Нацбанк паведаміў, што адбываецца з грашыма ў эканоміцы: более наяўных і грошай на картках, растуць рублёвыя дэпазіты, а вось валюту беларусы працягваюць выносіць з банкаў. «Белсат» папрасіў эканамістку Настассю Лузгіну растлумачыць гэтыя тэндэнцыі.
Ад пачатку года гатоўкі паболела на 21 %, цяпер наяўных у абарачэнні Br 11,5 млрд. Для параўнання: гэта крыху болей, чымся выдаткі сёлетняга бюджэту Беларусі на абарону, сілавікоў і сацыяльную палітыку.
Што праўда, як сведчыць статыстыка Нацбанку, аб’ём гатоўкі ў гэтым годзе расце павольней, чымся летась: у студзені – лістападзе 2023 года было плюс 30,8 %.
На пераводных дэпазітах (так у справаздачы рэгулятара называюцца бягучыя рахункі, груба кажучы, грошы на картках) цяпер Br 10,4 млрд, павелічэнне з пачатку года – 4,5 %. У студзені – лістападзе летась тэмпы росту былі шпарчэйшымі: 18,5 %.
Акрамя таго, да $ 1,8 млрд выраслі пераводныя дэпазіты ў валюце (плюс 11,5 % з пачатку года), хаця за такі ж час летась паказнік павялічыўся на 28 %.
Усё гэта так званыя хуткія грошы, з якімі ў адзін момант можна прыбегчы ў краму ці абменнік. У тым, што іх можна вокамгненна выдаткаваць, акурат і крыецца небяспека: падчас гіпатэтычнага крызісу гэта можа падліць алею ў агонь інфляцыі і дэвальвацыі.
У звычайных тэрміновых дэпазітах шматмесячныя тэндэнцыі не мяняюцца: рублёвыя растуць (з пачатку года – плюс 29 %), валютныя – скарачаюцца (мінус 15 %). Прычым летась беларусы неслі грошы ў банкі не так актыўна, тады рост быў 19 %.
Паводле звестак на 1 лістапада, фізічныя асобы трымаюць на дэпазітах Br 10,4 млрд і $ 2,5 млрд.
Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» растлумачыла грашовыя тэндэнцыі тым, што прыбыткі беларусаў растуць, грошы трэба некуды дзяваць, а варыянтаў, куды іх укласці, небагата. Пагатоў стаўкі валютных дэпазітаў не дазваляюць не тое, што зарабіць, а нават кампенсаваць інфляцыю:
,,«Паколькі скарачаюцца дэпазіты ў валюце, нешта абменьваецца на рублі. Частка гэтых грошай выходзіць на рынак, людзі ж выдаткоўваюць. Плюс у Беларусі захоўваецца высокі рост прыбыткаў, таму трэба ж некуды ўкладацца, вось людзі ўкладаюцца ў дэпазіты, таму што рынак – куды яшчэ інвеставаць у Беларусі – вельмі абмежаваны».
«Гэта можа адлюстроўваць сітуацыю з гандлёвым балансам, у таварах сёлета мінус большы, чымся летась, і гэта можа быць акурат звязанае з тым, што прадпрыемствы з’яўляюцца чыстымі пакупнікамі валюты», – сказала Лузгіна.
Што датычыць агульнага паказніка шырокай грашовай масы (улічвае і гатоўку ў абарачэнні, і грошы грамадзянаў ды прадпрыемстваў на рахунках, і дэпазіты, і каштоўныя паперы), то з пачатку года ён павялічыўся на 8 % амаль да Br 82 млрд. У студзені – лістападзе летась рост склаў 15 %. Такім чынам, абвінавачваць Нацбанк у друкаванні пустых грошай не выпадае, бо ў такім выпадку грашовая маса расла б істотна шпарчэй. Цяпер жа, пакуль «пухне» ВУП, больш грошай патрабуецца толькі для таго, каб абслугоўваць эканоміку.
Сцяпан Кубік belsat.eu