Сястра палітзняволенай Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч выступіла ў Еўрапейскім парламенце ў межах Дзён Беларусі ў Бруселі, дзе выказала сваё меркаванне наконт таго, што рабіць, каб вызваленне палітвязняў у Беларусі працягвалася.
Таццяна Хоміч падкрэсліла: дыпламатычныя высілкі і міжнароднае падтрыманне ў пытанні вызвалення палітзняволеных прыносяць вынік. Сястра Калеснікавай мяркуе, што вызваленне 207 палітвязняў у межах 7 этапаў памілавання, што адбыліся сёлета ў Беларусі, – гэта сігнал, на які Еўразвязу трэба адказаць каардынаванымі дзеяннямі, каб працэс працягваўся.
Паводле Хоміч, трэба зрабіць наступнае:
• вітаць кожнае вызваленне як важнае гуманітарнае дасягненне;
• умацаваць дыпламатычныя ўмовы для далейшых вызваленняў і пошуку развязанняў;
• выкарыстоўваць гнуткія і стратэгічныя падыходы, у тым ліку магчымасць аслаблення санкцыяў, калі гэта дапаможа гуманітарным высілкам.
Марыю Калеснікаву затрымалі 7 верасня 2020 года і асудзілі да 11 гадоў калоніі. Ёй былі высунутыя абвінавачанні паводле арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), арт. 357 КК («Змова з мэтаю захапіць уладу неканстытуцыйным шляхам») і арт. 361.1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»). Марыю ўтрымліваюць у папраўчай калоніі № 4 у Гомлі. У лістападзе 2022 года ёй зрабілі аперацыю пасля шпіталізацыі з перытанітам праз прабадную язву.
12 лістапада 2024 года з Марыяй Калеснікавай сустрэўся ейны бацька – дагэтуль палітзняволеную больш за 600 дзён трымалі ў рэжыме інкамунікада.
У Беларусі станам на 12 снежня 2024 года за кратамі застаецца 1281 палітвязень.
Марыя Міхалевіч belsat.eu