Вярхоўны суд Беларусі прызнаў полк імя Кастуся Каліноўскага разам з яго структурамі «тэрарыстычнай арганізацыяй», паведаміў Аляксандр Карповіч, начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.
Заяву аб прызнанні палка і яго структур: батальёнаў «Волат», «Лiтвiн», Western, «БПЛА імя Мiкiты Крыўцова», атрадаў «АТОМ», «Танга-Рамэа», мабілізацыйнага цэнтру фонду «Беларускі Дом у Варшаве» і руху «Каліноўцы», «тэрарыстычнай арганізацыяй» падаў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед.
У пракуратуры сцвярджаюць, што маюць доказы датычнасці грамадзянаў, «якія ўваходзяць у склад дадзенага фармавання, да арганізацыі, планавання, падрыхтоўкі і здзяйснення актаў тэрарызму на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
Паводле пракуратуры, удзельнікі палка Каліноўскага «ажыццяўлялі вярбоўку, узбраенне, навучанне і выкарыстанне тэрарыстаў, а таксама фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці».
,,«У выніку на тэрыторыі краіны здзейсненыя акты тэрарызму і іншыя злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці», - сказаў Аляксандр Карповіч.
Шэраг падобных злачынстваў перадухілі беларускія праваахоўныя орагны, сцвярджаюць у пракуратуры.
,,«Любы ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі ці спрыянне яе дзейнасці пацягне наступленне крымінальнай адказнасці», - папярэджвае генеральная пракуратура.
Раней полк Каліноўскага быў прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем».
Марыя Міхалевіч belsat.eu