Гісторыі

Ян Маліцкі: Беларусь заслугоўвае вольнай дэмакратычнай дзяржавы

Ян Маліцкі
Кіраўнік Цэнтру Усходняй Еўропы, дырэктар стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага Ян Маліцкі і Вітаўт Сіўчык падчас інтэрв’ю. 31 снежня 2024 года. Скрыншот: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У апошні дзень года ў студыю «Белсату» завітаў кіраўнік Цэнтру Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту, дырэктар стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага Ян Маліцкі.

Перадусім пытанне пра вашае здароўе, як вы пачуваецеся. Бо бачу, што вы прыйшлі да нас, перарваўшы рэабілітацыю, у адмысловым бандажы…

 

– Прашу прабачэння і разумення нашых гледачоў – я ў спецыяльным убранні, бо пасля выпадку, звязаным з нападам, маю пераломы костак чэрапа, скрыўленне і страсенне мозгу. Гэтыя пераломы костак чэрапа прыводзяць да таго, што мне трэба забяспечыць абарону галавы. Галава — гэта мой найважнейшы інструмент працы, яна павінна быць у парадку.

 

– 20 снежня тэлеканал «Белсат» стаўся першым сярод медыяў, што атрымалі паведамленне ад дырэктаркі Школы Усходніх Моў Інгі Катаньскай пра напад на вас у цэнтры Варшавы, у парку Казімежоўскім, у выніку чаго вы трапілі ў шпіталь. Распавядзіце, што тады адбылося?

 

– Гэта здарылася ўвечары 19 снежня, я запомніў гэтую дату, прыкладна а 22-й гадзіне ў парку Казімежоўскім. Выйшлі нечакана два чалавекі на ходнік, не магу сказаць, з якога боку, злева ці справа, у форме, што нагадвала паліцэйскую, як мне тады падалося, і спыталі мяне, як мяне завуць. Ну і я, разгублены, бо я лічыў, што паліцыя мае права выходзіць, калі хоча, і пытаць, калі хоча, адказаў. Нармальна я б паскорыў крок, але ў гэты раз я адказаў. Не паліцыя, а супрацоўнікі Студыюм Усходняй Еўропы знайшлі мяне ў тым месцы, дзе я ляжаў і дзе была вялікая пляма крыві, акуляры. Аправа адарвалася, пабіліся шкельцы, на адным з якіх – кроў. Гэта даказвае, як паказвае мой аналіз, што я ўпаў тварам уніз, а рана на галаве ў мяне была ззаду, на костцы. І гэта тое, што можна сказаць. Тым не менш, я не ёсць добры сведка, бо ў мяне поўная страта памяці ў гэтым пытанні.

Добра я памятаю толькі тое, што адбывалася пасля таго, як я абудзіўся на насілках у машыне хуткай дапамогі.


Моцна перакананы, што не ўдасца так проста знайсці нападнікаў. У кантэксце шматгадовых нападаў на Студыюм Усходняй Еўропы, асабліва з 2006 года, калі з'явілася праграма Каліноўскага, пачаліся атакі і на мяне, і на студыюм. Мяркую, то мы маем справу з дастаткова прафесійнай працаю. 

Ян Маліцкі падчас інтэрв’ю. 31 снежня 2024 года. Скрыншот: Белсат
Ян Маліцкі падчас інтэрв’ю. 31 снежня 2024 года. Скрыншот: Белсат
Ян Маліцкі ў інтэрв’ю праекту «Вот Так». 29 чэрвеня 2024 года. Скрыншот: Белсат

У Варшаве напалі на дырэктара праграмы Каліноўскага

навіны

– Карыстаючыся нагодаю, што Вы завіталі на наш тэлеканал, хацеў запытаць, як Вы глядзіце на сітуацыю ў Беларусі. У нас толькі афіцыйна каля паўтары тысячы палітвязняў, рэальная колькасць у разы большая, сотні тысячаў у эміграцыі…

 

– Так, калі мы кажам пра вязняў, іх сапраўды значна больш. Гэта рыса рэжыму – ён мае сталую тэндэнцыю да хлусні. Вязняў значна больш. Хацеў бы ўзгадаць асабліва Анджэя Пачобута – паляка з Беларусі, які дэманстратыўна выступае за вольную Беларусь. Ён дэманстратыўна адмовіўся выехаць, бо сказаў, што мае такое самае права, як іншыя грамадзяне Беларусі, быць у гэтай краіне.

