Затрыманага ў В’етнаме былога ваяра палка імя Кастуся Каліноўскага і дзейнага дэлегата Каардынацыйнай рады Васіля Верамейчыка даставілі ў Беларусь яшчэ тыдзень таму.
Як паведамляе «МотолькоПомоги», Васіля Верамейчыка даставілі ў Беларусь рэйсам «Белавіі» B2978 з Масквы ўвечары 14 лістапада. Гэты самалёт прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» а 23:48. У Беларусь Верамейчыка прывезлі пад канвоем, які складаўся з трох чалавек.
Рэсурс адзначае, што відэа з Верамейчыкам, апублікаванае прапагандыстамі, ёсць інсцэнізацыяй – яно знятае ў іншым самалёце і ў іншы час.
«Блок Пракоп’ева-Ягорава», дэлегатам Каардынацыйнай рады ад якога быў Верамейчык, адзначыў, што той быў затрыманы ў Хашыміне.
,,«Аперацыю арганізаваў КДБ Беларусі, выкарыстаўшы ў якасці фармальнай прычыны затрымання бойку. Што пацвярджаецца і незвычайна хуткай экстрадыцыяй з В’етнаму», – гаворыцца ў заяве.
У сваякоў Верамейчыка прайшлі ператрусы
У блоку заявілі, што даведаліся пра затрыманне 14 лістапада і аператыўна звярнуліся па дапамогу да Міністэрстваў замежных справаў ЗША, Польшчы і Украіны, каб не дапусціць экстрадыцыі ў Беларусь.
«Дзіўна, што практычна ніхто з мясцовых адвакатаў не згаджаўся ўзяцца за гэтую справу. Тыя, хто пагадзіліся, не змаглі атрымаць ніякай інфармацыі ад паліцыі, якая адмаўлялася даваць любыя каментары. Толькі 19 лістапада чалавеку на месцы ўдалося атрымаць ад паліцыі неафіцыйны адказ, што Васіля забралі і дэпартавалі ўжо наступным днём па затрыманні», – гаворыцца ў заяве.
Паводле заявы, інфармацыя пра затрыманне не публікавалася ў медыях на просьбу сваякоў. Пазней стала вядома пра ператрусы, праведзеныя ў іх.
«Мы заклікаем усю дэмакратычную супольнасць, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і кожнага неабыякавага чалавека прыкласці максімум намаганняў, каб перадухіліць пагрозу смяротнага пакарання Васіля Верамейчыка», – адзначылі ў блоку.
Офіс Ціханоўскай выступіў з заявай
У сувязі з экстрадыцыяй у Беларусь Верамейчыка з заявай выступіў Офіс абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай.
«Экстрадыцыя Васіля Верамейчыка – гэта просты вынік рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі, які працягвае пераследаваць апанентаў, выводзячы ўзровень рэпрэсіяў на міжнародны ўзровень. Офіс Святланы Ціханоўскай падкрэслівае неабходнасць узмацнення міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека. Прычым абароны не толькі беларусаў і беларусак, якія ратуюцца ад рэпрэсіяў, але і тых, хто абараняе будучыню Еўропы, змагаючыся на баку Украіны», – гаворыцца ў заяве.
У Офісе заклікалі міжнародную супольнасць змяніць падыходы да разгляду справаў наконт надання міжнароднай абароны, акцэнтуючы ўвагу на індывідуальным аналізе абставінаў кожнага асобнага выпадку; разарваць супрацу з сілавымі структурамі Беларусі і прыпыніць двухбаковыя дамовы з Менскам у справах экстрадыцыі і прававой дапамогі.
Усім беларусам, якія застаюцца за межамі краіны, «настойліва» раяць мінімізаваць рызыку экстрадыцыі, правяраючы з дапамогай рэсурсу pashpart.org краіны, куды небяспечна накіроўвацца беларусам, якія трапілі пад пераслед рэжыму.
Чаму В’етнам?
Васіль Верамейчык быў затрыманы 13 лістапада. Але медыям пра гэта стала вядома толькі 20 лістапада. У той жа дзень лукашэнкаўская прапаганда выпусціла фільм з затрыманым.
Беларусу, які з 2022 года добраахвотнікам абараняў Украіну, забаранілі заставацца ў Еўразвязе, бо Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы – раней ён быў афіцэрам беларускай арміі. Таксама адзначаецца, што на просьбу штабу палка Кастуся Каліноўскага, з якім у Верамейчыка паўстаў канфлікт, Служба бяспекі Украіны закрыла яму заезд ва Украіну.
Са словаў сябра, якія прыводзіць «Zerkalo», Верамейчык пакінуў Літву ў траўні 2023 года, пасля чаго пераехаў у Грузію, а ў студзені 2024 года – у В’етнам. Адзначаецца, што ў кастрычніку ён спрабаваў атрымаць прытулак у Польшчы, для чаго прыляцеў у Варшаву рэйсам са Стамбулу. Але пасля таго, як яму сказалі, што давядзецца каля трох месяцаў правесці ў прытулку для мігрантаў, вылецеў назад.
Сябар адзначае, што Верамейчык лічыў В’етнам дастаткова бяспечным і нават думаў падаваць там заяву на атрыманне статусу ўцекача. Запасным варыянтам была Малдова, куды ён планаваў паляцець у пачатку снежня, бо ў чэрвені 2025-га заканчваецца тэрмін дзеяння ягонага пашпарта.
У Беларусі Вярхоўны Суд прызнаў полк Каліноўскага і яго структуры – батальёны «Волат», «Літвін», «Western», БПЛА імя Мікіты Крыўцова, атрады «Атам», «Танга-Рамэа», мабілізацыйны цэнтр фонду «Беларускі дом у Варшаве» і рух «Каліноўцы» – «тэрарыстычнай арганізацыяй».
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Якуб Хруст belsat.eu