Цяпер афіцыйна: Гінтаўтас Палуцкас – прэм’ер Літвы. Раней ягоная партыя перамагла на парламенцкіх выбарах, ягоную кандыдатуру на пасаду прэм’ера зацвердзілі Сейм і прэзідэнт. Цягам 15 дзён Палуцкас мае сфармаваць урад.
У кастрычніку ў Літве прайшлі парламенцкія выбары. Ніводная партыя не здабыла абсалютнай бальшыні. Найбольш – 52 крэслы са 141, або 37 % месцаў у Сейме – атрымала Сацыял-дэмакратычная партыя. Кандыдат у прэм’ер-міністры ад гэтай партыі, 45-гадовы Гінтаўтас Палуцкас быў зацверджаны на пасадзе 21 лістапада: спачатку Сеймам Літвы (88 – «за», 34 – «супраць», 6 устрымаліся), потым прэзідэнтам Гітанасам Наўседам.
Палуцкас расказаў 8 лістапада, што дасягнуў прынцыповай дамовы аб кааліцыі з партыямі «У імя Літвы» і «Світанак над Нёманам». Прэзідэнт даручыў яму сфармаваць новы ўрад, абмеркаваў кандыдатуры будучых міністраў. Хто трапіць ва ўрад, яшчэ невядома: Палуцкас назваў толькі частку кандыдатураў, але запэўніў, што нязгоды з боку прэзідэнта не было.
Наўседа раней заяўляў, што не бачыць на пасадзе міністра лідара «Світанку над Нёманам» Рэмігіюса Жамайтайціса: маўляў, з такім міністрам «узнікнуць вялікія праблемы ў рэалізацыі актыўнай і эфектыўнай вонкавай палітыкі». Супраць траплення «Світанку» ва ўладу пратэставалі і літоўцы на вуліцах.
Літва – дзяржава, у якой важныя ролі маюць і прэзідэнт, і парламент, які завецца Сеймам (Seimas). Літва – не прэзідэнцкая дыктатура, як Беларусь, нават не прэзідэнцкая дэмакратыя, як Злучаныя Штаты. Але яна і і не парламенцкая, як Злучанае Каралеўства ці Нямеччына. На «парламенцка-прэзідэнцкім спектры» яна бліжэй да змяшаных паўпрэзідэнцкіх, як Францыя ці Украіна; «больш прэзідэнцкая» за Польшчу. Канстытуцыя Літвы, калі параўноўваць з польскай, дае прэзідэнту больш магчымасцяў кіраваць без узгаднення з прэм’ерам і парламентам.
Згодна Канстытуцыі Літвы, Сейм абмяркоўвае і прымае папраўкі ў Канстытуцыю, выдае законы (якія можа падпісаць ці не падпісаць прэзідэнт), засноўвае дзяржаўныя інстытуты і прызначае іхных кіраўнікоў, ухваляе ці не ўхваляе прапанаванага прэзідэнтам прэм’ера і прапанаваную прэм’ерам праграму ўраду, можа выразіць недавер прэм’еру ці любому міністру, прызначае шматлікіх суддзяў, можа зняць прэзідэнта праз імпічмент і гэтак далей.
«Світанак над Нёманам» – партыя, якая апісвае сябе як левацэнтрысцкую, але іншыя бачаць яе папулісцкай правай ці ультраправай, антысеміцкай. Або нават так: левацэнтрысцкай у сацыяльных пытаннях і правай у нацыянальных. Ейны заснавальнік Рэмігіюс Жамайтайціс быў чальцом правай партыі «Свабода і справядлівасць» (PLT), але ў 2023 годзе быў выключаны за антысеміцкія выказванні, а потым пакінуў Сейм, калі там запусцілі працэдуру ягонага імпічменту. Ён распаўсюджваў фэйкі пра «злачынствы габрэяў» у Другой сусветнай вайне і не збіраўся выбачацца за антысеміцкія выказванні, прызнаваў анексію Расеяй украінскага Крыму і потым блытаўся ў прыналежнасці паўвострава, крытыкаваў неэфектыўнасць санкцыяў адносна Беларусі і выступаў супраць закрыцця пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. А міграацыйны крызіс ён прапанаваў вырашыць так: «Даць мігрантам тэлефоны, даць каардынаты Бундэстагу і выправіць адразу ў Нямеччыну».
За два тыдні да прызначэння прэм’ерам Палуцкас выказваўся ў абарону грамадзянаў Беларусі ў Літве: нагадаў, што Літва сама запрасіла беларусаў – а тыя не стаяць з працягнутай рукой, а дапамагаюць літоўскай эканоміцы расці. Літва, казаў ён, імкнулася стварыць ім дэмакратычныя і бяспечныя ўмовы для жыцця, працы і адкрыцця бізнесу пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка чарговы раз «перамог на выбарах» у Беларусі (Палуцкас адзначыў: «у двукоссі»).
Алесь Наваборскі belsat.eu