 

Наконт вязняў, на першы погляд справа выглядае прайгранаю, бо здушаны грамадскі супраціў. Я пакуль не бачу ніякіх падставаў для грамадскага супраціву, бо сіла рэжыму і пераследу настолькі вялікая, што грамадства не ў стане падняцца. Кажу гэта не для таго, каб, барані Божа, камусьці закінуць, гэта аб’ектыўна. Але другое, сіла і пазіцыя беларускага рэжыму – гэта адлюстраванне маскоўскага рэжыму. У момант, калі пахіснецца рэжым Пуціна ў Маскве, рэжым Лукашэнкі не вытрымае і 24 гадзінаў. У той жа час пазіцыя Пуціна залежыць ад вайны ва Украіне, цалкам непасрэдна.

 

 

– Напярэдадні была шакавальная навіна – 64-гадовы ксёндз Генрых Акалатовіч, які мае цяжкія захворванні, быў асуджаны на 11 гадоў зняволення. На жаль, мы прызвычаіліся да сталінскіх выракаў у Беларусі. Але вернікаў шакавала тое, што на працэсе не прысутнічаў ані біскуп, ані прадстаўнікі Апостальскай нунцыятуры. Вядома, што ў часы камунізму ў Польшчы таксама пераследавалі Касцёл. Як бы Вы ацанілі гэтую сітуацыю?

 

– 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму – гэта, па-польску кажучы, лагер. Стары чалавек, каталіцкі святар, хворы – гэта абсалютны шок. Вядома, што рэжым злачынны і пераследуе сваіх нават выдуманых ворагаў. Але мяне шакуе нешта іншае, і мне вельмі прыкра, як грэшнаму, але вернаму сыну Касцёлу, што Святы Касцёл не меў адвагі і дастатковай стратэгіі, каб гэтаму чалавеку аказаць дапамогу падчас працэсу. Для яго гэта вельмі важна. Веру, што польскі Касцёл здолее зрабіць нейкі жэст, бо мы не выцягнем святара з лагеру, але можам паказаць гэты жэст. Упэўнены, што рэжым упадзе, і ксёндз Акалатовіч выйдзе з турмы раней, чым гэта прадугледжвае вырак. Тады ён павінен даведацца, што былі тыя, хто пра яго памятаў.



Ян Маліцкі і Вітаўт Сіўчык падчас інтэрв’ю. 31 снежня 2024 года. Скрыншот: Белсат
Ян Маліцкі і Вітаўт Сіўчык падчас інтэрв’ю. 31 снежня 2024 года. Скрыншот: Белсат

– Вяртаемся да Вашых словаў пра стан Расеі. Масква ўжо трэці год працягвае поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны. Мы бачым, на жаль, што яна вельмі марудна, але прасоўваецца на фронце. У сувязі з гэтым маё пытанне: гэтая вайна аслабляе Расею ці наадварот нейкім чынам кансалідуе гэтую Расейскую імперыю? Ці мы не знаходзімся напярэдадні другой Ялты і падзелу нашай часткі Еўропы, пра якую марыць Пуцін?

 

– Пабачым. Гэта будзе ў руках прэзідэнта ЗША. Баюся, што лідары найбольшых еўрапейскіх дзяржаваў пайшлі на другую Ялту – на нейкія падзелы коштам Украіны. Кажу гэта з халодным спакоем, не маю сумневаў, што ключ да развязання ў Вашынгтоне, і гэта прэзідэнт Трамп вызначыць, што будзе далей.

 

На маё здзіўленне, пасля амаль трох гадоў вайны Расея не аслабела. Нават у міжнародных стасунках яна ўзмацніла сваю пазіцыю, бо санкцыі не спрацавалі. З розных прычынаў, бо Захад быў непаслядоўны ў санкцыях, некаторыя спазняліся, хтосьці скрозь пальцы глядзіць на іх абыход, а некалькі краінаў свядома дапамагаюць Расеі ў іх абыходзе для ўласных заробкаў, а таксама змагаючыся з Захадам у шырокім сэнсе – мы гаворым пра Кітай, Індыю і Бразілію. І зноў-такі не дойдзе да аслаблення Расеі без пройгрышу на фронце. Ці то ва ўсёй вайне, ці на фронце.

