навіны

Чаго чакаць беларусам ад перамогі сацыял-дэмакратаў у Літве?

Вілія Блінкявічуце
Лідарка Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі Вілія Блінкявічуце на выбарах. Фота: Lietuvos socialdemokratų partija - LSDP / Facebook
podpis źródła zdjęcia

У нядзелю, 27 кастрычніка, у Літве прайшоў другі тур парламенцкіх выбараў. Па яго выніках перамагла Літоўская сацыял-дэмакратычныя партыя: яна зрабілася самай вялікай фракцыяй у Сейме, атрымаўшы 52 мандаты са 141. Вектар улады зараз зменіцца. Як гэта можа адбіцца на палітычных эмігрантах з Беларусі?

Падтрыманне Украіны працягнецца


Былая міністарка сацыяльнай абароны, дэпутатка Еўрапарламенту, лідарка Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі Вілія Блінкявічуце запэўніла, што вонкавая палітыка Літвы не зменіцца, найперш, у дачыненні Украіны, піша Бі-Бі-Сі.


«Мы будзем падтрымліваць Украіну ўсімі магчымымі спосабамі, і мы будзем дамагацца гэтага падтрымання ад іншых краінаў Еўразвязу, – заявіла лідарка літоўскіх сацыял-дэмакратаў у ноч пасля выбараў. – Мы цудоўна разумеем, што Украіна павінна перамагчы ў гэтай вайне».


Дыялог з Масквой для Блінкявічуце цяпер немагчымы.

,,

«Пакуль пуцінская Расея такая, якая яна ёсць, ні пра якія адносіны не можа быць і гаворкі», – сказала дэпутатка.


Падпаленыя дзверы ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні, 26 кастрычніка. Фота: Цэнтр беларускай супольнасці і культуры / Facebook

Невядомыя падпалілі дзверы Беларускага дому ў Вільні

навіны

Прадстаўнікі трох партыяў, якія будуць фармаваць будучую кааліцыю (сацыял-дэмакраты, левацэнтрысцкая партыя «У імя Літвы», Літоўскі звяз сялянаў і зялёных), лічаць імаверным сцэнар, калі ў выпадку перамогі над Украінай Расея атакуе краіны Балтыі. Таму Літва павялічвае выдаткі на абарону і нацыянальную бяспеку ды працягне гэта рабіць.


Беларусаў будуць правяраць больш грунтоўна


З тэмай нацыянальнай бяспекі ў Літве цесна звязанае пытанне палітычных эмігрантаў з Расеі і Беларусі.


Беларусы ў даволі вялікай колькасці паехалі ў Літву пасля пачатку рэпрэсіяў пасля выбараў у 2020 годзе. Літва ахвотна іх прымала і давала прытулак, што, аднак, змянілася пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Цяпер беларусам у Літве рэгулярна не працягваюць дазволу на жыхарства, часам высылаюць з краіны, невядомыя вандалы атакуюць беларускія арганізацыі, пішуць на сценах у абразлівай форме, каб беларусы вярталіся дамоў.

,,

«У Літве цяпер шмат беларусаў, і не ўсе яны ўцякалі ад рэжыму. Ёсць, напрыклад, вельмі заможныя людзі, якія, хутчэй за ўсё, не знаходзяцца ў вельмі вялікай апазіцыі да рэжыму, бо дзеля таго, каб рабіць бізнес у Беларусі, трэба быць у добрых стасунках з тымі, хто ў гэты момант кіруе краінай», – кажа Аўрэліюс Вярыга з Літоўскага звязу сялянаў і зялёных.


Палітык дадае, што ўпэўнены ў тым, што беларускія спецслужбы дасылаюць у Літву сваіх людзей, і таму літоўцам трэба быць асцярожнымі, улічваючы, што літоўскія спецслужбы, як яны папярэджвалі, не могуць праверыць усіх, хто прыязджае ў краіну.


Вярыга мяркуе, што пэўнае напружанне ў літоўскім грамадстве справакавалі размовы пра тое, што беларуская апазіцыя нібыта патрабуе палітычных правоў у Літве, што беларусы хочуць уплываць на рашэнні парламенту. Паводле палітыка, ніхто не ведае, ці насамрэч хтосьці такое сказаў, ці гэта правакацыі, аднак літоўскае грамадства востра адрэагавала на гэтыя чуткі.


Сацыял-дэмакрат Гінтаўтас Палуцкас думае, што Літва, імаверна, адаптуе досвед Польшчы і пачне больш грунтоўна правяраць беларусаў замест таго, каб адпраўляць іх на радзіму.


«Цяпер мы бачым, што адной з памылак цяперашняга ўраду была спроба змяніць умовы, створаныя для гэтых людзей, калі яны толькі прыехалі. Мы лічым, што такое стаўленне да іх трэба змяняць», – сказаў Палуцкас.


З расейцамі будзе дыялог


Таксама, паводле палітыка, трэба змяняць стаўленне да расейцаў, якія ўцякаюць у Літву:


«Расейцам, якія бягуць ад свайго рэжыму і не жадаюць ваяваць ва Украіне, трэба дазволіць прыехаць у Еўропу. […] У нас таксама ёсць пэўная колькасць прадстаўнікоў расейскай палітычнай апазіцыі. Я лічу, што мы павінны супрацоўнічаць і весці з імі дыялог, бо аднойчы яны вернуцца ў Расею і, магчыма, ачоляць дэмакратычныя рухі і дэмакратычныя змяненні на выбарах».


Але, са словаў Палуцкаса, лепш, калі за развязанне пытання расейскіх палітэмігрантаў возьмецца Еўразвяз, бо доля эмігрантаў у насельніцтве Літвы ўжо дасягнула 7–8 %, і цяпер, паводле палітыка, «некаторыя людзі пачынаюць непакоіцца, ці добра, што ў нашай краіне так шмат замежнікаў».


Святлана Ціханоўская павіншавала літоўскіх сацыял-дэмакратаў з перамогаю


Беларуская лідарка Святлана Ціханоўская разлічвае на супрацу з новай кіроўнай партыяй у Літве. Яна павіншавала Вілію Блінкявічуце з перамогаю Сацыял-дэмакратычнай партыі на выбарах.

,,

«Самыя цёплыя віншаванні Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі і яе лідарцы Віліі Блінкявічуце з высокімі вынікамі на нядзельных выбарах! Літва – сапраўдны сябар і надзейны прытулак для беларусаў у выгнанні. Я з нецярпеннем чакаю працягу нашай цеснай супрацы дзеля свабоды і бяспекі», – напісала Ціханоўская ў Х.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10