навіны

Санкцыі, візы і еўрарамонт Беларусі: што абмяркоўваюць на Днях Беларусі ў Бруселі

img
Лідарка дэмсілаў Беларусі Святлана Ціханоўская ў Бруселі побач з прэзідэнткаю Еўрапейскага парламенту Рабертай Мэтсаля падчас сустрэчы ў межах Дзён Беларусі ў Бруселі. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У Бруселі працягваюцца Дні Беларусі, падчас якіх еўрапейскія палітыкі разам з прадстаўнікамі дэмсілаў абмяркоўваюць актуальныя пытанні для Беларусі – вызваленне палітвязняў, барацьбу з жалезнай заслонаю, візы, законы будучай вольнай Беларусі і іншае. Падрабязнасці «Белсат» спытаў у ўдзельнікаў канферэнцыі наўпрост у Бруселі.

Больш санкцыяў і візаў


Дні Беларусі ў Бруселі – гэта стратэгічнае падтрыманне з боку Еўрапейскага Звязу ў барацьбе за незалежную еўрапейскую дэмакратычную Беларусь, кажа намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце, кіраўнік НАУ Павел Латушка.


Прадстаўнікі дэмсілаў наведваюць сярод іншага пасяджэнні кансультатыўных групаў з прадстаўнікамі ЕЗ.

,,

«Гэта фактычна стратэгічны дыялог паміж Еўрапейскім Звязам і беларускімі дэмакратычнымі інстытутамі і сіламі. Дарэчы, Еўрапейскі Звяз праводзіць такія кансультацыйныя групы толькі з урадавымі структурамі. Гэта сведчанне таго, што нас прызнаюць як партнёраў», – кажа Латушка.


Палітык адзначае, што для яго было важна падкрэсліць адказнасць беларускіх уладаў за злачынствы супраць беларускага народу. А таксама ўпэўніцца, што ЕЗ і ў прыватнасці Еўрапейская служба вонкавых дзеянняў адназначна ацэньваюць тое, як у Беларусі праходзіць выбарчая кампанія.

Святлана Ціханоўская. Фота: eurointegration.com.ua
Святлана Ціханоўская: «Мы сустракаемся з дарадцамі прэзідэнта Зяленскага, гэтага дастаткова» навіны

«Няма ілюзіяў з боку Еўрапейскага Звязу і Еўрапейскай службы вонкавых дзеянняў у дачыненні таго, што адбываецца ў Беларусі, – гэта не выбары, гэта бязвыбары. Мы пачулі таксама моцную пазіцыю, што ЕЗ будзе працягваць санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі. І найбліжэйшым часам чакаем, што будзе чарговы санкцыйны пакет, які датычыць перш за ўсё пярэваратняў у мантыях – суддзяў Лукашэнкі», – сказаў Латушка.


Ён падкрэслівае, што палітыка Еўрапейскага Звязу не зменіцца, пакуль не зменіцца палітыка беларускіх уладаў. Прадстаўнік Офісу і НАУ ўпэўнены, што новыя санкцыі і гарманізацыя санкцыяў з расейкімі неабходныя для перамогі Украіны.


«Але важна ў той жа час, каб гэтая палітыка рэалізоўвалася ў іншым рэчышчы для беларускага грамадства, каб выдавалася больш візаў, каб не закрываліся памежныя пераходы, каб падтрымліваліся грамадзянскія ініцыятывы – культура, адукацыя, стыпендыі», – сказаў Павел Латушка.


Падчас сустрэчаў Павел Латушка папрасіў амбасадараў краінаў ЕЗ і чальцоў камітэту бяспекі і палітыкі Еўрапейскай камісіі падтрымаць справу супраць прадстаўнікоў беларускіх уладаў у Міжнародным крымінальным судзе.


Еўразвяз падтрымае грашыма


На плошчы перад Еўрапарламентам адкрылася выстава «Unbreakable», прысвечаная пяцярым зняволеным праваабаронцам з Беларусі – Алесю Бяляцкаму, Марфе Рабковай, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу, Андрэю Чапюку. Адкрыла яе Святлана Ціханоўская і праваабаронца «Вясны» Марына Кастыленчанка ў суправаджэнні Вольнага хору. Фота: Белсат
На плошчы перад Еўрапарламентам адкрылася выстава «Unbreakable», прысвечаная пяцярым зняволеным праваабаронцам з Беларусі – Алесю Бяляцкаму, Марфе Рабковай, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу, Андрэю Чапюку. Адкрыла яе Святлана Ціханоўская і праваабаронца «Вясны» Марына Кастыленчанка ў суправаджэнні Вольнага хору. Фота: Белсат

Дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі паведаміў, што абмяркоўваліся таксама шляхі вызвалення палітвязняў.