 

– Вялікая колькасць аналітыкаў мяркуе, што, магчыма, у 2025 годзе дойдзе да перамоваў адносна вайны ва Украіне, і гэта будуць перамовы не выключна пра спыненне агню, але і пра падзел сілаў у нашай частцы Еўропы. Мы, беларусы, маем свайго кшталту Рыжскую траўму, што лёс Беларусі вызначаецца без беларусаў. Мы маем сігналы, што пэўныя беларускія дэлегацыі, дэлегацыі дэмакратычных сілаў хацелі б удзельнічаць у перамовах. Ці гэта ўвогуле магчыма, што беларусаў дапусцяць у якой-небудзь форме да перамоваў, калі мы кажам пра будучыню нашага рэгіёну?

 

– Я ведаю, што гэта дрэнна казаць, але я вельмі, вельмі сумняюся ў гэтым. Нават украінцы баяцца, што гэта адбудзецца праз іхную галаву. Нават украінцы, не кажучы ўжо пра беларусаў. Моцна сумняюся. Я хачу толькі нагадаць сітуацыю, калі шмат гадоў таму ўзнік так званы «нармандскі фармат» і Польшча была прапушчаная ў гэтым фармаце. Яе палітыка вельмі негатыўна гэта перажыла, бо Польшча, суседняя з Беларуссю, Украінаю і ў пэўным сэнсе з Расеяю, як адзіная краіна ў Еўрапейскім Звязе, была ігнараваная. Сёння мы павінны дзякаваць Богу, што не бралі ўдзелу ў гэтых перамовах, фальшывых перамоўных працэсах, крадзежных і ашуканскіх перамовах «нармандскага фармату».

Такім чынам, можа здарыцца, што гэта і не дрэнна, што дэмакратычныя сілы Беларусі, якія насамрэч не мелі б шмат што сказаць, не будуць удзельнічаць у гэтым працэсе, бо адказнасць таксама ўпала б на іх. Але асабіста я з сумам прызнаю, што Вэрсаль быў толькі адзін. Вэрсаль не паўторыцца. Парыжскай Вэрсальскай канферэнцыі не адбудзецца. Толькі можна марыць, хто верыць, хай моліцца, каб у гэтых перамовах, што, імаверна, адбудуцца ў 2025 годзе, і ўжо існуюць падазрэнні, што некаторыя перамовы ўжо вядуцца, каб Украіна і Беларусь былі сумленна ўзятыя пад увагу, каб не было Ялты за іх спінамі.

,,

«Беларусь пры сваіх ахвярах, пры сваім заангажаванні, пры падзеях 2020 года, на якія мы глядзелі з вялікай павагаю, заслугоўвае вольнай дэмакратычнай дзяржавы».


– Сёння апошні дзень 2024 года, і каб не было так занадта песімістычна, усё ж такі Новы год заўсёды асацыюецца ў людзей з надзеяй. Ці ў вас ёсць нейкая надзея, асабліва для нашых гледачоў унутры Беларусі, ці маеце нейкія навагоднія зычэнні?

 

– Мае навагоднія пажаданні такія: выкарыстоўваючы лаціну, CONTRA SPEM SPERO – веру насуперак надзеі, што, нягледзячы на гэтыя сумныя рэчы, пра якія я сказаў, год 2025-ы будзе новым пачаткам для Беларусі.

 

Той, каму было сказана, што пагроза жыццю мінула, мае права казаць рэчы, якія нават супярэчаць халодным навуковым ацэнкам. І гэта мае найлепшыя зычэнні для дэмакратычных сілаў Беларусі, якія цяпер за мяжою, у Польшчы, іншых краінах Еўропы, у Вільні, а таксама для тых тысячаў, якія застаюцца ў Беларусі. Волі і міру. 

 Вітаўт Сіўчык belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10