарыфы на платныя медычныя паслугі на прыём (кансультацыю) лекараў-спецыялістаў.

Гранічны максімальны тарыф на першасны прыём лекараў-спецыялістаў складзе ад Br 35 (лекарам-спецыялістам другой кваліфікацыйнай катэгорыі) да Br 57 (лекарам-спецыялістам, акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктарам медычных навук), а на паўторны прыём гэтымі ж спецыялістамі – ад Br 21 да Br 32. Максімальны тарыф на кансультацыю лекара-спецыяліста, які мае кваліфікацыйную катэгорыю, устаноўлены на ўзроўні ад Br 42 да Br 49 (у залежнасці ад катэгорыі), а на кансультацыю лекара-спецыяліста, які мае навуковую ступень, вучонае званне, акадэмічнае вучонае званне, – ад Br 65 да Br 85.

Міністэрства аховы здароўя паводле пастановы №155 таксама ўстанавіла нормы часу і расходу матэрыялаў на платныя медычныя паслугі на прыём (кансультацыю) лекарамі-спецыялістамі: на першасны прыём лекара-спецыяліста – 25 хвілін; на паўторны прыём – 15 хвілін; кансультацыя лекара-спецыяліста, які мае кваліфікацыйную катэгорыю – 30 хвілін; кансультацыя лекара-спецыяліста, які мае навуковую ступень, вучонае званне, акадэмічнае вучонае званне – 60 хвілін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медычны цэнтр «ЛАДЭ» у Менску. Фота: lode-online.103.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медычны цэнтр «ЛАДЭ» у Менску. Фота: lode-online.103.by

У Міністэрстве аховы здароўя асабліва падкрэсліваюць, што абмежаванне тарыфаў на платныя прыёмы лекараў-спецыялістаў датычыць усіх юрыдычных асоб, незалежна ад формы ўласнасці і падпарадкаванасці, а таксама тых, якія аказваюць індывідуальныя прадпрымальнікі.

,,

«У цяперашні час паслугі кансультацый і прыёмаў лекараў-спецыялістаў не рэгулююцца, у сувязі з чым назіраецца значны роскід узроўню тарыфаў на дадзеныя медпаслугі. Увядзенне цэнавага рэгулявання і абмежаванні тарыфаў дазволіяь ліквідаваць выпадкі фармавання тарыфаў са звышпрыбыткамі. Увядзенне рэгулявання Міністэрствам аховы здароўя па ўзгадненні з МАРГ тарыфаў на паслугі кансультацый і прыёмаў лекараў-спецыялістаў дазволіць усталяваць эканамічна абгрунтаваныя тарыфы», – заяўляюць у ведамстве.


Алена Шарафановіч. Фота: currenttime.tv

«Уладам пляваць на хворых дзяцей». У Менску пачаўся суд над вядомым дзіцячым анколагам

Аналітыка

Дзяржава вырашае за людзей

Пастанова не распаўсюджваецца на прыём (кансультацыі) лекараў стаматалагічнага профілю, паколькі яны рэгулююцца паводле пастаноў Міністэрства аховы здароўя №75 і №77 ад 24 красавіка 2024 года. Да таго ж ужо ўводзілі з 1 лістапада 2023 года рэгуляванне тэрапеўтычных, хірургічных і артадантычных стаматалагічных паслуг. Міністэрства аховы здароўя таксама заяўляла, што гэта было зроблена для падвышэння іх даступнасці для насельніцтва. У прыватнасці, казалі, што выдаленне малочнага зуба ў сярэднім павінна было стаць таннейшым на 33 %, складанае выдаленне – на 42 %, лячэнне сярэдняга карыесу – на 47 %. Але менш чым праз год спатрэбілася дадатковае рэгуляванне. Цяпер жа яго пашырылі і на іншыя сферы медычнай дзейнасці.

«Наша дзяржава ўжо вельмі даўно рэгулюе цэны на розныя віды медычных паслуг, дыягнастычныя працэдуры, КТ, МРТ, УГД. І гэтыя гайкі ўсё больш заціскаюцца, усё больш рэгулявання, ды галоўнае – усё больш супярэчлівага рэгулявання», – заяўляе ў каментары «Белсату» каардынатар фонда медычнай салідарнасці Беларусі «BYMEDSOL» Лідзія Тарасенка.

