51-гадовы віцяблянін Мікалай Генераленка, які заяўляў пра пераслед у Беларусі, ледзь не быў высланы са Швейцарыі. Камітэт ААН супраць катаванняў прадухіліў гэта.
Мікалай Генераленка, які родам з Украіны, кажа, што ў 2020 годзе хадзіў на акцыі пратэсту ў Віцебску. Ён выступае супраць расейскай вайны, а ягоны пляменнік служыць у ЗСУ. Віцяблянін расказаў «Позірку», што ў чэрвені да яго прыходзіў супрацоўнік КДБ. Пытаўся пра сястру, якая жыве ў Швейцарыі, украінскіх сваякоў, у тым ліку пляменніка, забраў тэлефон.
У Генераленкі была віза Швейцарыі, праз некалькі дзён ён прыехаў да сястры і на месцы папрасіў прытулку. Ён заявіў, што звяртаўся ў Офіс Святланы Ціханоўскай, але не атрымаў дапамогі. Паводле яго, з ім спынілі камунікацыю, калі ён адмовіўся даслаць копію пашпарту.
17 верасня Дзяржаўны сакратарыят міграцыі федэральнага дэпартаменту юстыцыі і паліцыі Швейцарыі вынес адмоўную пастанову на заяву Генераленкі і загадаў яму пакінуць краіну. Там заявілі: «наўрад ці можна паверыць, што супрацоўнік КДБ павінен быў здаволіцца простаю гутаркаю». Паводзіны беларускіх уладаў у ведамстве палічылі пасіўнымі і «пазбаўленымі ўсялякай логікі», калі зыходзіць з таго, што Генераленка сапраўды пад прыцэлам. Гісторыю Генераленкі чыноўнікі назвалі непраўдападобнаю, а рызыку трапіць пад крымінальны або адміністратыўны пераслед у выпадку вяртання ў Беларусь – неабгрунтаванаю.
Адмова ў прытулку і абавязанне пакінуць краіну Генераленка абскардзіў у Федэральным адміністрацыйным судзе, але той узяў бок чыноўнікаў.
Паводле словаў адваката Вадзіма Драздова, кейс Генераленкі ўскладняўся тым, што ён не меў з сабою ніякіх доказаў сваёй дзейнасці. Ён адзначыў, што ні міграцыйная служба, ні суд не абцяжарваюць сябе аналізам сітуацыі ў Беларусі, не разглядаюць паглыблена рызыкі, не пішуць запыты ў амбасаду Швейцарыі ў Менску.
Адвакат накіраваў скаргу ў Камітэт ААН супраць катаванняў, і той папрасіў швейцарскія ўлады не высылаць Генераленку ў Беларусь, пакуль скарга будзе разглядацца. 11 лістапада Генеральны сакратарыят міграцыі папрасіў прыпыніць працэдуру высылкі беларуса на перыяд разгляду скаргі Камітэтам ААН. Звычайна гэта займае некалькі гадоў.
Апеляцыйны суд у Тбілісі не задаволіў скаргу беларускай сям’і на адмову ў палітычным прытулку і гуманітарным статусе ў Грузіі. Гэта першая вядомая праваабаронцам справа, калі беларусы вычарпалі ўсе магчымыя варыянты абскарджання ў краіне. Паводле праваабаронцы Рамана Кісляка, размова ідзе пра жанчыну, якая перабывае ў Грузіі разам са сваім дзіцём і партнёрам. Іхныя імёны не раскрываюцца з меркаванняў бяспекі.
Таксама Літва адмовіла ва ўцякацтве двум былым сілавікам, якія падтрымалі пратэсты ў Беларусі, бо яны нібыта могуць быць завербаваныя беларускімі спецслужбамі.
Якуб Хруст belsat.eu