Сацыял-дэмакраты дамовіліся між сабою і пастанавілі ўзяць у кааліцыю папулістаў. Лідар апошніх не падабаецца прэзідэнту.
У кастрычніку ў Літве прайшлі парламенцкія выбары. Ніводная партыя не здабыла абсалютнай бальшыні. Найбольш – 52 крэслы са 141, або 37 % месцаў у Сейме – атрымала Сацыял-дэмакратычная партыя. Кандыдат у прэм’ер-міністры ад гэтай партыі Гінтаўтас Палуцкас расказаў, што дасягнуў прынцыповай дамовы аб кааліцыі з партыямі «У імя Літвы» і «Світанак над Нёманам», перадае «LRT».
Сацыял-дэмакратычная партыя (LSDP) – левацэнтрысцкая партыя, што была кіроўнаю ў 2001–2008 і 2012–2016 гадах, а на мінулых выбарах здабыла толькі трэцяе месца з 17 мандатамі.
«У імя Літвы» (DSVL) – партыя, што таксама называюць сацыял-дэмакратычнаю. Гэта левацэнтрысцкая ў эканоміцы і кансерватыўная ў сацыяльных справах, праеўрапейская і даволі «зялёная» партыя. Яе заснаваў былы прэм’ер Літвы (у 2016–2020 гадах) Саўлюс Сквярняліс. Яна адкалолася ад «Сялянаў і Зялёных» (LVŽS), магчыма, перадусім праз асабісты канфлікт Сквярняліса з лідарам партыі.
«Світанак над Нёманам» (NA) – партыя, якая апісвае сябе як левацэнтрысцкую, але іншыя бачаць яе папулісцкай правай ці ультраправай, антысеміцкай. Або нават так: левацэнтрысцкай у сацыяльных пытаннях і правай у нацыянальных. Яе заснавальнік Рэмігіюс Жамайтайціс быў чальцом правай партыі «Свабода і справядлівасць» (PLT), але ў 2023 годзе быў выключаны за антысеміцкія выказванні, а потым пакінуў Сейм, калі там запусцілі працэдуру ягонага імпічменту. Ён распаўсюджваў фэйкі пра «злачынствы габрэяў» у Другой сусветнай вайне і не збіраўся выбачацца за антысеміцкія выказванні, прызнаваў анексію Расеяй украінскага Крыму і потым блытаўся ў прыналежнасці паўвострава, крытыкаваў неэфектыўнасць санкцыяў адносна Беларусі і выступаў супраць закрыцця пунктаў пропуску на беларускай мяжы. А міграцыйны крызіс ён прапанаваў развязаць так: «Даць мігрантам тэлефоны, даць каардынаты Бундэстагу і выправіць адразу ў Нямеччыну».
Палуцкас ранкам 8 лістапада сам ініцыяваў перамовы між лідарамі, піша «LRT», бо ранейшыя перамовы пра фармаванне кааліцыі выклікалі «хаос» – партыя «У імя Літвы» нават дапускала выхад з перамоваў. Але па выніках сустрэчы змеркавалі застацца: лідар «У імя Літвы» Саўлюс Сквярняліс патлумачыў, што кіроўную кааліцыю ўсё ж трэба фармаваць, хоць «няма добрага рашэння, бо галасы настолькі падзяліліся, што дзвюх палітычных партыяў недастаткова для стабільнай, моцнай і адказнай кааліцыі». Пастанову запрасіць у кааліцыю «Світанак над Нёманам» ён патлумачыў жаданнем будучага прэм’ера мець большае падтрыманне ў Сейме, хоць ён перакананы, што лепшаю была б кааліцыя ягонай партыі і Сацыял-дэмакратычнай.
Лідар «Світанку над Нёманам» Жамайтайціс кажа, што крэсла спікера Сейму можа заняць прадстаўніца іхнай партыі, але гэтая прадстаўніца сама сказала, што бачыла Сквярняліса кандыдатам у спікеры. Крыніцы «LRT» сцвярджаюць, што пост спікера Сейму сапраўды дастанецца Сквярнялісу, а «Світанак» прэтэндуе на крэслы міністраў сельскай гаспадаркі, навакольнага асяроддзя і юстыцыі.
Што да лідара «Світанку» Жамайтайціса, прэзідэнт Гітанас Наўседа заявіў, што не бачыць яго міністрам: маўляў, з такім міністрам «узнікнуць вялікія праблемы ў рэалізацыі актыўнай і эфектыўнай вонкавай палітыкі».
Алесь Наваборскі belsat.eu