Таму, кажа суразмоўца, для яе новыя правілы не сталі нечаканасцю. Пры гэтым яна не згодная з тым, што паслугі, якія аказваюцца ў прыватных медцэнтрах, павінны рэгулявацца дзяржавай. Паводле яе, прыватныя медцэнтры павінны працаваць па законах камерцыйнага сектара, тады як рэгуляванне наадварот прывядзе «да таго, што на рынку не застаецца тых, хто гатовы прадастаўляць паслугі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медычны цэнтр «Добры Доктар» у Менску. Фота: dodoctor.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медычны цэнтр «Добры Доктар» у Менску. Фота: dodoctor.by

Эксперт Цэнтра эканамічных даследаванняў «BEROC» Анастасія Лузгіна таксама лічыць аптымальным варыянт, калі кошт платных медычных паслуг у прыватных медцэнтрах рэгулюецца рынкам. Яна адзначае, што прыватная медыцына дапаўняе дзяржаўную, якая фінансуецца за кошт падаткаў, дазваляючы людзям атрымаць медычную паслугу ў больш камфортных умовах і больш хутка.

,,

«Рынак вызначае гэтую лімітавую планку. Людзі самыя галасуюць рублём, калі будзе вельмі дорага, яны проста не пойдуць да таго ці іншага спецыяліста», – заяўляе Лузгіна.


Навошта гэта трэба ўладам

Эканамістка мяркуе, што ўводзячы рэгуляванне коштаў на паслугі ў прыватных медцэнтрах, улады пераследуюць некалькі мэтаў. Першая – гэта жаданне кантраляваць інфляцыю. Лузгіна адзначае: у 2025 годзе чакаецца, што ўлады аслабяць рэгуляванне коштаў на некаторыя тавары, паколькі «жорсткае рэгуляванне вылучаецца тым, што прадпрыемствы, фірмы будуць несці значныя выдаткі». Але каб інфляцыя не выйшла за межы прагназаваных значэнняў, было вырашана зрабіць больш жорсткім рэгуляванне коштаў на паслугі, кажа экспертка.

Другая мэта такога рэгулявання – сацыяльная: «Мы зараз прывядзем гэтыя кошты да такой аднастайнасці, ды прыватнікі не змогуць усталёўваць звышвысокія тарыфы і, адпаведна, атрымліваць нейкія звышпрыбыткі».

Па-трэцяе, ураўноўванне цэн на паслугі ў прыватных і дзяржаўных медычных установах можа быць выклікана жаданнем закрыць кадравы дэфіцыт у дзяржсектары.

«У ахове здароўя не хапае медыкаў. Абмежаванне тарыфаў, аплаты за абслугоўванне ў прыватных клініках, магчыма, часткова павінна прастымуляваць тое, што лекару будзе без розніцы, дзе ён працуе: альбо ў дзяржаўнай, альбо ў прыватнай клініцы, таму што ў прыватных абмяжоўваюць іх магчымасці заробку», – не выключае Лузгіна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медычны цэнтр «Sante» у Менску. Фота: anodkatod.ru
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медычны цэнтр «Sante» у Менску. Фота: anodkatod.ru

Куды гэта ўсё вядзе

Аднак меры, да якіх звяртаюцца ўлады, могуць толькі пагоршыць сітуацыю ў медыцыне. Як адзначае эканамістка, цэны на паслугі вызначаюцца ў рублях і не ўтрымліваюць магчымасці іх змены ў сувязі з інфляцыяй.

«Атрымліваецца, што нават з улікам інфляцыйных працэсаў, калі б кампаніі пажадалі падвышаць кошты на паслугі сваіх спецыялістаў, то гэта цяпер немагчыма, яны павінны дзейнічаць у межах гэтага жорсткага дыяпазону», – кажа суразмоўца.

Усё гэта будзе прыводзіць да таго, што, з аднаго боку, супрацоўнікі прыватных медцэнтраў будуць не даатрымліваць заробкі. З іншага ж боку, рынак прыватнай медыцыны перастане быць прывабным і для бізнесу, які мог бы яго развіваць. З-за гэта ўзнікае абмежаванасць медычных паслуг, павялічацца тэрміны камфортнага медычнага абслугоўвання.

,,

«Калі медычныя цэнтры не могуць свабодна вызначаць кошты на медычныя паслугі, адпаведна яны могуць пачаць эканоміць: на абсталяванні, на абслугоўванні. Будзе эканомія, якая ў сваю чаргу будзе адбівацца і на якасці паслуг», – падкрэслівае Лузгіна.


Вынікам гэтага можа стаць тое, што адток кадраў з беларускай медыцыны толькі ўзмоцніцца. У прыватнасці, спецыялісты будуць больш ахвотна з'язджаць у іншыя краіны, дзе яны за тую ж працу будуць атрымліваць нашмат большыя ганарары. А абітурыенты ўжо будуць часцей разглядаць магчымасць навучання ў замежных універсітэтах. Такім чынам, падсумоўвае Лузгіна, замест прытоку ў дзяржсектар высокакваліфікаваных спецыялістаў можна атрымаць сітуацыю, калі як прафесійныя медыкі, так і будучыя будуць зʼязджаць у іншыя краіны, дзе больш плацяць і дзе няма абмежаванняў для развіцця рынку медычных паслуг.

Макар Мыш / МВ belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10