«Вялася гаворка і пра агульнае падтрыманне з боку Еўразвязу, у прыватнасці, павелічэнне мабільнасці, павелічэнне колькасці візаў для беларусаў. Абраная прэзідэнтка адзначыла, наколькі гэта важна, каб Еўрапейскі Звяз, еўрапейскія краіны павялічвалі гэтае падтрыманне, каб жалезная заслона не апускалася на тэрыторыі Беларусі. Каб беларусы маглі вандраваць, прыязджаць у Еўропу і вяртацца ў Беларусь. І казалі, вядома, пра больш шырокае падтрыманне для медыяў, што працуюць надзвычайным чынам, каб асвятляць сітуацыю ў Беларусі, праваабарончых арганізацыяў», – сказаў Кучынскі.


Падчас сустрэчаў 12 снежня сталася вядома, што ЕЗ выдзяляе новы пакет дапамогі дэмсілам у памеры € 30 млн. Гэтыя грошы пойдуць на падтрыманне праваабаронцаў, культуры, медыяў, адукацыі.


Дні Беларусі ў Бруселі азначаюць, што Беларусь будзе зафіксаваная ў парадку дня Еўрапейскага Звязу на некалькі гадоў наперад, падкрэсліў дарадца Ціханоўскай.


Лябедзька ўжо ўзяўся за «еўрарамонт»


Святлана Ціханоўская, ейны дарадца ў пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі і дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька ў Бруселі на сустрэчы з еўрапейскімі палітыкамі. Крыніца: @parlamentbel
Святлана Ціханоўская, ейны дарадца ў пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі і дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька ў Бруселі на сустрэчы з еўрапейскімі палітыкамі. Крыніца: @parlamentbel

Дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька расказаў, што ў Еўрапейскім парламенце прэзентаваныя тры праекты законаў вольнай Беларусі. Ён адзначае, што рыхтаваць іх вельмі важна, бо трэба разумець дакладна, як будзе ўладкаваная краіна.


«Мы шмат гаворым пра еўрапейскі выбар. А што такое еўрапейскі выбар? Адкрываем Капэнгагенскія крытэрыі. Адзін з пунктаў гаворыць: краіна, што хоча быць чальцом Еўрапейскага Звязу, мусіць мець еўрапейскае права. Гэта таксама выклік, бар’ер. У нас на сённяшні дзень няма заканадаўства, што адпавядала б крытэрыям Еўрапейскага Звязу. А мы гэта цяпер робім. Мы развязваем некалькі задачаў, звязаных і з будучыняю, і з сённяшнім днём», – кажа Лябедзька.


Агулам падрыхтаваныя ўжо дзевяць законаў, у тым ліку Канстытуцыя для будучай Беларусі, адзначае ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: euneighbourseast.eu
Дэмсілы прэзентуюць у Еўрапарламенце «пакет законапраектаў для новай Беларусі» навіны

«Тры мы прэзентавалі ў сакавіку на дзень Канстытуцыі ў сейме Літвы. Цяпер мы прэзентуем тры праекты законаў: першы – аб омбудсману, або народным адвакату, другі – аб Нацыянальнай радзе правасуддзя. Гэта новая інстытуцыя, якой няма ў сённяшняй Беларусі, дзе няма і нармальнай незалежнай судовай сістэмы. І трэці законапраект – аб паліцыі, што, думаю, вельмі актуальна», – расказвае палітык.


Ён упэўнены, што цяпер самы час працаваць над законамі, бо акно магчымасцяў будзе адкрытае не больш як год. Часу пісаць законы не будзе, яны мусяць быць гатовыя.


«Мы кажам, што тое, што сёння ёсць у Беларусі – не прыдатнае. А што прыдатнае? І тады пачынаюцца разважанні, што мы хочам добрага, вялікага. І атрымліваецца, што нехта хоча жыць пры добрым капіталізме, а нехта пры камунізме. Гэта мроі нейкія.


Пакуль гэта не напісанае на паперы, вы не маеце адказаў, якая ў вас сістэма адукацыі, якая ахова здароўя, якія падаткі, судовая сістэма. Мы мусім паказаць людзям, што мы рэальна робім еўрарамонт беларускага дому», – працягвае Лябедзька.


Законы распрацаваныя з дапамогаю экспертызы еўрапейскіх краінаў і беларускімі арганізацыямі, што спецыялізуюцца ў адпаведных галінах. Анатоль Лябедзька запрашае ўсіх далучацца да абмеркаванняў законаў, пакідаць прапановы і заўвагі тут.


Дні Беларусі праходзяць з 9 да 13 снежня. З боку Беларусі там больш за сто прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці, незалежных медыяў, праваабарончых арганізацыяў, установаў культуры, дыяспары і міжнародных арганізацыяў.


Дні Беларусі зладзілі Еўрапейская служба замежнапалітычнай дзейнасці і Еўракамісія ў супрацы з Еўрапарламентам, каб «прадэманстраваць салідарнасць Еўразвязу і нязменную прыхільнасць беларускаму народу ў пачатку працы новага еўрапейскага заканадаўчага органу і напярэдадні так званых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 26 студзеня 2025 года».


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10